У гонар свята Купалля ў рэстаране «Ракаўскі Бровар» прыгатавалі самы вялікі дранік у Беларусі. Гэты рэкорд, які быў пастаўлены ў межах праекта «Рэкорды relax», будзе не толькі занесены ў «Кнігу рэкордаў» праекта, але, як адзначылі арганізатары, была ідэя падаць заяўку на занясенне ў «Кнігу рэкордаў Гінэса».

 Фота аўтара.

Фота аўтара.

Праўда, як аказалася, дранік-рэкардсмен ужо выяўлены, але квадратнай формы. На гэта арганізатары адказалі безапеляцыйна: «Бульбашы самі павінны вырашаць, якой формы рабіць дранік».

Больш за 20 рэстаранаў прынялі ўдзел у змаганні за рэалізацыю рэкорда. У заяўках яны ўказвалі максімальны памер таго драніка, які змогуць прыгатаваць. «Ракаўскі Бровар» назваў самы вялікі магчымы дыяметр — 1,7 м.

Паводле прызнання шэф-повара Аляксея, самым складаным аказалася перавярнуць страву. А вось тайну гіганцкай патэльні, на якой гатаваўся «Броварскі» дранік, арганізатары так і не раскрылі, але адзначылі, што ў рэалізацыі задумы ім дапамагаў Мінскі хлебакамбінат. Агулам спатрэбілася каля 30 кілаграмаў бульбы і 6 дзесяткаў яек. На прыгатаванне сышло 12 гадзінаў: каб пачаставаць гасцей у абед, шэф-кухар разам з камандай пачалі гатаваць яшчэ ўначы.

Замераць даўжыню драніка даручылі рэзідэнту «Comedy Club Minsk Style» Васілю Анціпаву. Дыяметр склаў 1,62 м, трохі не дацягнуўшы да заяўленай даўжыні.

У межах праекта зарэгістравана ўжо 35 рэкордаў, сярод якіх самы вялікі антыкрызісны торт, самы вялікі кактэйль махіта ды іншыя. У найбліжэйшых планах арганізатараў — знайсці ў мінскіх рэстаранах самую дарагую страву.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?