72-гадовы брытанец Дэйв Сміт з горада Брысталь захварэў на кавід падчас першай хвалі пандэміі, яшчэ ў 2020 годзе. У большасці людзей гэты вірус знікае з цела на працягу некалькіх тыдняў пасля заражэння, але Сміт — выключэнне.

На працягу 290 дзён, або амаль што дзесяці месяцаў, у арганізме мужчыны быў прысутны вірус кавіду. На сёння гэта самы доўгі вядомы выпадак кавіду, піша Guardian.

За час хваробы Сміту 42 разы рабілі ПЛР-тэсты, сем разоў мужчыну шпіталізавалі. Ён распавядае, што часам яго стан быў настолькі дрэнны, што жонка пяць разоў пачынала рыхтаваць яго пахаванне. Два-тры месяцы мужчына быў прыкаваны да ложка, аднойчы ён нават звязваўся па Skype з роднымі з Новай Зеландыі, каб развітацца з імі. Часам медыкі выказвалі здагадку, што Сміт мае паўторны кавід або што тэсты рэагуюць станоўча на нейкія рэшткі віруса ў яго арганізме. Але праз даследаванні генетыкаў стала вядома, што ўвесь гэты час у целе брытанца была адна і тая ж інфекцыя.

Дэйва Сміта нарэшце здолелі вылечыць пры дапамозе кактэйлю з антыцел, распрацаванага фармацэўтамі кампаніі Regeneron — такі ж прэпарат атрымліваў Дональд Трамп. Брытанцу перадалі лекі па так званай праграме прымянення лекаў з меркаванняў гуманнасці. Па яе ўмовах, часам пацыентам даюць доступ да лекаў, прымяненне якіх пакуль што афіцыйна не дазволена, але для гэтага пацыенту не павінны прынесці палёгкі дазволеныя лекі.

Інфекцыяніст Эд Моран з Брысталя тлумачыць, што такіх пацыентаў не вельмі шмат, іх колькасць складае некалькі чалавек на шпіталь. Некаторыя з іх гінуць ад хваробы, але для часткі такіх пацыентаў кавід ператвараецца ў зацяжную хваробу з перыядамі абвастрэння і палёгкі. У крыві большасці людзей з зацяжной інфекцыяй нізкі ўзровень антыцел, што нейтралізуюць вірус кавіду. Медыкі звязваюць гэта або з нядаўна перанесеным курсам лячэння супраць раку крыві, або з унаследаванымі праблемамі ў вытворчасці антыцел.

Што датычыцца Сміта, у 2019 годзе ён прайшоў праз хіміятэрапію ў мэтах барацьбы з лейкеміяй. Якраз перад сакавіком 2020 года, калі мужчына адчуў першыя сімптомы кавіду, Сміту паведамілі, што ён перамог рак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0