У Еўрасаюза вялікія планы ў дачыненні да Беларусі. Пра гэта заявіла надзвычайны і паўнамоцны пасол Францыі ў Беларусі Мірэй Мюсо на прэс‑канферэнцыі ў Мінску 9 ліпеня. «Спадзяемся, што Беларусь зойме сваё заслужанае месца на еўрапейскім кантыненце, у еўрапейскай сям’і», — сказала пасол.

Яна зазначыла, што пасля рашэння ў кастрычніку 2008 года аб часовым прыпыненні санкцый ЕС у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў узаемаадносіны Беларусі і Еўрасаюза пачалі паляпшацца. «Але, на нашу думку, яшчэ шмат трэба зрабіць на шляху наладжвання адносінаў, асабліва Рэспубліцы Беларусь», — падкрэсліла дыпламат.

Паводле слоў Мюсо, Еўрасаюз «бярэ ў разлік» тыя паляпшэнні, якія ўжо зроблены беларускім бокам, і чакае далейшых пазітыўных крокаў. «Мы ведаем, што цяпер, у прыватнасці, абмяркоўваецца магчымасць зменаў у Выбарчы кодэкс і паляпшэння ўмоў працы прафсаюзаў», — сказала пасол.

Яна падкрэсліла, што ЕС чакае ад Беларусі паважання такіх асноўных дэмакратычных свабод, як права грамадзян на стварэнне аб’яднанняў, свабоду асацыяцый і свабоду прэсы. «Спадзяемся, што будуць зроблены важныя захады ў гэтым кірунку, якія паслужаць умацаванню адносінаў. Для Еўрасаюза і еўрапейскай грамадскай думкі вельмі важныя гэты паляпшэнні», — заявіла дыпламат.

Адказваючы на пытанне пра тое, як доўга ЕС наважаны чакаць далейшых крокаў з боку Мінска, Мірэй Мюсо зазначыла: «Размова не ідзе аб тым, каб зафіксаваць канкрэтную дату. Таму што кожнае грамадства развіваецца паводле сваіх рытмаў і патрэбаў. Размова ідзе аб тым, каб рухацца па правільным шляху. Я хачу, каб Еўропа стала кантынентам міру, дружбы і ўзаемаразумення паміж народамі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?