«З Кракаўскай філармоніяй я супрацоўнічаю ўжо даволі даўно. Мой першы канцэрт з яе сімфанічным аркестрам адбыўся ў 2015 годзе: мы тады рабілі прэм’еру чацвёртай сімфоніі Хенрыка Гурэцкага, якую знайшлі пасля яго смерці. Потым я кожны год выступаў з гэтым аркестрам як запрошаны дырыжор, аднойчы мы нават з’ездзілі ў тур, а падчас пандэміі зрабілі анлайн-канцэрт. Я прыняў прапанову філармоніі, калі зразумеў, што ўжо не вярнуся ў «Санорус». Да таго ж генеральны дырэктар сказаў, што гэта перадусім жаданне музыкантаў — як тут адмовіць».

У 2019 годзе Аляксандр Хумала сышоў з пасады галоўнага дырыжора «Саноруса» і паехаў у Кракаў вучыцца ў Ягелонскім універсітэце «стратэгічнаму мэнэджмэнту ў культуры».

«Спачатку я планаваў сысці на час вучобы, то-бок на год. Яшчэ сёлета я выступаў з «Санорусам» як запрошаны дырыжор і хацеў туды вярнуцца. Але ў красавіку зразумеў, што назад дарогі, на жаль, няма: дырэктарка дала зразумець, што ў маіх паслугах капэла больш не мае патрэбы. Тым не менш я правёў з «Санорусам» цудоўныя пяць гадоў свайго жыцця, гэта мая сапраўдная сям’я, мы вельмі шмат дасягнулі разам. У нас было столькі розных праектаў, паездак. Я ўпэўнены, у капэлы бліскучая будучыня».

Аляксандр Хумала на прэс-канферэнцыі, дзе яго прадставілі як мастацкага кіраўніка філармоніі.

Ці стала новая пасада ў Кракаўскай філармоніі выклікам? «Так, гэта вялікі выклік, без жартаў: гэта адна з найлепшых філармоній у Польшчы, да таго ж у такім гістарычным горадзе. Увогуле як паглядзіш, хто тут працаваў і хто быў галоўным дырыжорам, — пэўны трэмар і перажыванне, ці я спраўлюся, узнікаюць. У філармоніі даволі разгалінаваная структура — тут сімфанічны аркестр, вялікі хор, дзіцячы хор, прафесійны арган, невялікія групы салістаў. Я ўжо моцна ўва ўсё ўнікаю і будую нейкую сумесную будучыню».

***

Аляксандр Хумала атрымаў адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Ратэрдамскай кансерваторыі ў Нідэрландах. Стажыраваўся ў Італьянскай опернай акадэміі ў Равэне. З’яўляецца магістрам мастацтвазнаўства, лаўрэатам міжнародных конкурсаў дырыжораў, уладальнікам прэмій і ўзнагарод у розных краінах свету. Працуе з вядучымі музычнымі калектывамі і опернымі тэатрамі Еўропы і Расіі. Падчас працы ў Беларусі прапагандаваў сучасную беларускую музыку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0