Фота са старонкі фестывалю ў фэйсбуку.

Міжнародны open-air фестываль нямога кіно і сучаснай музыкі праходзіць ужо дзявяты раз. Альбо восьмы з паловай: летась праз каранавірус і складаную сітуацыю на жнівеньскіх вуліцах «Кінемо» зладзіла толькі два сеансы, а паказы ў Гродне перанесла цалкам.

Некалькі праграм з мінулай эдыцыі перайшлі ў сёлетнюю, і ў падборцы аказаліся камедыя, «вулічны фільм», авангард, нямецкі экспрэсіянізм і паказ кароткаметражак. Усё гэта суправаджаецца жывым выкананнем адмыслова напісанай музыкі — у фестывалю нават маецца свой музыкальны касцяк, хаця кола кампазітараў і выканаўцаў, паводле арганізатараў, увесь час пашыраецца. Такім чынам, кожны з пяці паказаў — унікальны.

«Кінемо» пачалося з камедыі «Сем шансаў» аднаго з трох вялікіх комікаў амерыканскага кіно Бастара Кітана. «Яшчэ дзесяць гадоў таму гледачы ведалі толькі Чапліна. Але за час існавання фестывалю мы прывучылі публіку да таго, што ёсць і Бастар Кітан, і Гаральд Лойд. Думаю, пра шмат іншых цудоўных комікаў людзі яшчэ даведаюцца», — кажа праграмны каардынатар Гера Глік.

На фестываль трапіў авангардны фільм Рэнэ Клера «Парыж заснуў», па сюжэце якога чалавек прачынаецца, выходзіць у горад і знаходзіць яго пустым. Як кажуць арганізатары, фільм пераклікаецца з нашай рэчаіснасцю падчас эпідэміялагічных абмежаванняў. Музыку напісаў Віталь Эпаў, а выконвацца яна будзе саксафонам, фартэпіяна і тэрменвоксам.

Фота са старонкі фестывалю ў Фэйсбуку.

Стужка Клера таксама ёсць у падборцы кароткаметражак, а гэты паказ «агучваецца» пераможцамі спецыяльнага конкурсу сярод студэнтаў-кампазітараў з Беларусі і Польшчы. Польскія ўдзельнікі, на жаль, не змогуць прыехаць на паказ.

Знакамітая класіка ўвасобіцца ў «Кабінеце доктара Калігары» Роберта Вінэ. Летась фільму споўнілася сто гадоў, музыкальнае суправаджэнне да яго напісала Вольга Падгайская. Яшчэ адна нямецкая карціна праграмы будзе паказана акурат у гэты чацвер — «Асфальт» Джо Мэя.

«Кінемо» ў Гродне, перанесенае з мінулага года, у выніку не адбудзецца: «Мы ўжо рыхтавалі афішу, калі гарадзенская пляцоўка сказала, што не мае магчымасці нас прыняць. Тады мы вырашылі памяняць лакацыю, ідуць перамовы, магчыма, паказы адбудуцца ў іншым горадзе».

Фестываль у Мінску працягнецца да 15 ліпеня. Арганізатары раяць браць з сабой цёплае адзенне, дыванкі, пледы і парасоны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0