Віктар Манаеў у ролі месье Піньёна.
Камедыя Франсіса Вебера «Вячэра з прыдуркам» — бяспройгрышная. Пра новую пастаноўку Купалаўскага тэатра піша Павал Касцюкевіч.
Даеш Парыж!
Часам краіне, у якой не дужа добра ідуць справы, трэба вайна. Няхай маленькая, але гарантавана пераможная. Пасля леташняга гармідару з адкрытым лістом актораў пра незайздросны стан рэчаў у тэатры, «Купалаўскаму каралеўству» і яго новаму мастацкаму кіраўніку Мікалаю Пінігіну патрабавалася менавіта такая маленькая перамога. Можа таму, замест таго, каб замахнуцца на Вільяма нашага Шэкспіра, была выбраная бяспройгрышная камедыя Франсіса Вебера «Вячэра з прыдуркам».
…Паспяховы бізнэсовец, выдавец, П'ер Брашан мае інтэлектуальную забаўку: штотыдзень запрашае на вячэру якогасьці ёлупа, каб у коле сяброў пацешыцца з яго недарэчных прамоваў. Але здараецца неспадзяванка: ад месье Брашана ўцякае жонка, і ўзорны паспяхоўца вымушаны скарыстацца навыкамі такога ж узорнага — але прыдурка, Франсуа Піньёна, які сваімі нязграбнымі паводзінамі можа сапсаваць любую сітуацыю і гамоніць выключна пра свае зробленыя з запалак мадэлі…
Вайна «Купалаўскага» выйграная. Зарукай таму былі і абкатанасць п'есы (колькі гадоў таму пінігінскі «Мікола-тэатр» ставіў яе на сцэне Клубу імя Дзяржынскага па-расійску), і дасціпныя дэкарацыі з актыўным выкарыстаннем відэашэрагу, і акторскім склад. Бурлескнае абое-рабое, Сяргей Журавель (месье Брашан) і Віктар Манаеў (месье Піньён) спрактыкавана варажыла на сцэне, і калі было на што наракаць, дык толькі на тое, што для поўнага АРТыстычнага трыюмвірату не ставала заслужанага чорта Беларусі Ігара Забары.
У параўнанні з «дзяржынскай», купалаўская версія «Вячэры з прыдуркам» нават зазнала касметычны рамонт: лёгкае перакручванне некаторых фразаў з мэтаю наблізіць іх да беларускай класікі: «Няма таго, што раньш было», — выгукае сябар месье Брашана, згадкі пра крызіс і г.д.
Людзі і прыдуркі
Заўзятыя тэатралы кажуць, што на расійскай версіі яны так не цешыліся. Але, вядома,
рэч не ў мове — змяніўся глядач.Калі колісь «Вячэру» яшчэ падавалі як «Ужин», тое была камерная камедыя сітуацыяў пра далёкае французскае жыццё. На Купалаўскай сцэне вымаляваліся раней нераскрытыя тэмы, і п'еса атрымала жаданую аб'ёмнасць.
За гэтыя гады мы яшчэ больш абраслі ўсімі гэтымі еўрапейскімі штучкамі: ад поўнай залежнасці ад электронных цацак да прыватнай шызы з калекцыянаваннем усяго-усялякага.Колькасць прусакоў у беларускай галаве за апошнія гады памножыліся і стала прыблізна роўнай сярэдняму еўрапейскаму стандарту.
Цяпер прыватнае дзівацтва — неад'емная частка жыцця. Адзін, як месье Піньён, апантаны макетамі з запалак, другі, яго сябар, падатковы інспектар, зацыклены на працы. Вебераўскія героі як бы нагадваюць, што ўслед за французамі прыйшла і наша чарга навучыцца трываць побач з сабою дзівацтвы іншых: «Падумайце сем разоў перад тым, як назваць каго-небудзь прыдуркам», — кажа пад канец сімпатычны ёлуп Піньён.
Акрамя таго, цяпер сюжэт — не якаясці экзатычная (о-ля-ля!), незразумелая для беларускага гледача гісторыя пра візіт нейкай там падаткавай інспекцыі. Гэтым разам
уся сітуацыя жыва нагадвала АБЭЗаўскія наведванні да прыватнага прадпрымальніка.
«Вячэра з прыдуркам» з п'есы пра парыжанаў, якія ўжо гадоў пяцьдзесят як не турбуюцца пра свой страўнік, пакрысе ператвараецца ў п'есу пра таксама ўжо сытых мінчукоў.
Прыспела і наша чарга адказываць на пытанне: «Чым мы зоймемся, калі наямося?»Новая пастаноўка «Купалаўскага» — нагода нязлосна, але дасціпна пасмяяцца з сябе сучасных і з таго прыдурка, якім мы часта выбіраем быць.