У ноч з 6 на 7 ліпеня (23 - 24 чэрвеня) ў Беларусі адзначаецца адно з найбольш яскравых і паэтычных святаў — Купалле.

Яго важнасць абумоўлена часам правядзення — днём летняга сонцастаяння. Гэта «макушка» лета, час найважнейшага росквіту прыроды. Для селяніна пасля Івана Купалы пачыналася самая адказная і гарачая пара — сенакосу і жніва.

У Іпацьеўскім летапісе ў запісе ад 1262 г. свята ўзгадваецца пад яго сучаснай назвай: «Літва ізгнаша ездоў на каноўн Івана дні на сама Коўпаль». Як каляндарная дата сустракаецца назва Купалы ў старажытнабеларускіх граматах XIV ст.

У XIX — пачатку XX ст. напярэдадні свята, вечарам моладзь наладжвала масавае шэсце па вуліцах вёскі. Усе ўпрыгожвалі сябе зелянінай, дзяўчаты — вянкамі, падпярэзваліся палыном, запальвалі доўгія шасты і з песнямі, крыкамі, падыходзілі да кожнай хаты, запрашаючы ўсіх на Купалле.

У аснове ўсёй купальскай абраднасці ляжыць пакланенне нашых прашчураў сонцу (агню), вадзе і расліннасці.

Святкаванне Купалля звычайна адбывалася на традыцыйным рытуальным месцы, на якім вясковая абшчына яшчэ са старадаўніх часоў адзначала найбольш значныя падзеі. У розных рэгіёнах рассялення беларусаў гэта магло быць узбярэжжа ракі ці возера, а калі побач не было вады, то выбіраліся які-небудзь пагорак, невялікая палянка або проста ўскраіна гаю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?