10 ліпеня 1994 году Аляксандр Лукашэнка перамог на першых у гісторыі незалежнай краіны прэзідэнцкіх выбарах.

Прэзідэнцкая форма праўлення была прадугледжана новай Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, якую Вярхоўны Савет прыняў 15 сакавіка 1994 года. Першыя выбары прэзідэнта былі прызначаныя на 23 чэрвеня 1994 года. У іх бралі ўдзел шэсць кандыдатаў, якія прадстаўлялі даволі шырокі спектр палітычных сіл: кіраўнік урада Вячаслаў Кебіч, былы старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч, лідэр Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» Зянон Пазняк, сакратар ЦК Партыі камуністаў Беларусі Васіль Новікаў, кіраўнік Саюза аграрнікаў Беларусі Аляксандр Дубко і дэпутат Вярхоўнага Савета, дырэктар саўгаса «Гарадзец» Шклоўскага раёна Аляксандр Лукашэнка.

У другі тур выйшлі Лукашэнка і Кебіч, якія набралі адпаведна 44,82% і 17,32% галасоў выбаршчыкаў (Пазняк набраў 12,82%, Шушкевіч — 10%, Дубко — 6%, Новікаў — 5%).

Другі тур выбараў прэзідэнта адбыўся 10 ліпеня 1994 года. Аляксандр Лукашэнка атрымаў падтрымку 80,1% выбаршчыкаў. Яго асноўны сапернік — 14,1% галасоў.

Незалежныя назіральнікі ацанілі першыя выбары прэзідэнта Беларусі як адносна свабодныя і дэмакратычныя, зазначыўшы пры гэтым выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу і элементаў «чорнага піяру» супраць канкурэнтаў прэм`ера Кебіча.

У сваю чаргу многія палітолагі назвалі вынікі выбараў 1994 «электаральнай рэвалюцыяй». На іх думку, шараговыя грамадзяне, замучаныя эканамічным бязладдзем, звязаным з распадам СССР, такім чынам выказалі недавер старой наменклатуры і прагаласавалі за праграму «навядзення парадку», вяртання ў адносна паспяховыя і спакойныя часы «развітога сацыялізму».

Аналізуючы ўласныя памылкі, дапушчаныя падчас перадвыбарнай кампаніі, Вячаслаў Кебіч у сваёй кнізе «Спакуса ўладай» піша: «Ці мог я не прайграць? Вядома, мог. Калі б спаўна задзейнічаў, прычым на зусім законных падставах, адміністрацыйны рэсурс, як гэта робіцца цяпер у нас, у Расіі, іншых краінах. Не зрабіў гэтага па глупстве. Я паспадзяваўся на свой штаб, штаб паспадзяваўся на мясцовую ўладу, мясцовая ўлада паспадзявалася на ўдачу… Калі б запатрабаваў ад дзяржаўных СМІ не забываць пра свой дзяржаўны статус і паменш ліць бруду на ўладу. Калі б, карыстаючыся прыязным распалажэннем Ельцына, Чарнамырдзіна, я запэўніў Крэмль, што Беларусь ніколі не павернецца да Расіі спінай, не пойдзе ў абдымкі Захаду. Такія прагнозы рабіліся некаторымі спецслужбамі, і яны падыгрывалі не мне, а Аляксандру Лукашэнку, які гуляў маімі ж інтэграцыйнымі козырамі».

Другі кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 1994 года Зянон Пазняк мяркуе, што перамога Аляксандра Лукашэнкі не была гарантаваная: «Нягледзячы на вельмі грунтоўна прапрацаваную аперацыю ў КГБ і ў Лубянцы з выкарыстаннем магутных прапагандысцкіх і агентурных рэсурсаў з шырокім і ўмелым захопам (на пратэстнай хвалі) часткі фронтаўскага электарату, у рэальнасці не існавала, аднак, ніякай пэўнасці ў перамозе Лукашэнкі на выбарах. Аднак галоўнай небяспекай для рэжыму Кебіч і ўся наменклатура лічылі Народны Фронт і яго кандыдата ў прэзідэнты, і таму перад другім турам яны, фактычна, расчысцілі дарогу Лукашэнку. У сваіх нядаўніх успамінах Кебіч шчыра ў гэтым прызнаўся, кажучы, што агульнай перамогай яго і Лукашэнкі на выбарах стала тое, што яны разам выступілі як саюзнікі і не дапусцілі да ўлады Пазняка».

Сяргей Пульша, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0