Дванаццаты тур чэмпіянату Беларусі па футболе яшчэ больш замацаваў на вяршыні барысаўскі БАТЭ. Цяпер яго адрыў складае астранамічныя як для такога адрэзку першынства 11 пунктаў.

У цэнтральным матчы туру барысаўцы дома з буйным лікам перамаглі жодзінскае «Тарпеда». Першы гол забіў Сяргей Крывец, а потым дублем адзначыўся вундэркінд Максім Скавыш.

Мінскае «Дынама» досыць нечакана саступіла ў Ждановічах «Гомелю» — 1:2. Дубль у пераможцаў аформіў бразільскі легіянер Рэнан Брэсан, адзін з найлепшых гульцоў сёлетняга першынства.

Другі прадстаўнік Беларусі ў Лізе Еўропы МТЗ‑РІПА таксама прайграў «Нёману», з тым самым лікам — 1:2.

Парадаваў толькі наваполацкі «Нафтан», які ў гасцях адужаў мікашэвіцкі «Граніт» — 2:0. Абодва галы на рахунку абаронцы Дзмітрыя Вярхоўцава. Мабыць, станоўча адбіўся той факт, што за мінулай гульнёй хлопца назіралі купцы з французскага «Валансьена».

А на другое месца досыць нечакана выбіўся магілёўскі «Дняпро». Каманда ў гасцях перамагла аўтсайдэра «Смаргонь».

Брэсцкае «Дынама» таксама саступіла дома. «Мінску» — 1:2. Пасля гульні ў адстаўку падаў галоўны трэнер брэсцкай каманды Яўген Трацюк. Невядома толькі ці яе прымуць.

Паступова выбіраецца з ямы салігорскі «Шахцёр». «Гарнякі» з мінімальным лікам 1:0 выйгралі ў «Віцебска».

Турнірная табліца пасля 12 тураў выглядае наступным чынам:

БАТЭ — 31 пункт, «Дняпро» — 20, «Дынама» (Мінск), «Дынама» (Брэст), «Тарпеда», «Нёман», «Нафтан» — па 19, «Гомель» — 18, «Шахцёр» — 17, «Мінск» — 15, МТЗ‑РІПА — 14, «Граніт» — 11, «Віцебск» — 10, «Смаргонь» — 5.

Найлепшы бамбардзір Максім Скавыш (БАТЭ) — 10 галоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?