Фота heraldscotland.com.

22 чэрвеня шатландская футбольная каманда далучылася да шэрагу іншых каманд, якія паехалі дахаты пасля групавога этапу чэмпіянату Еўропы. Але ж гэтым гульцам наўрад ці сорамна за свае вынікі: яны адпавядаюць цяперашняму становішчу шатландскага футбола. Каманда, апроч іншага, здолела вырваць на турніры нічыю ў сваіх заклятых супернікаў англічан.

У апошняй гульні на турніры, са славутай харвацкай зборнай, шатландцы забілі свой першы і адзіны гол на гэтым Еўра. Так выйшла, што яны чакалі гэтага мяча 25 гадоў — з 1996 года, калі шатландская зборная апошні раз выступала на чэмпіянаце Еўропы. Пазнейшыя спробы трапіць на турнір былі беспаспяховыя: зборная ў самы апошні момант прайгравала барацьбу за месца на Еўра.

Таму ўчарашні гол тым больш каштоўны.

Усе галы гульні паміж Шатландыяй і Харватыяй. Гол Макгрэгара на 5.17.

Яго аўтарам стаў Калум Макгрэгар, паўабаронца, які гуляе за клуб «Сэльцік» з Глазга. Сам Макгрэгар таксама родам з Глазга, найвялікшага шатландскага горада, дзе існуе дзве вялікія каманды — «Рэйнджэрс» і той самы «Сэльцік». Цікава, што суперніцтва двух клубаў, па некаторых даных, мае больш за 130 гадоў гісторыі, адпаведна, і адносіны паміж фанатамі клубаў вельмі складаныя. У дні матчаў клубаў паліцыя горада пераходзіць на ўзмоцнены варыянт нясення службы, а сутыкненні паміж фанатамі часам заканчваюцца лятальнымі вынікамі.

Так ці інакш, Макгрэгар яшчэ ў дзяцінстве выбраў для сябе «Сэльцік» і дагэтуль застаецца верным гэтаму клубу. Ён і раней забіваў важныя галы — напрыклад, гол у гульні супраць нямецкай «Баварыі» ў Лізе чэмпіёнаў у кастрычніку 2017 года або пераможны гол у матчы Лігі Еўропы супраць расійскага «Зеніта» ў лютым 2018 года. Макгрэгар гуляе за дарослую зборную Шатландыі з 2017-га, разам з клубам ён шэсць разоў выйграваў чэмпіянат краіны і зараз лічыцца адным з найважнейшых гульцоў «Сэльціка».

Аднак і ў гэтай зоркі былі свае дрэнныя часы. У 2016 годзе Макгрэгар быў пазбаўлены на год правоў на ваджэнне аўтамабіля пасля таго, як яго злавілі за стырном у стане алкагольнага ап’янення. У Шатландыі адзін з маркераў перавышэння алкаголю для кіроўцаў — выяўленне больш чым 22 мікраграмаў алкаголю на 100 мілілітраў выдыханага паветра. У выпадку з Макгрэгарам гэтая лічба склала 78 мікраграмаў, пры гэтым за нейкі час да таго гульца ўжо пазбаўлялі правоў на чатыры месяцы за перавышэнне хуткасці.

Фота sportsmole.co.uk.

Калум баяўся, што гісторыя з ваджэннем у стане ап’янення, якая атрымала шмат увагі ад брытанскіх таблоідаў, можа дрэнна паўплываць на яго кар’еру ў «Сэльціку». Але, як ён казаў у інтэрв’ю, ён паспрабаваў сканцэнтравацца на сваёй працы і гульні ў футбол — і гэта прынесла карысць. Калум успрыняў скандал вакол сябе як памылку, якая шмат чаму яго навучыла.

Зараз Макгрэгара, хутчэй, лічаць важным гульцом як для «Сэльціка», так і для зборнай. Аднаклубнікі, трэнеры і фанаты паважаюць Калума за выбітныя гульнявыя якасці і пра выпадак з ваджэннем у стане ап’янення ўжо ніхто і не ўспамінае. Але ў Шатландыі ўсё роўна існуе меркаванне, што Макгрэгара як гульца недаацэньваюць.

Напэўна, пасля гола ў вароты Харватыі ўсё зменіцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?