У перыяд крызісу гэты брэнд набывае яшчэ большую папулярнасць: як абяцае рэклама, наша прадукцыя не толькі якасная, але і недарагая. Ці можна жыць па прынцыпе «купляйце беларускае» ў роднай краіне, карэспандэнт «ІР» высвятляла на асабістай скуры, на тры тыдні выключыўшы з кола пакупак імпартныя тавары.

«Харчуйся правільна»

Здавалася б, што-што, а прадукты харчавання ў нашай аграрнай краіне, як ні круці, самыя што ні на ёсць натуральныя. Наўрад ці спатрэбіцца адмаўляць сабе хоць у чым-небудзь. Але ўсё не так проста. Безумоўна, што датычыцца цукру, мукі, каўбасы, хлеба, так і ёсць. Але многія прадукты ў нашай краіне проста імпартуюцца з-за мяжы. Напрыклад, кава. Натуральную каву мне прыйшлося замяніць на сапраўднае беларускае «ноу-хау» — кававы напой. Заўважу, што на мой густ даволі прыемны на пах і смак, ды й кошт не ў параўнанне сапраўднай каве — ад 1 600 рублёў за ўпакоўку замест 3 000-10 000 рублёў. Канечне, да сапраўднай кавы далёка, але гэта і для здароўя лепш — бо ў беларускай каве няма кафеіну.

Цукеркі, печыва вырабляюць і ў нас, але шмат ласункаў прывозяць з-за мяжы: з Украіны, Расіі, Германіі, Польшчы. Мне даспадобы нямецкі шакалад «Кіндэр» за 3 700-4 000 тысячы рублёў альбо «Rittersport» ад 5 000 за стограмовую плітку. На другім месцы ў мяне — украінскія ласункі: яны хоць і больш разнастайныя, але даражэйшыя за беларускія. Тут таксама ўдалося зэканоміць, бо любімыя цукеркі «Парыжэль» у нас каштуюць ад 17 000 рублёў у «аптавіку». Ласунак я замяніла на не менш смачную «Кароўку-люкс» айчыннага паходжання па 12 000 - 13 700 за кілаграм. Плітка шакаладу «Любімая Алёнка» каштуе ў сярэднім на тысячу-паўтары рублёў танней, чым імпартны шакалад. Але і якасць, на мой густ, не дацягвае да замежнай. Праблема чакала і з садавіной. Пра ківі, ананасы, бананы, апельсіны і мандарыны на тры тыдні прыйшлося забыцца і атрымліваць вітаміны толькі з яблык.

Непрыемна ўразіла, што даволі смачныя, на мой погляд, беларускія сокі мы проста не заўважаем з-за адсутнасці якаснай рэкламы. Хаця ў суадносінах цана-якасць, як мне падалося, айчынныя сокі канечне ж выйграюць. Асабліва спадабаўся «сок з лісця» — бярозавы з мелiсай. Між тым цэны на імпартны сок на тысячу-дзве вышэй за беларускі: ад 3 800 да 7 000 рублёў. Адзіная заўвага — нашы сокі часта прадаюцца ў шкляных банках, што не вельмі зручна. Што датычыцца салодкіх напояў, са здзіўленнем даведалася, што шкодная, але прыемная на смак «кока-кола» таксама вырабляецца дзесьці пад Мінскам. Так што і яе з рацыёну выключаць не прыйшлося. Хаця і трэба было б. А вось дробязь, кшталту гумак, асвяжальных ледзяшоў у Беларусі не вырабляюць: эканомія і карысць.

Парадавала цана беларускага піва, але на мой смак... напой адпавядаў цане. Тым не менш піву знайшлася альтэрнатыва, і трэба заўважыць, вельмі прыемная на смак — нядаўна на прылавак вярнуўся даўно забыты напой сідр — 2 650-3 000 рублёў за паўлітра.

У Папялушкі 38 размер нагі!

Напэўна, усё мае пакаленне выхавана бацькамі на словах «Мы не такая заможныя, каб купляць танны абутак». Асабліва актуальна гэта стала для мяне пасля таго, як некалькі год назад чарговая купленая мною на кірмашы пара абутку «невядома якога вытворцы» пасля першага сезону згубіла свой выгляд, і я пачала адчуваць зямлю пад нагамі асабістымі ступнямі.

Таму даволі даўно я перайшла на айчынны абутак і асаблівага расчаравання дагэтуль не атрымлівала. А тут як па законе подласці: мне спатрэбілася новая пара туфляў. У фірменным магазіне беларускі абутак абышоўся мне ў 150 тысяч рублёў. Калі параўнаць з абуткам сезону «вясна-лета» імпартнага вытворцы, дык эканомія атрымліваецца ад 30 тысяч рублёў, бо самы танны «імпарт» у магазіне каштуе акурат 180 тысяч рублёў, і гэта не самая высокая цана. Безумоўна, на 150 тысяч можна было купіць тры пары «кітайскіх шлёпак» на кірмашы і шлёпаць імі тры сезоны. Але хацелася дыхтоўнага і носкага абутку...

На жаль, пакупка расчаравала. Па-першае, гарантыя на куплены абутак распаўсюджвалася толькі на 30 каляндарных дзён з часу пакупкі. Як патлумачылі ў магазіне, я купляла «офісны абутак», які, па словах прадаўца, можна насіць круглы год у офісе, таму і гарантыя толькі на 30 каляндарных дзён. Гэта быў першы непрыемны сюрпрыз.

Настрой ад пакупкі сапсавала і тое, што абутак я купіла акурат па назе, але чамусьці ў першы ж дзень правая туфля несіметрычна сцерла мне нагу да крыві. Справа дайшла да таго, што прыйшлося браць з сабой дадатковы абутак, пакуль не разнасіла туфлі як след. Хаця, паўтаруся, туфлі пры пакупцы былі акурат па назе. Гэта быў другі фокус. Трэцяй «свіннёй», якую падклалі мне беларускія вытворцы абутку, было тое, што ўжо праз месяц, калі закончылася гарантыя, туфлі пачалі «расці»! Гэты працэс не заканчваецца да гэтага часу! Калі раней мне было балюча ад цеснага абутку, дык цяпер я, як Папялушка, магу згубіць туфлю на любой лесвіцы! Засталося, каб абутак знайшоў прадстаўнік блакітных крывей, але й страшна, што прынц спужаецца, убачыўшы цяперашні памер туфляў сучаснай Папялушкі.

Шопінг па-беларуску

У кірмашовай вопратцы, якасць якой «змываецца» з першага разу, расчаравалася ўжо даўно, але ўсе роўна калі-нікалі купляла джынсы ў прадпрымальнікаў, бо ў Беларусі іх пакуль не шыюць. Там жа набываюцца шарсцяныя і капронавыя шкарпэткі, якія ў разы танней на кірмашы, чым у магазіне — і на самой справе: навошта пераплачваць за капрон, калі час службы шкарпэтак кароткі? На кірмашы знаходзіцца заўсёды патрэбная дробязь: майкі, спартыўныя касцюмы, хатняя вопратка. Неяк у выхадныя сяброўка прапанавала мне пайсці «за кампанію» і выбраць майку. Прызнацца, пайшла туды толькі дзеля цікавасці: што ж змянілася? Як аказалася, змяніліся толькі цэны — і не ў лепшы бок... У пошуках чаго-небудзь адметнага падышлі да палаткі з цікавымі мадэлямі. Прадавец нам тут жа: «Вось, маечкі па 40 тысяч...» — «А чаму так дорага?» — і тут прадавец выдала сакраментальную фразу: «Дзяўчаткі, яны ж увогуле па 70 былі. Гэта ж Турцыя!» Напэўна, на гэтай ноце нам патрэбна было шчасліва запляскаць ў ладкі і з перамагальным: «Ура, гэта ж Турцыя» — купіць прадукцыю. Купляць «турцыю» не захацелася, тым больш што ў нас было яшчэ адно выйсце — шопінг па баранавіцкіх магазінах. Але і гэта не дадало надзей знайсці нешта добрае: сукенкі і блузкі колеру шалёных зялёных конікаў на летняй лугавіне, неверагодных фасонаў з аборачкамі і завязачкамі не да месца — і хто толькі прыдумвае такія фасоны для моладзі? Як сумясціць іх паміж сабой — невядома. На жаль, асартымент баранавіцкіх магазінаў не раўняецца на сталічны: добрыя рэчы беларускіх вырабнікоў з’яўляюцца рэдка і іх катастрафічна хутка раскупляюць. А раскручаныя маркі верхняй вопраткі — курткі і плашчы — часта прадаюцца па вельмі высокіх цэнах - ад двухсот тысяч рублёў. Складваецца ўражанне, што мы плацім не за саму адзежу, а за яе марку. Мы выбралі сяброўцы куртку пад дзвесце тысяч рублёў і разышліся па хатах.

У выхадныя дні я паехала ў Мінск да сястры. Яна, ведаючы, што нічога з айчыннай вопраткі мне не падабаецца, парэкамендавала схадзіць у цудоўны магазін беларускага вытворцы ў сталіцы. Там і сапраўды шыкоўныя рэчы, якасны пашыў і вельмі прыемны на выгляд дызайн. Але, глянуўшы на цэны — ад 100 тысяч рублёў за блузку, пад 400 за сукенку... Гэта ж палова сярэднестатыстычнага заробку! — і дзе такі заробак?!

Танны — значыць беларускі?

Мая сяброўка, будучы медык, расказала пра выпадак на лекцыі. Выкладчык папрасіў пералічыць яе лекі ад нейкага захворвання. Дзяўчына пачала пералічваць назвы прэпаратаў — усе як адзін імпартнага паходжання. Выкладчык спыніў студэнтку пытаннем: «Мілая, а даўно вы былі ў аптэцы? Назавіце што-небудзь беларускае, яны ж танней...». Менавіта так, магчыма, лічаць, многія з нас, хто прыходзіць у аптэку і далікатна просіць паказаць беларускія, а значыць, апрыёры танныя лекі. Аднаго разу ў мяне забалела горла. Прыйшлося ісці ў аптэку з просьбай: «Дайце што-небудзь ад болю ў горле». Жанчына паспрабавала прадаць мне дарагі прэпарат і акурат прапанавала мне той, эфект ад якога цягнецца вельмі і вельмі нядоўга. Я папрасіла штосьці «айчыннае» — эфект адзін і той жа, а цана на беларускія прэпараты амаль удвая танней. Мне тут жа прапанавалі «септэфрыл» за 300 рублёў. Радуючыся, што ўдалося зэканоміць, выйшла з аптэкі і толькі потым заўважыла, што лекі выраблены ў Кіеве. Напэўна, і фармацэўты лічаць, што «беларускі» — сінонім да слова «танны»...

«Святло-люстэрка, мне скажы»

На чым сапраўды выходзіць значная эканомія — гэта касметычныя сродкі. Калі раней на шампуні-кандыцыянеры ў мяне ішло каля 35-40 тысяч рублёў, дык цяпер валасы сталі каштаваць мне самае большае 15 тысяч рублёў.

Такія змены даліся нялёгка, і я доўга не наважвалася купляць беларускую касметыку, бо, паспрабаваўшы некалькі разоў раней беларускі шампунь і атрымаўшы на выхадзе бляклы «мышыны хвосцік», паабяцала, што больш так здзекавацца з валасоў не буду. Эксперымент даў яшчэ адзін шанц беларускай прадукцыі. Дзіва! Ці якасць стала лепшай, ці я разгадала сакрэт айчыннай мыльнай індустрыі, але цяпер мяркую, што гэты шампунь буду купляць і далей, чаго не скажаш пра зубную пасту. Калісьці мне давялося купіць зубную пасту амаль што не за 1 000 рублёў з эфектам адбельвання. Спадзеючыся, што як і беларускі шампунь, так і паста рэфармаваліся ў лепшы бок, паспрабавала яшчэ раз. Але расчаравалася зноў, пасля адной чысткі хацелася пачысціць зубы яшчэ раз, а потым яшчэ адзін для большага эфекту! Паўтараць эксперымент над зубамі я не стала і, літаральна выкінуўшы грошы ў сметнік, вярнулася да любімай мною нямецкай пасты.

Якасць беларускай касметыкі і сапраўды стала лепшай. На шчасце, мая дыета на гэтым закончылася. Зэканоміўшы грошы на харчаванні і сродках гігіены, мне не ўдалося дабіцца зніжак у выдатках на беларускім адзенні: над якасцю і дызайнам спецыялістам трэба яшчэ папрацаваць.

Тамара Савіч, Intex-press

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0