Вучонага палачаніна Сімяона ўспамінаюць пераважна як драматурга і паэта. Між тым сам ён лічыў сябе найперш тэолагам. Ім напісаны шэраг багаслоўскіх прац, у якіх разглядаюцца ледзь не ўсе актуальныя рэлігійныя пытанні таго часу.
Якія ж праблемы хвалявалі нашых продкаў? Сярод іх ёсць дзіўныя, на наш погляд, але для тагачаснага чалавека важныя пытанні. Напрыклад, чаму Хрыстос нарадзіўся ў снежні, ці мог ён гаварыць адразу пасля нараджэння, чаму яго прыбілі чатырма, а не трыма цвікамі? З другога боку, Сімяон закранае і вечнае пытанне: нашто Бог стварыў чалавека? Адказ традыцыйна тэалагічны, каб людзі занялі месца зрынутых анёлаў. Калі б Адам і Ева не саграшылі, у іх усё роўна б нараджаліся дзеці, толькі без болю, смуроду, і у прызначаны час бацькі ўзносіліся бы на неба, пакідаючы месца ў зямным раю дзецям.
З матэматычнай дакладнасцю Сімяон падлічвае колькі першая пара жыла ў раі — тры гадзіны.А саграшыла ў шостай частцы дня, таму і Хрыстос, выкупляючы грэх Адама, быў распяты а шостай гадзіне дня.
З такой жа дакладнасцю Сімяон апісвае будову свету. Ён трымаецца арыстоцелеўска-пталамееўскай мадэлі: у цэнтры — Зямля, вакол — зоркі і сем планет, якія ён называе на грэцкі манер Крон (Сатурн), Дэй (Юпітэр), Афрадыта (Венера), Ермій (Меркурый)… Да планет Сімяон адносіць таксама Месяц і Сонца. І тут не абыходзіцца без арыфметычных разлікаў. Сімяон падлічвае, што
самая маленькая зорка ў 80 разоў большая за Зямлю, а Месяц у 30 разоў меншы. Сонца пераўзыходзіць нашу планету ў 66 разоў.Калі б сын Гаўрылы з Полацку жыў у старажытных Афінах, яго б безумоўна прынялі ў платонаўскую Акадэмію, дзе матэматыцы аддавалася перавага перад іншымі навукамі.
У той жа час трэба прызнаць, што вучоны палачанін адставаў ад такіх сваіх суайчыннікаў як Казімір Лышчынскі і Лаўрэнцій Зізаній, якія ўжо прыйшлі да капернікаўскай сістэмы і ідэі множнасці светаў.
Як кожнага верніка Сімяона хвалююць праблемы эсхатологіі: як, напрыклад, адбудзецца ўваскрэсенне мёртвых. Ён дапускае, што
пры такім складаным працэсе часткі цела могуць пераблытацца: рукі апынуцца на месцы ног, але гэта не сапсуе вобразу чалавека.Зноў жа ў новым чалавечым целе не будзе ніякага бруду, семя, бо Хрыстос сказаў: «У царстве маім не бяруць шлюб і не жадаюць, а ўсе падобны анёлам нябесным».
Шмат увагі надаецца постаці Антыхрыста. Паводле Сімяона, гэта будзе чалавек незвычайнай прыгажосці і розуму, але ўсе дзеянні яго накіраваны на зло. Антыхрыст спакусіць многіх. У яго з’явяцца ілжэапасталы, ілжэпрарокі, сярод іх нават адзін хрысціянскі святар.
Улада Антыхрыста працягнецца тры гады. Затым настане Страшны суд, які будзе цягнуцца ад 6-й гадзіны да 9-й, столькі, колькі Хрыстос вісеў на крыжы.
У гэтым плане варта ўспомніць яшчэ раз міф пра спрадвечную талерантнасць беларусаў. Сімяон Полацкі яго не пацвярджае. Для яго паганцы, юдэі, мусульмане і нават нехрышчоныя дзеці «беззаконна саграшылі, беззаконна і ў пекла пойдуць». Сімяон палемізуе с тымі, хто ліча, што кожны можа ўратавацца ў сваёй веры, калі ён добры і не робіць зла. Праўда, трэба прызнаць, што Сімяон, у адрозненне ад пратапопа Авакума ці ад другога яго сучасніка — украінскага пісьменніка Галятоўскага, не прыводзіць адкрыта-пагромных заклікаў. Суд над паганцамі ён давярае Богу.
Да веры сваіх сучаснікаў-маскоўцаў Сімяон таксама ставіцца крытычна. Ён адзначае ў іх шэраг забабонаў.Сярод іх трыманне пры сабе цыдулак ад хвароб, гаданне праз рэшата на крадзеж, аб поспеху ці няўдачы пры сустрэчах з людзьмі ці жывёлами і гэтак далей.
Працы Сімяона сапраўды энцыклапедычныя, і хоць у іх таксама шмат забабонаў, без іх нельга пазнаць да канца духоўны свет нашых продкаў.