Пра сваю вандроўку ў Калінінградзкую вобласьць піша студэнт з Салігорску, які зараз навучаецца ў Польшчы.

Часам зьбег акалічнасьцяў ставіць нас у вельмі казытлівыя сытуацыі. Канешне існуе і прыемны зьбег акалічнасьцяў. Аднак ў маёй гісторыі гаворка пойдзе пра зусім непрыемныя, а месцамі нават небясьпечныя абставіны. Але аб усім па парадку…

Так сталася, што я вучуся на факультэце геаграфіі. Таму штогод мы выяжджаем на практыку. У гэтым годзе наша група дзесяць дзён вандравала вакол Польшчы. Адзін з гэтых дзён скончыўся ў польскім мястэчку пры расейскай мяжы. Нядаўна я атрымаў у падарунак ад дзядзькі пэўную колькасьць расейскіх рублёў.

Вось і вырашыў я скарыстацца магчымасьцю паехаць у РФ і абмяняць «драўляныя» на больш стабільную валюту. У запасе ў мяне было паўдні і ноч, каб пасьпець аўтаспынам зьезьдзіць у Расею і вярнуцца на практыку ў Польшчу.

Аўтаспын, на дзіва, быў вельмі простым і вось другое спыненае аўто ўжо вязе мяне ў кірунку польска‑расейскай мяжы — жалезнай завесы, так бы мовіць. Кіроўца таксама ехаў у Расею, таму пакінуў Польшчу я ўсяго за пяць хвілінаў.

Калінінградзкая вобласьць — гэта вайсковая акруга. Таму пашпарты на мяжы правяраюць не памежнікі, а «фээсбэшнікі».

Тут трэба адзначыць, што падарожнічаю я шмат , таму пашпарт мой троху патрапаўся, тым больш, што атрымоўваў яго больш за сем гадоў таму. Як вынік — мяне завялі ў будынак прапускнога пункту ў кабінэт да галоўнага «фээсбэшніка». Успрынялі мяне як злоснага парушальніка «сьвятой» мяжы і тут жа сходу пачалі «калоць»: — Адкуль, — маўляў, — фальшывы пашпарт? — Хто накіраваў у РФ? — Зь якой мэтай уяжджаеш? і г.д. Хутка ад пытаньняў агульных «начальнік» перайшоў да спраўджваньня майго веданьня зьместу «фальшывага» пашпарту: — Дзе нарадзіўся? — Дзе і калі вучыўся? — Дзе быў прапісаны? Потым мяне тройчы папрасілі падпісацца. І свае аўтографы я б раздаваў, пэўна, яшчэ ня раз. Пакуль сам не зазначыў, што ўсё ж за сем гадоў подпіс, як і сам чалавек, зьмяняецца. Згадзіўшыся, «галоўны» мяне адпусьціў.

Выйшаўшы на вуліцу, я наіўна меркаваў, што прыгоды сконьчыліся і я спакойна паеду далей. Ведаў бы я тады, наколькі памыляўся! Наступнай да мяне падышла мытніца і сказала запоўніць дэклярацыю. У дзьвюх экзэмплярах. Гэта пры тым, што з сабою ў мяне быў толькі маленькі пусты заплечнік і фотаздымач. Пасьля мяне й машыну, у якой ехаў, абнюхаў спэцыяльны сабака. І канешне ж, я прайшоў дагляд асабістых рэчаў. Уезд у Расійскую Фэдэрацыю заняў паўтары гадзіны.

І вось я на «рускай зямельцы».

Надпіс пры ўезьдзе Welcome to Russia! выглядаў зласьліва.
Пошукі абменьніка і паход у краму занялі ў мяне калі паўгадзіны. Шчасьлівы, упэўненай хадою крочу ў адваротным кірунку — зноў празь мяжу, але зь лёгкім сэрцам: пускаць не хацелі, дык, пэўна, задаволеныя будуць выпусьціць, думаў сабе. На падыходзе да шлягбауму нейкія людзі ў камуфляжы запыталіся, хто я такі і куды крочу. Не пасьпеў сказаць, што я беларус, як мае рукі ўжо былі скручаныя за сьпінаю, мяне самога прывалаклі ў нейкую будку, кінулі на фатэль і пачалі агрэсіўна дапытваць: «Прызнавайся, дзе падзельнік твой!», — кажуць. Выклікалі нарад, каб мяне забралі. Бачна было, як яны ўжо мроілі новыя зорачкі на пагонах, ручкі паціралі на прэмію за «асабліва небясьпечнага злачынцу». Аказалася, што яны паблыталі мяне зь адным з дзьвюх цыганоў з беларускімі пашпартамі, на якіх прыйшла разнарадка. А мужыкі, што мяне «завіньцілі» — гэта дружыньнікі. І калі высьветлілася, што я ў Эўразьвяз еду цалкам легальна, чутны быў плач іх прэміі і новых зорачак. Аднак у рамках прабачэньня, дружыньнікі зрабілі мне каву, папіваючы якую, мы вялі светскую размову пра падарожжы. Спакой парушыў дабіты «уазік», на якім пад’ехаў нарад з фээсбэшніка і жаўнера‑кантрактніка. І забралі яны мяне назад у гарадок, з сапраўднай рускай назвай Мамонава, зь якога я, уласна, і вяртаўся.

У мясцовай камэндатуры мяне завялі ў пакой філіі ФСБ, які быў наўпрост ілюстрацыяй да савецкіх фільмаў пра чэкістаў: скрыпучы фатэль, абшарпаны стол, партрэт жалезнага Фэлікса над ім і ганаровыя граматы на імя маёра Чарнышова. Там мяне дапытвалі цягам наступнай гадзіны. Маёр распытваў, а жаўнерык спраўна складаў пратаколы, якіх у выніку аказалася ажно пяць! Як аказалася, я ўсё ж такі быў парушальнікам: знаходзіўся ў памежнай зоне без спэцпропуску. І маёр наадрэз адмаўляўся верыць у тое, што я прыехаў толькі абмяняць грошы ды ў краму схадзіць. Па правілах мяне трэба было абшукаць. І трэба было бачыць твары маёра і жаўнера, калі я пачаў выкладаць на стол зьмест заплечніка: «палтарашка» піва, «кірыешкі», хлеб ды маянэз.

Пасьля мне сказалі, што я павінен заплаціць штраф сто рублёў (прыкладна 3 даляры). І ўсё б нічога, але грошай расейскіх у мяне ўжо не засталося. І ўжо яскрава вымалёўвалася пэрспэктыва сядзець у камэндатуры да наступнае раніцы — пакуль не адчыняцца абменьнікі. Але тут на маё шчасьце ў таварыша маёра прачнуўся дух саюзніцтва:

«Ты ж беларус, ад бацькі Лукашэнкі, а не хахол нейкі! Вы ж саюзьнікі нашы!», — з гонарам сказаў маёр Чарнышоў.

І ў парыве гэтага саюзьніцтва мяне адвезлі назад да шлягбаума і нават пасадзілі ў машыну да паляка. І я ўжо грэшнай справаю падумаў, што мае прыгоды скончыліся… Але пераход расейскай мяжы толькі да польскага боку заняў нам шэсьць гадзінаў, з чаго чатыры з паловай мы правялі ў чарзе. За гэты час у майго кіроўцы пасьпела скончыцца віза. Таму суровая жанчына на праверцы пашпартоў выклікала свайго фээсбэшнага начальніка. І аргумэнты наконт таго, што тэрмін візы скончыўся ў іх жа ж чарзе, не прымаліся. Таму беднаму паляку далі штраф — трыста рублёў (каля 10 даляраў). Але аказалася, што ў кіроўцы няма ані рускіх, ані польскіх, ані іншых грошай. Прыйшлося дапамагчы: аддаў за яго 10 эўра.

Наступным правяралі мой пашпарт. І, немагчыма паверыць, але яго ізноў прынялі за падроблены! І тое, што яго ўжо правяралі сёньня некалькі разоў і пячатка ўезду ў ім была, нікога не хвалявала. Таму тая ж самая суровая жанчына з кантролю панесла мой пашпарт у будынак пункту пропуску. На шчасьце, гэтым разам мае дакумэнты правяралі ўсяго хвілінаў 15. пасьля чаго жанчына яхідна пажадала мне шчасьлівай дарогі і мы ўрэшце ўехалі ў Эўропу.

Аляксандр Рыгоравіч, saligorsk.org