Орша—Ляўкі—Копысь—Александрыя: маршрут, на якім можна пабачыць выдатныя помнікі архітэктуры і сведкаў гісторыі.

Агляд Оршы трэба пачынаць з Замчышча. Цяпер на ім ёсць адмысловая пляцоўка з памятным знакам, адкуль раскрываюцца самыя цікавыя віды на горад. Шэсць гадоў таму проста ў гародах пад гарой ў 2‑м Замкавым завулку былі, нарэшце, знойдзеныя магутныя падмуркі з валуноў першага тутэйшага замка. Знойдзеныя былі ў тых замкавых мурах кераміка, кулі, стрэлы і жалезнае ядро. Магутны быў замак: досыць ускараскацца на стромы вал і агледзецца.

А яшчэ на Оршу файна глядзець з Дняпра, з чаўна: упартая плынь, старыя дамы, чароды агародаў, манастырскія муры Куцейны, суток з Аршыцаю… Гледзячы на крутыя дняпроўскія берагі, разумееш дух гэтага месца, што паўстала на ўрадлівай зямлі на скрыжаванні старых гандлёвых дарог. Адсюль паходзяць старадаўняе «Аршанскае Евангелле» і ўнікальны «Аршанскі кодэкс».

Тут дзеялі дзесяткі велічных праваслаўных і каталіцкіх храмаў, кляштары бернардзінцаў, францішканаў, кармелітаў, дамініканаў, бенедыктынцаў, брыгітак, марыявітак, трынітараў, базыльянаў. Але несупынныя войны з Масквою перыядычна зводзілі амаль на нішто даробак аршанцаў. З 5 тыс. жыхароў Оршы ў 1772 г. засталося ўсяго 793 чалавекі…

Дзіўна бачыць у сучасным горадзе сведчанні сівое мінуўшчыны: шыкоўны кляштар дамініканаў з касцёлам Язэпа, два манастыры на Куцейне, узноўленыя ў апошнія гады, самы стары кляштар бернардзінцаў у стылі барока, дзе цяпер бальніца, але надзіва ў добрым стане, дзе ў калідорах можна ўбачыць крыжовыя скляпенні ды мудрагелістых абрысаў атворы арак на лесвіцах. Яшчэ цэлыя кляштар францішканаў, вялікі базыльянскі манастыр… Зіхціць залаты купал адноўленага езуіцкага калегіуму…

Пад вокнамі дома, дзе колісь жыў Уладзімір Караткевіч, стаіць цяпер бронзавы «Нулявы кіламетр», які ўпрыгожыў старадаўні магдэбургскі герб Оршы… У доме, дзе некалі быў раддом, цяпер музей Караткевіча, а недалёка і сімпатычны Прыдняпроўскі парк, а за ім ізноў суплёт старых вуліц, што то ўздымаюцца, то спускаюцца да вады…

Смаляны

Орша пасля «Дажынак» выглядае фарсіста, а вось большасць вёсак закінутыя. У Смалянах стаіць занядбаная царква Святога Аляксея і вялізарны, велічны нават у сваім занядбанні касцёл дамі¬ніканцаў. На ўскрайку мястэчка віднеецца аскабалак шыкоўнага ў свой час замка Сангушкаў. Замак атрымаў назву Белы Ковель у гонар княскага котлішча Сангушкаў ва Украіне. Рэнесансавая ляпніна вакол колішніх комінаў засталася напамінам пра лепшыя часы. Белы замак разбурылі яшчэ трыста гадоў таму, у час Паўночнай вайны, і ў XIX стагоддзі канчаткова прадалі на цэглу. Ад тае пары смалянскі замак застаўся самай велічнай ва Усходняй Беларусі рамантычнай руінай. Над панарамай Смалянаў цяпер пануе вялікі драўляны Спасаўскі храм. Гэта ўнікальная царква ў духу барока: яе купал трымаюць вялізарныя драўляныя калоны, вычасаныя з цэльных сасновых камлёў. А літаральна пару гадоў таму ў сутарэннях, пад драўляным храмам, быў знойдзены падземны, мураваны храм, які цяпер аднаўляюць. Яго катакомбная простасць і дзіўны светлавы эфект, які ствараюць акенцы, робяць моцнае ўражанне. Як і старыя абразы, якія тут ацалелі. На смалянскіх каталіцкіх могілках захавалася магіла Тамаша Зана, прыяцеля Міцкевіча, слыннага рамантыка пачатку ХІХ стагоддзя.

Ляўкі

Па дарозе з Оршы ў Копысь варта наведацца ў Ляўкі. Тут меў дачу Янка Купала. Ён атрымаў гэтую леснічоўку ў 1935 г. ад урада БССР. Сам Купала запраектаваў хату, пабудаваную на беразе Дняпра. З акон дачы раскрываюцца такія далягляды, што аж дух займае. Супрацоўніцы апавядаюць: у музеі стаіць стары чорны «Шэўрале» паэта, а выдатны помнік Купалу быў створаны Анатолем Анікейчыкам ў бясконца, здаецца, далёкія ўжо 1970‑я… Дняпро тут чысты. Хто не акунаўся ў халодныя Дняпровыя воды тут — не бываў, лічы, у Ляўках…

Копысь

А вось і летапісная Копысь, якая стала вядомай на ўвесь свет нечакана. Як і нечакана ў нашым свеце шмат чаго робіцца. Тут нарадзіўся Лукашэнка. Дзякуючы гэтай акалічнасці, дарога ад Оршы сюды — проста ручнічок. Копысь стала відным турыстычным цэнтрам Беларусі!

Тут нарадзіўся Лукашэнка. Дзякуючы гэтай акалічнасці, дарога ад Оршы сюды — проста ручнічок. Копысь стала відным турыстычным цэнтрам Беларусі!

Першы горад тут паўстаў яшчэ ў Сярэднявеччы. Радзівілаўская Копысь была буйным цэнтрам Рэфармацыі, мела вялікі кальвінскі збор і бібліятэку. Найбольшая памятка ў мястэчку — велізарнае гарадзішча.

Пацікаўцеся чорнымі зайцамі, што некалі вадзіліся тут у мностве і нават патрапілі на гарадскі герб.

Пацікаўцеся і тутэйшай керамікай. Капыскія майстры робяць выдатныя збаны і гладышы — добры ўспамін пра край над Дняпром.

Александрыя

З копыскага замчышча адкрываецца від на задняпроўе, на вёску Александрыя. Там, на выселках, рос Лукашэнка. Адвеку паселішчы злучаў паром, але нядаўна на прэзідэнцкую радзіму паставілі мост. А месца, дзе стаяла хата Лукашэнкаў, адзначылі альтанкай.

Александрыя выглядае сёння як нямецкі бург, перанесены за тысячу кіламетраў на ўсход. А можа як пацёмкінская вёска, якія акурат уздоўж Дняпра ставіў калісьці святлейшы князь? Скончыце сваё падарожжа павучальным наведваннем гэтага мілага астраўка шчаслівае будучыні.

Сяргей Харэўскі

Орша

вялікі горад з вялікай гісторыяй. Аршанскі замак збудаваў Вітаўт. У яго пакоях бяседаваў Канстанцін Астрожскі, святкуючы вялікую перамогу 1514 года. Аршанец Андрэй Кабыла, баярын аршанскі, у ХІV ст., паехаўшы на службу ў Маскву, даў свае гены царскай дынастыi Раманавых.

З Оршы пісаў свае «Лісты» Філон Кміта‑Чарнобыльскі — стараста Аршанскі і ваявода Смаленскі. Пасля Кміты пасаду аршанскага старасты доўгі час займалі Сапегі. Адсюль рушыў Аршанскі харунжы, легендарны герой Самуэль Кміціч, правобраз Анджэя Кміціца ў рамане Сянкевіча «Патоп».

У 1630—1650‑я у Оршы пры Куцеінскім Богаяўленскім манастыры працаваў геніяльны друкар Спірыдон Собаль. Собаль выдаў у Оршы першы беларускі «Буквар», сам прыдумаўшы гэтае слова, вядомае цяпер усім усходнім славянам з маленства.

А ў 1812‑м інтэндантам Оршы імператар Напалеон прызначыў Анры Мары Бэйля, вядомага ў свеце як Стэндаль, класіка еўрапейскае літаратуры, які знайшоў тут і сваё каханне.

У 1813‑м сюды прыехаў геніяльны Іван Насовіч, выбітны лексікограф, стваральнік першага класічнага «Слоўніка беларускай мовы». Тут ён працаваў настаўнікам і інспектарам Аршанскага духоўнага вучылішча. На жаль, ніводнаму з сузор’я гэтых зорных постацяў у Оршы помнікаў пакуль няма. Толькі Собалю ёсць прыгожая шыльда на адрэстаўраванай царкве ў Куцеінскім манастыры. Затое ў Оршы ёсць помнікі Леніну і Гуліверу з карузлікам.

Ёсць у Оршы і помнік Караткевічу. Апроч Караткевіча, адсюль родам мастак Мікола Купава, лідэр Хрысціянскай дэмакратыі Павал Севярынец і, з другога боку, колішні старшыня КДБ, Леанід Ерын. Каму паставяць помнікі нашчадкі?

Глядзі ранейшае:
Сінія цэрквы: Здзітава - Жабінка - Збірагі
Слонім і Жыровічы
Ваўкавыская готыка
Нараўляншчына, адкуль вяртаешся з верай
Над ракой Арэсай
Котра. Рака і пушча
Край белай птушкі. Асвейшчына
Мазырскае барока
Балдук mon amour
Край за небакраем, або Беларуская Прусія
Мяжа між Усходам і Захадам