Кірыл Карэлін. Фота з асабістага архіву 

«Напэўна, у кожнай сям'і ёсць свая легенда. Нейкая падзея, якая за даўнасцю гадоў стала больш падобнай на выдумку.

Яшчэ ў дзяцінстве мне расказалі, што мой дзядуля служыў у асабістай ахове Коласа і што пасля сканчэння службы пісьменнік падарыў яму аўтарскі асобнік «Новай зямлі» са сваімі пазнакамі»,

— расказвае Ясмінска.

 Калі будучай пісьменніцы было шэсць гадоў, дзядуля памёр.

«Новая зямля» патанула сярод яго рэчаў. Потым, у старэйшых класах школы, я хацела прынесці кніжку на ўрок беларускай літаратуры, але знайсці мы яе не змаглі.

Некалькі гадоў таму я зноў запыталася пра кніжку ў мамы, і яна адказала: «Недзе ляжыць на лецішчы».

«Ага. Унікальны асобнік. З подпісам Якуба Коласа. На лецішчы. Калі і так, яго, мабыць, ужо даўно з'елі мышы»,

— іранічна каментуе Ясмінска.

Урэшце Надзея перастала верыць у існаванне дзедавай «Новай зямлі» і аднесла яе да прыгожых сямейных легендаў.

А потым нечакана знайшла яе гэтым летам на лецішчы.

Гаворка пра аўтарызаваны пераклад паэмы «Новая зямля» на рускую мову, што выйшла ў Мінску ў 1949 годзе. На асобніку пячатка «Сігнальны асобнік». І подпіс — «Аўтарская».

Той самы асобнік «Новай зямлі». Фота з сямейнага архіву

Чаму Якуб Колас падарыў рускі, а не беларускі тэкст?

Як тлумачыць Надзея,

яе дзядуля Кірыл Феактыставіч Карэлін быў рускім па нацыянальнасці і не ведаў беларускую мову.

Ён нарадзіўся ў 1919 годзе ў вёсцы Пачынок Крутых у Ніжнегародскай губерніі Расіі. Ваяваў, узнагароджаны ордэнам Чырвонай зоркі і дзевяццю медалямі, пазней Знакам пашаны. З 1944 года служыў у Гомелі, дзе да вызвалення Мінска знаходзіліся беларускія ЦК і ўрад. Як кажуць сваякі,

Карэлін ахоўваў кіраўнікоў БССР — Панцеляймона Панамарэнку, Мікалая Гусарава і Мікалая Патолічава.

«У самым канцы 1940-х ці ў пачатку 1950-х (пэўнай даты няма) Якуб Колас вырашыў, што яго жыццю пагражае небяспека», — расказвае Надзея сямейную гісторыю.

Прычыну сям'я Ясмінскай не ведае.

Колас звярнуўся ў пэўныя структуры — ці то ЦК партыі, ці то ў Міністэрства дзяржбяспекі (пазней МДБ пераўтвораць у КДБ), — каб яму вылучылі ахову.

«Пісьменніку далі для аховы дваіх чалавек: майго дзеда і яшчэ аднаго супрацоўніка. Ахоўнікі практычна ўсюды суправаджалі Коласа. Нейкіх блізкіх адносін не склалася, дзядуля згадваў, што Колас «трымаў дыстанцыю».

Надзея не ведае, колькі дакладна доўжылася такая праца. «Магчыма некалькі месяцаў, але наўрад ці больш за паўгода».

Кірыл Карэлін з жонкай. Фота з сямейнага архіву

«Напэўна, нейкія адносіны паміж дзедам і Коласам усё ж такі склаліся, калі пісьменнік падарыў яму «Новую зямлю». Але

потым ці то ў ЦК, ці то ў МДБ вырашылі, што жыццю Якуба Коласа нічога не пагражае і знялі ахову. Колас надта пакрыўдзіўся.

Калі дзядуля і другі супрацоўнік прыйшлі да яго дахаты развітацца, ён да іх нават не выйшаў».

Кірыл Карэлін казаў сваякам, што да іх выйшла жонка Коласа. Але яна памерла ў 1945-м. Магчыма, гаворка пра хатнюю гаспадыню або пра сваячку.

Як склаўся яго лёс далей?

У пачатку 1950-х у Клары, жонкі Кірылы Карэліна, знайшлі сухоты.

«Тады дзядуля сышоў з аховы. Па-першае, дзеля бяспекі, бо лічылі, што ён таксама можа быць носьбітам. А па-другое, каб быць з жонкай і дапамагаць у лячэнні, яны разам ездзілі па бальніцах і санаторыях».

Пазней, у пачатку 1970-х ён працаваў загадчыкам гаспадаркі ў Саюзе пісьменнікаў БССР. Памёр у 1992 годзе.

Ніхто з мемуарыстаў не згадвае пра такі факт, што Якуба Коласа хтосьці ахоўваў. Не ведаюць пра такое і даследчыкі.

Але «Новая зямля» ў сям’і Ясмінскай захоўваецца. Таму гэтая гісторыя яшчэ патрабуе далейшых пошукаў і пацвярджэння. Зрэшты, гэта, бадай, немагчыма, без адкрыцця адпаведных архіваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0