КДБ арыштаваў начальніка аддзела па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі Жлобінскага РАУС, гендырэктар Беларускага металургічнага завода пазбавіўся пасады.

 Фота БелаПАН

Фота БелаПАН

 Мікалай Андрыянаў. Фота БЕЛТА

Мікалай Андрыянаў. Фота БЕЛТА

16 красавіка гэтага года прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не дапусціць у краіне «нахабнага парушэння закона» людзьмі, «надзеленымі ўладай і якую яны ўвасабляюць». Як прыклад беззаконня Аляксандр Лукашэнка прывёў гэтак званую паляўнічую справу ў Гомельскай вобласці, «дзе вялікія начальнікі міліцыі, кіраўнікі буйных прадпрыемстваў палявалі так, што сёння даводзіцца разбірацца ў межах крымінальнай справы».

Сутнасць крымінальнай справы прэзідэнт паведаміў праз два з паловай месяцы пасля першага згадвання. 29 чэрвеня на нарадзе з супрацоўнікамі МУС Лукашэнка заявіў: «У поле зроку КДБ нядаўна трапіў начальнік аддзела па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі Жлобінскага РАУС Мінянкоў, які арганізаваў умовы для заняткаў паляваннем, рыбалкай і яшчэ нечым».

Мінянкову ставіцца ў віну тое, што «ў 2003 годзе ён набыў і аформіў на падстаўную асобу сядзібу плошчай больш як 2 га на тэрыторыі Жлобінскага раёна і захапіў пры гэтым яшчэ больш як 1 га лясных угоддзяў, самавольна ўзвёў 14 пабудоў, завёў зграю з 29 пародзістых сабак і трыма дзікамі». «Усю гэтую гаспадарку абслугоўвалі мясцовыя жыхары», — пракаментаваў прэзідэнт. Паводле яго слоў, «на ўласнай базе рэгулярна вялося паляванне, рыбалка з удзелам кіраўнікоў, у тым ліку Беларускага металургічнага завода, і высокапастаўленых службовых асоб органаў унутраных спраў».

Карэспандэнты БелаПАН адправіліся ў Жлобінскі раён, каб убачыць «міліцэйскае бязмежжа» — угоддзі з два гектары, псярню, стайню.

На месцы аказалася, што пасля публічнага слоўнага разносу прэзідэнтам сілавікоў «разнеслі» і іх сядзібу.

Мясцовыя вартаўнікі сказалі, што з месяц таму тут стаялі вагончыкі і загончыкі, былі прыкладна чатыры кані і 30 сабак, за якімі яны даглядалі. «Але потым гаспадар чагосьці з КДБ заеўся — вось усё тут і развалілі», — сказаў вартаўнік. Потым неахвотна расказаў, што раней кожныя выхадныя сюды прыязджалі людзі паляваць і рыбачыць.

«Міністры яны, начальнікі ці хто — я іх у твар не ведаю. І з сем’ямі прыязджалі, і з дзецьмі. І яшчэ з кім — гэта не мая справа»,— сказаў вартаўнік Васіль.

Пра былы размах нагадваюць горы дошак, фундаменты «вагончыкаў», адрэзаныя электрапровады, разбураныя будынкі.

У Навамаркавіцкім сельсавеце патлумачылі, што сам «паляўнічы домік» належыць прыватнай асобе, прадпрымальніку са Жлобіна. Гэты дом быў пабудаваны лесніком, яму ж і належаў, але пасля смерці лесніка прадпрымальнік купіў домаўладанне. У сельсавеце ўдакладнілі, што дом знаходзіцца на тэрыторыі сельсавета, а пабудовы, узведзеныя ў лясным масіве, — на тэрыторыі лясніцтва.

Ва УКДБ па Гомельскай вобласці, куды карэспандэнт звярнулася з пытаннямі (у дачыненні да каго, па якіх артыкулах Крымінальнага кодэкса распачата справа аб незаконным паляванні або незаконных пабудовах у Жлобінскім раёне), ад каментарыяў адмовіліся.

Паводле звестак БелаПАН, начальнік аддзела па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі АУС Жлобінскага раёна Леанід Мінянкоў знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ, у дачыненні да яго распачата крымінальная справа за перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, яму прад’яўлена абвінавачанне, вядзецца следства.

У адміністрацыі Беларускага металургічнага завода лаканічна адказваюць, што генеральны дырэктар завода Мікалай Андрыянаў тут ужо не працуе, і дзе ён — невядома.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0