20 чэрвеня АСВОД, РАУС і РАНС Вілейшчыны праводзілі рэйд па кемпінгах Вілейскага вадасховішча. У нейкі момант убачылі дваіх дзяцей ў цэнтры вадасховішча на надзіманым матрацы, піша «Рэгіянальная газета».

— Паспрабавалі знайсці бацькоў, потым паехалі на сваёй лодцы да дзяцей. Іх ужо цягнуў да берага рыбак, прымацаваўшы матрац з дзецьмі да лодкі. Дзеці былі без камізэлек, рыбак таксама. Мы забралі дзяцей на сваю лодку, адвезлі іх на бераг і перадалі бацькам, — расказала старшыня Вілейскай раённай арганізацыі АСВОД Алена Граковіч. 

Як высветлілася, 14-гадовыя хлопчыкі прыехалі з Мінска з бацькамі адпачываць на кемпінг. Пасля вырашылі паплаваць на матрацы. У выніку цячэнне панесла іх да супрацьлеглага берага. З бацькамі ратавальнікі правялі прафілактычную гутарку.

Алена Граковіч адзначыла, што матрац не з’яўляецца сродкам для плавання. На ім можна загараць на беразе або каля самага берага.

— У гэтыя выхадныя вадасховішча было проста ўсыпанае матрацамі, — адзначае Алена Граковіч. — Канечне, калі на іх адпачываюць на беразе ці каля яго, мы асабліва заўваг не робім. Калі ж бачым парушэнне, абавязкова папярэджваем, праводзім гутарку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0