Майкла Джэксана як ідала забілі «Фабрыкі зорак». Піша Павал Касцюкевіч.

 Фота Reuters

Фота Reuters

Таемныя спружыны «Фоташопа»

Першым цвіком у труну караля попу было караоке. Нам, якія без сарамлівасці маглі спяваць адно ля вогнішча і ў душы, давялі, што можна і варта — няма чаго саромецца. Новаспечаныя старлеткі і старлеты, адчуўшы смак воплескаў, запісаных тымі ж караочнымі кампаніямі, пачысцілі горла і прыпусцілі на ўсе застаўкі. Так нарадзіўся «Амерыкан айдал» (у постсавецкім перакладзе — «Фабрыка зорак»). Потым пяяць сталі палітыкі і спартоўцы — талент у трэніках не схаваеш. Што ты, што ты! Будзь такім, які ты ёсць. Будзь самім сабою і зробішся найлепшым. Крывы, касы, і спяваеш кепска? Усё правільна, мы не адмаўляем... трэба глядзець праўдзе ў вочы: крывы, касы... акрамя апошняга слова «кепска». Ты спяваеш добра. Запомні і перадай іншым спажыўцам нашага прадукту.Ты спя-ва-еш дас-ка-на-ла.

Бяссільная злоба эліты

Цяпер ужо дакладна ўсё. Майкл Джэксан, які ўсё жыццё намагаўся зрабіцца белым і пушыстым, і якога, з усімі яго ўзлётамі і падзеннямі, сапраўды кілбасіла не па-дзіцячаму, быў бязлітасна біты «фабрычным» тузом. Замест каралеўскага двара і прыдворных уфармаваўся гаманлівы, поўны рознастайных зорак усялякіх жанраў, соймік, куды дэпутатаў дэлегуюць смс-галасаваннем. Якіх у любую хвілю могуць пераабраць і ператасаваць. І высунуць у кандыдаты саміх сябе. Цяпер строга: хочаш быць каралём — удакладняй: «Я — кароль арыентальнага попу Босніі і Герцагавіны» або «Ён — кароль белага джазу ў клубных установах Жмерынкі па няцотных днях». Каб усё было ясна — свабода ж!

Старажытныя грэкі былі ліхія хлопцы. Запусціўшы свой махавік дэмакратыі, нават не ведалі, што ўлада народу дабярэцца туды, куды Макар цялят не ганяў. Прасякнутае іх ідэямі, чалавецтва, вядома, верыла ў дэмакратыю як палітычную сістэму: падзелы ўладаў і ўсё такое. Але ў глыбіні душы было выключна манархісцкім: як дакладна выказаўся адзін з герояў стужкі Snatch, уладар ювелірнай крамкі ў Нью-Ёрку: «На вуліцы, можа, і дэмакратыя, але ў маёй краме — недэмакратыя».

У гэтай бітве перамаглі такія, як Арнольд Шварцнэгер, што перакананыя, што кожны, - вядома, калі ён будзе вельмі выпінаць жылы, — зможа дарасці да кіраўніка Юнайтэд Стэйтс оф Амерыка (ці прынамсі да губернатара стэйта Каліфорнія). Джэксан, месяцовы хадок і спадчынны Маленькі Прынц, які разбіраў сябе па лапіку, абы не апынуцца ў пракруставым ложку пасярэднасці, зазнаў паразу. Ідалы зрабіліся прасцейшымі. Take it easy…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?