17.07.2006 / 21:27

Урачыстасць Мацi Божай Шкаплернай у Мядзелi

14 i 15 лiпеня 2006 г. у парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль (Маці Божай Шкаплернай) у Мядзелi, якой ужо больш за 250 гадоў апякуюцца айцы кармэліты босыя, адбылася ўрачыстасць тытула касцёла. Ва ўрачыстасці браў удзел Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка.

14 i 15 лiпеня 2006 г. у парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль (Маці Божай Шкаплернай) у Мядзелi, якой ужо больш за 250 гадоў апякуюцца айцы кармэліты босыя, адбылася ўрачыстасць тытула касцёла. Ва ўрачыстасці браў удзел Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка.

Згодна з традыцыяй, у пятнiцу вечарам вернiкi сабраліся ў касцёле ў падземнай каплiцы, дзе знаходзiцца старажытны драўляны крыж. Там усё адбывалася, як у Сярэднявеччы: упоцемку, сярод муроў з чырвонай цэглы, увянчаных магутным скляпеннем, вернiкi узносілі сваю цiхую малiтву да Укрыжаванага Езуса.

А 8-й гадзiне ўвечары распачалася працэсiя на Кальварыю. Калісьці тут былi каплiцы. Крыжовы Шлях, кансэкраваны i асвечаны 8 жнiўня 1772 года бiскупам Фелiксам Тавянскiм, беларускiм суфраганам, налiчваў 21 каплiцу i 8 брам, размешчаных на палях i на рынку мястэчка. Урачыстасцi ў гонар Мацi Божай Шкаплернай звычайна доўжылiся чатыры днi.

Пасляваенны перыяд у Мядзелі, як і ва ўсёй краіне, не быў спрыяльны для духоўнага жыцця. Касцёл быў зачынены i перададзены ў карыстанне мясцовай сяльгасхiмii, а Кальварыя — разбурана. У 1989 г. парафiя была адноўлена, у яе ізноў вярнуліся айцы кармэліты, а праз пяць гадоў вернiкi на месцы даўняй Кальварыi паставiлi драўляныя крыжы. Сёння там, дзе стаяць крыжы, расце прыгожы лес, дзякуючы якому гэты Крыжовы Шлях асабліва адметны. Уся малiтоўная траса прасцiраецца на некалькi кiламетраў. Вернiкi iдуць з запаленымi свечкамi, спыняючыся ля кожнай стацыi для разважання i малiтвы. Добрай традыцыяй стала таксама цалаванне альбо, прынамсi, дотык да кожнага з крыжоў.

Набажэнства завяршылася апоўначы, і пасля гэтага каля дванаццатай стацыi — стацыі ўкрыжавання Езуса Хрыста — распачалася святая Iмша. Стацыя гэтая знаходзіцца на высокай гары, адкуль вiдаць краявiды азёраў Мястра i Нарачы... Начную цемру рассейваў агонь свечак шматлiкiх вернiкаў. Сёлета святую Iмшу апоўначы ўзначалiў а. Юрый Находка OCD, нэапрэзбiтэр з Нарачы, а гамiлiю прамовiў а. Віктар Бурлак OFM, кусташ санктуарыя Мацi Божай Будслаўскай. Пасля заканчэння святой Iмшы моладзь арганiзавала малiтоўнае чуванне ў касцёле перад абразом Мацi Божай Шкаплернай.

Кульмiнацыяй урачыстасцi стала святая Iмша, якую ў суботу цэлебраваў Апостальскi Адмiнiстратар Мiнска-Магiлёўскай Архiдыяцэзii бiскуп Антонi Дзям’янка. У гэтай Імшы ўдзельнічалі прадстаўнікі духавенства Будслаўскага дэканату, да якога адносіцца Мядзел, на чале з дзеканам кс. Пятром Шарко, браты кармэліты, навучэнцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ім. св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, сёстры кармэліткі ад Дзіцятка Езус, а таксама сотні вернікаў. Бiскуп у сваёй гамiлii вельмi даступна i пранікнёна распавёў пра гiсторыю i значэнне кармэлiцкага шкаплера, звярнуўся да сем’яў i да моладзi з заклiкам быць вернымi Евангеллю i будаваць жыццё на фундаменце веры.

Падчас Эўхарыстыi восемдзесят вернiкаў сталi «рыцарамi Хрыста», прыняўшы сакрамэнт канфiрмацыi. Бiскуп Антоні таксама заклiкаў прысутных да малiтвы аб святарскiх i манаскiх паклiканнях.

Урачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсiяй вакол касцёла.

Catholic.By

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру