Паплечнікі актывіста «Маладога фронту» Арцёма Дубскага распачалі кампанію за вызваленне свайго сябра. Асіповіцкі суд пакараў хлопца годам пазбаўлення волі за парушэнне правілаў адбыцця пакарання ў «справе 14‑ці».

Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч паведаміў, што паплечнікі Арцёма Дубскага будуць выкарыстоўваць усе сродкі, каб яго як найхутчэй вызвалілі.

«Кампанія будзе ўключаць у сябе распаўсюджванне інфармацыйных матэрыялаў пра Арцёма і «справу 14‑ці», пра якую, на жаль, некаторыя забыліся. Будзем расклейваць партрэты Арцёма Дубскага і ладзіць вулічныя акцыі рознага фармату. Мы будзем патрабаваць безумоўнага і найхутчэйшага вызвалення нашага паплечніка. У нас ёсць надзея, што ён будзе вызвалены. Тым больш што ўсе фігуранты «справы 14‑ці» прызнаныя вязнямі сумлення«.

Арцёма Дубскага пакаралі двума гадамі абмежавання волі ў «справе 14‑ці». Падчас адбыцьця пакараньня супраць яго распачалі яшчэ адну крымінальную справу — за карыстанне чужой сім‑карткай для выхаду ў інтэрнэт.

Калі міліцыянты склалі два рапарты за тое, што не заспелі Арцёма дома ў часе праверкі, хлопцу сталі пагражаць трэцяй крымінальнай справай.

На судзе Арцём казаў, што менавіта гэта падштурхнула яго з’ехаць ва Ўкраіну.

Арцёмава маці Алена Дубская не чакала, што яе сына возьмуць пад варту ў судовай залі. Учора яна перадала яму харчы. Спатканне адбудзецца днямі ў бабруйскім следчым ізалятары, куды Арцёма перавязуць 10 ліпеня.

«Ну, віна яго, канечне, ёсць. Я ж не кажу, што ён не вінаваты… Ён з’ехаў ва Ўкраіну. Але адзін год зняволення… Навошта тады яго адпускалі? Выпусцілі яго тады раптоўна з Бабруйску. Ён мне тэлефануе: «Мама, прыязджай за мной». У яго былі іншыя планы. Хацеў паехаць ва Ўкраіну, там знайсці працу. Тут яму жыць і працаваць не дадуць».

Анатоль Лябедзька лічыць, што акцыі салідарнасці з палітвязнямі служаць маральнай падтрымкай, але не ўплываюць на беларускія ўлады.

«Калі людзі знаходзяцца за кратамі і не адчуваюць пульсу жыцця, і адчуваюць, што засталіся сам‑насам з турэмным начальствам, то псіхалагічна ім вельмі цяжка.
Беларускія ўлады ўзялі на ўзбраенне тое, што выкарыстоўваюць асобныя ваенізаваныя групоўкі на Каўказе ў Чачні, у Інгушэціі, калі яны бяруць закладнікаў і потым патрабуюць выкуп і за гэта вырашаюць свае нейкія праблемы і пытанні: набываць зброю, харчы… Так робяць і беларускія ўлады. Выкарыстоўваюць жывых людзей як рэчы для дасягнення сваіх мэтаў».

Паводле судовага рашэння, паўгода пазбаўлення волі скасуюць той тэрмін пакарання, які мусіць адбыць Арцём паводле «справы 14‑ці». Год пазбаўлення волі Арцём Дубскі будзе адбываць у папраўчай калоніі агульнага рэжыму.

Раней суд Маскоўскага раёну Менску пакараў непаўналетняга Максіма Дашука ў аналагічнай справе, дадаўшы яму яшчэ два дні да папярэдняга тэрміну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?