Беларусы — загадкавая нацыя. Пасля Чарнобыля народныя дасціпнікі падмацавалі гэтую думку фрывольным вершыкам (мяккі варыянт: «…нам хоць бы што радыяцыя»). Эксперты НІСЭПД паводле вынікаў чэрвеньскага нацыянальнага апытання ў прынцыпе прыходзяць да той жа высновы, толькі фармулююць больш навукападобна.

Такім чынам: усё большай колькасці беларусаў ужо «хоць бы што» крызіс, які між тым узмацняецца. Многія лічаць яго заходняй напасцю, але пры гэтым расце доля тых, хто на гіпатэтычным рэферэндуме прагаласаваў бы за ўваходжанне ў «праклятае буржуінства» — ЕС.

Высветлілася, што схемы заходніх сацыёлагаў і некаторых айчынных аналітыкаў зноў трашчаць пры аналізе трэндаў беларускай грамадскай свядомасці.

Вось, скажам, крызіс мацнее: напалову ўпаў экспарт, са страшнай сілай згараюць золатавалютныя рэзервы, замарожваюцца і падаюць заробкі, расце ўтоенае беспрацоўе. Праславуты сацыяльны кантракт улада відавочна завальвае. Але класічная апазіцыйная схема: спеюць гронкі народнага гневу, масы выходзяць на плошчу, і нялюбы рэжым валіцца — гэтая прыгожая схема ў нас чамусьці ніяк не спрацоўвае. Гронкі ўпарта не спеюць.

Наадварот, як адзначаюць сацыёлагі НІСЭПД, «эканамічная маргіналізацыя асобных сацыяльных груп прымушае іх яшчэ больш згуртавацца вакол аўтарытарнай улады». Так, быў момант трывогі на мяжы панікі пасля шокавай дэвальвацыі 2 студзеня, калі рубель упаў на 20,5%. Сакавіцкае апытанне НІСЭПД зафіксавала рост песімізму, змрочных чаканняў. 42,4% беларусаў пасля абвалу рубля сталі менш давяраць уладам.

Зараз паўзучая дэвальвацыя працягваецца, але народ, як ні парадаксальна, супакоіўся і нават дэманструе рост аптымізму. Беларусы зноў паказваюць дзівосы адаптацыі. Памятаеце анекдот пра цвік у крэсле: а мо` так і трэба?

«Эканамічныя паказчыкі за тры апошнія месяцы не палепшыліся, хоць іх падзенне прыпынілася, і гэтага аказалася дастаткова для скарачэння долі рэспандэнтаў, якія адзначаюць пагаршэнне свайго матэрыяльнага становішча, з 63,8% да 36,5%», — падкрэсліваюць сацыёлагі. Яны з доляй сарказму кажуць пра «краіну задаволеных беднякоў».

У гэтай краіне, дарэчы,

электаральны рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі насуперак усім форс-мажорам застаецца «тэфлонавым»: леташні снежань (да шокавай дэвальвацыі) — 40,2%, чэрвень 2009 года — 40,9%.

Пры гэтым з сакавіка па чэрвень вырасла доля тых, хто задаволены жыццём, хто лічыць, што сітуацыя ў Беларусі спакойная і «ў цэлым становішча спраў у нашай краіне развіваецца ў правільным кірунку» (у апошнім выпадку — з 40 да 47,9%). Паменшылася колькасць рэспандэнтаў, якія мяркуюць, што за пагаршэнне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі адказныя ўрад або прэзідэнт. Затое павялічылася з 33 да 36,2% доля беларусаў, якія вінавацяць у эканамічным крызісе Захад.

Вось вам і дубовая прапаганда! Рэфрэн начальства аб тым, што нам гэта падкінулі імперыялісты, дае ўсё ж свой эфект. Колькі ні паўтараюць яйкагаловыя, што беларускі эканамічны цуд стаў трашчаць па швах значна раней, чым абваліліся рынкі і банкі ў Амерыцы. І што корань зла — нерэфармаванасць, сістэмныя дысбалансы нашай эканомікі. Хто іх чуе, яйкагаловых, у краіне, дзе прэсу трымаюць у кулаку, колькі ні заклікаюць эмісары ЕС тутэйшых начальнікаў лібералізаваць медыясферу?

А яшчэ Еўропа, як вядома, патрабуе ад Мінска скасаваць смяротную кару. Ці хоць бы ўвесці мараторый для пачатку. Гэта, напрыклад, пастаўлена ўмовай вяртання беларускаму парламенту статусу спецыяльнага запрошанага ў ПАСЕ. Тутэйшыя ж чыноўнікі ківаюць на волю народа і спасылаюцца аж на рэферэндум 1996 года, калі, паводле афіцыйных звестак, за захаванне выключнай меры выказаліся 80,4% беларусаў, якія прыйшлі да скрыняў.

Вынесем за дужкі пытанне аб даверы да лічбаў ЦВК. Але фактам ёсць тое, што сёння беларусы выглядаюць больш гуманнымі.

Паводле свежага апытання НІСЭПД, за адмену смяротнай кары — 41,7%, супраць — 48,4%. Амаль што баланс.

Варта ўключыць прапагандысцкую машыну — і гуманісты перамогуць (толькі ці трэба гэта вярхам?). Але і тут не абышлося без парадоксаў. Сацыёлагі зафіксавалі павышаны ўзровень «крыважэрнасці» ў… моладзі і рэспандэнтаў з вышэйшай адукацыяй, гэта значыць больш прагрэсіўных груп насельніцтва.

Можна загінаць і загінаць пальцы, пералічваючы парадоксы беларускага соцыуму. Дарэчы, і наконт «хоць бы што радыяцыя» — таксама ўсё пацвярджаецца. У краіне, на якую прыпаў асноўны ўдар Чарнобыля, пакрысе расце доля тых, хто ўхваляе рашэнне кіраўніцтва будаваць АЭС. Цяпер такіх ужо 40,7% (праціўнікаў — 38,2%).

Іншая рэч, што пакуль народ паспеў, грошы скончыліся. Расія, зрэшты, гатова даць крэдыт на «мірны атам» (сваім жа будаўнікам, лічы!). Але тут ужо беларускаму начальству варта добра падумаць пра кошт такой прывязкі — пасля малочнай вайны ды іншых канвульсій «саюзнай дзяржавы».

А вось яшчэ з рэестру парадоксаў. Хоць многіх беларусаў і пераканалі, што крызіс — гэта іншаземнае зло, але тым не менш ужо 52,7% (тут таксама рост) звязваюць надзеі на выхад краіны з эканамічнага крызісу з прыцягненнем замежнага капіталу. Параўнайце: на свайго прэзідэнта тут спадзяюцца толькі 35,7%.

І нарэшце, самы, бадай, моцны трэнд. З мінулага года ўпэўнена расце доля тых, хто за ўваходжанне Беларусі ў ЕС: верасень 2008 — 26,7%, снежань 2008 — 30,1%, сакавік 2009 — 34,9%, чэрвень 2009 — 41,4%.

Гэта — максімум за чатыры апошнія гады. Паводле меркавання аўтараў даследавання, «новыя геапалітычныя рэаліі, звязаныя з нармалізацыяй адносін паміж Беларуссю і Еўропай, нарэшце “дайшлі” да грамадскай думкі».

Хоць варта адзначыць і наогул фантастычныя часы (снежань 2002 года), калі за ўступленне ў ЕС былі гатовы галасаваць 60,9% беларусаў. Потым нарастанне канфрантацыі з Захадам, узмацненне ізаляцыянізму з`елі ладную долу еўранастрояў. І вось — рэнесанс.

Досыць было начальству прыглушыць зласлівую антызаходнюю прапаганду, загаварыць пра збліжэнне з ЕС (хай сабе і «прагматычнае») — і соцыум адрэагаваў.

Іншая рэч, што вектары замежнай палітыкі Мінска ад народа мала залежаць. Да пэўнага часу яму паспяхова навязвалі «братняе яднанне». Пакуль Масква не прыціснула да сценкі. Тады і ўспомнілі пра «гнілы Захад», сталі разгойдваць геапалітычныя арэлі.

Палітолаг Сяргей Нікалюк мяркуе, што грамадскай думкі ў заходнім разуменні — як інстытута, што ўплывае на палітыку ўладаў, — у Беларусі няма.

Рост праеўрапейскіх настрояў эксперт тлумачыць у значнай ступені «рацыянальным патэрналізмам» беларусаў. То бок — звычкай спадзявацца на дзяржаву ва ўмовах дэфіцыту асобасных рэсурсаў. Калі не здольна ўратаваць свая дзяржава — значыць, «трэба прыхіліцца да кагосьці». Хоць бы і да «праклятага буржуінства».

А можа, і да Расіі-матухны. Парадаксальным чынам адначасна з колькасцю еўраэнтузіястаў вырасла і доля беларусаў, гатовых прагаласаваць за аб`яднанне з усходняй суседкай: з 33,1% у сакавіку да 38,3% у чэрвені. Сяргей Нікалюк тлумачыць гэта тым, што ў перыяд крызісу ў прынцыпе абвастраецца патрэба ў геапалітычным выбары, змяншаецца «балота».

Што ў сухой астачы? Хаця ўлады па-савецку дэкларуюць маналітнае адзінства, на самай справе ў грамадстве няма згоды ні па адным прынцыповым пытанні. Мы часта бачым плюралізм, у тым ліку геапалітычны, нават у асобна ўзятай галаве. Беларусы застаюцца страшна расколатай нацыяй. А тым часам краіна ўсё больш разгойдваецца на замежнапалітычных арэлях.

Дасье

НІСЭПД (Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў) створаны ў лютым 1992 года. Пасля таго як у красавіку 2005 года Вярхоўны суд Беларусі ліквідаваў РГА «НІСЭПД», інстытут працягвае дзейнасць у якасці структуры, зарэгістраванай у Вільні. Праводзіць навуковыя даследаванні ў галіне сацыялогіі, эканомікі і паліталогіі.

Чарговае нацыянальнае апытанне грамадскай думкі праведзена незалежнымі сацыёлагамі з Беларусі ў чэрвені 2009 года. Метадам face-to-face interview апытана 1.515 чалавек 18 гадоў і старэйшых. Межавая памылка рэпрэзентатыўнасці не перавышае 0,03.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?