Крыніцай беларускага суверэнітэту з`яўляюцца «не папяровыя дэкларацыі, не заявы гэтак званых нацыянальных лідэраў, а воля народа, яго павага да сваёй гераічнай гісторыі», заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы перад пачаткам парада 3 ліпеня.

Паводле слоў прэзідэнта, «гады Другой сусветнай вайны паказалі, што няма нічога больш каштоўнага за згуртаванасць і яднанне краін і народаў». «У ваенныя гады, нягледзячы на наяўныя суб`ектыўныя супярэчнасці і розныя палітычныя асновы, заходнія краіны ў барацьбе з нацызмам знаходзіліся ў адным страі з савецкім народам», — сказаў ён.

Сёння, зазначыў Лукашэнка, «для пераадолення глабальнага фінансава-эканамічнага крызісу, прадухілення распаўсюджання ядзернай зброі, барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам міжнароднай супольнасці неабходна аб`яднаць намаганні, паслядоўна праводзіць справядлівую і міралюбную палітыку».

«У свеце не павінна быць звышдзяржаў, якія самі сябе надзялілі правам дыктаваць умовы, як жыць суверэнным і незалежным дзяржавам. Кожны народ, кожная краіна маюць права на ўласны выбар свайго шляху развіцця — гэта асноватворны прынцып міжнародных адносінаў», — падкрэсліў Лукашэнка.

Беларусь, паводле яго слоў, «нязменна верная традыцыям міру і добрасуседства». «Мы лічым сваімі жыццёва важнымі інтарэсамі развіццё ўсебаковага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з усімі дзяржавамі, захаванне і ўмацаванне існуючых сістэм міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі. Паслядоўна праводзім збалансаваную шматвектарную знешнюю палітыку», — заявіў Лукашэнка.

На жаль, дадаў ён, «апошнім часам з`явіліся спробы трактаваць прынцып шматвектарнасці ледзь ці не як здрадніцтва саюзнікаў з боку Беларусі».

«Не слабне імкненне праціўнікаў беларуска-расійскай інтэграцыі ўбіць клін у нашы адносіны, — заявіў Лукашэнка. — Я неаднаразова казаў і яшчэ раз падкрэслю, і хачу, каб гэта пачулі найперш расіяне і кіраўнікі Расіі: Беларусь не гандлюе дружбай з Расіяй, мы — брацкія народы, мы — адзін народ.
Наша супольная вялікая перамога і сённяшні юбілей, які сімвалізуе сумесны ўнёсак у разгром агрэсара, у вызваленне нашых народаў і ўсяго чалавецтва ад фашысцкага занявольвання, у тысячу разоў пераважваюць узаемныя рознагалоссі і прэтэнзіі. Разам мы вырашалі і вырашым любыя праблемы».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?