11.07.2009 / 23:15

Чаму беларусы не перасаджваюцца на ровары З пошты рэдакцыі. 19

Пастаяў дзесяць хвілін на ажыўленым скрыжаванні Праспекта Рэспублікі з Маскоўскай у Брэсце. Налічыў каля пяцісот аўто. З іх у сарака былі занятыя усе месцы, крыху больш везлі толькі кіроўцу. Найбольш было з кіроўцам і адным пасажырам – каля паловы. Дзесьці кожны чацвёрты аўтамабіль вёз трох чалавек. Рэшта везла адно пустое месца.

Што з гэтага вынікае?

Больш за 60% аўто перавозілі паветра з дамешкам аднаго-двух чалавек.

А вось статыстыка з нямецкага Мюнстэра, роўнавялікага Брэсту, дзе мая каляжанка правяла такі самы эксперымент: на адной з найбольш загружаных вуліц зафіксавана за 10 хвілін каля 250 аўто. У кожным другім былі занятыя тры месцы, каля 60 везлі самотнага кіроўцу, 30 аўто перавозілі двух. Найменш – каля 20 – ехалі з поўным камплектам”.

У Лондане сярэдняя хуткасць аўто па гораду складае 12 км/г.
Колькі і сто гадоў таму, адно што тады аўтамабіль проста не мог развіваць большую хуткасць. Таму веласіпед становіцца тут грозным канкурэнтам аўто.

А ў Германіі дык веласіпедны бум. Паводле часопіса Deutschland, летась немцы набылі 4,5 млн ровараў. Эканомія грошай, прыемная язда паўз аўтамабільныя заторы, бясплатны фітнэс – вось козыры педальнага транспарту, піша часопіс. Агулам у Нямеччыне цяпер 68 млн веласіпедаў – у 80% сем’яў ёсць як мінімум адзін ровар.

Што да аўто, дык

практычныя немцы маюць такі адзіны ў сваім родзе бізнэс, як “падсадка” (Mitfahrt) – калі нехта едзе далёка, дык за некалькі дзён да паездкі дае інфармацыю аб тым, куды едзе і колькі людзей можа ўзяць, у банк дадзеных адмысловай фірмы. Туды тэлефануюць “бясконныя” бюргеры, альбо тыя, хто сам не можа сядзець за рулём, і запісваюцца, указваюць, дзе іх падабраць, і выгадна для гаманца кацяць у нейкі пункт прызначэння.
Але досыць пакуль пра грэх гэты, аўтамабіль.

Веласіпеднай сталіцай Еўропы з’яўляецца нямецкі Мюнстэр. Пры колькасьці жыхароў 270 тысяч тут каля 700 тысяч веласіпедаў.

Але вернемся да родных пенатаў. Аптымізму, што да мяне, жарснага прыхільніка і юзэра веласіпеда, няшмат. Найперш людзі нашы вялікія кансерватары. Адзін знаёмы падзяліўся такім характэрным штрыхом. Трэба было яму абсправаздачыць бензін на паездку, а чэк забыўся ўзяць. Пайшоў прасіцца на запраўку. “Дык запраўшчыца цэлы рулон перагледзела – а там крутыя машыны перада мной ад’ехалі, джыпы ды бээмвухі дутыя, – ні аднаго цэтліка на літраў пятнаццаць, амаль усе запраўляюць пяць літраў. Абы пафарсіць, а ў кішэнях пуста”.

Другі знаёмы тлумачыць: народ у нас любіць павыстаўляцца. Аўтамабіль гэта паказнік сацыяльнага статусу. Няхай сабе кватэра “хрушчоўка”, і гаража няма – пад вокнамі аўто стаіць альбо на адкрытай пляцоўцы, – затое казырна сесьці так вальяжна на вачах людзей за руль… За руль чаго?

Парк аўто ў Брэсцкай вобласьці паказальны – паводле статыстыкі абласной ДАІ, кожны сёмы аўтамабіль старэйшы за 20 гадоў. Асноўны масіў прыватнага аўтапарку старэйшы за 10 гадоў. А ў Злучаных Штатах, прыкладам, аўто старэйшае за 10 гадоў лічаць даспелым для прэса на звалцы металалому – бо яго абслугоўваць нерэнтабельна.

У Брэсце няма пакуль інфраструктуры для веласіпеда.

Тратуар нідзе не падзелены для пешаходаў і веласіпедыстаў. Жахліва гарбатыя, калі ёсць, з’езды з бардзюраў. Закрайкі вуліцаў, якімі звычайна кіруюцца веласіпедысты, часта калдобістыя
ад гэтак званай “каляіны” – профілю ў асфальце, які вытоптваецца, у асноўным, цяжкімі тралейбусамі-аўтобусамі. Калі асфальтавыя гарбы і зрэзаныя фразой дарожнай машыны, дык небясьпека ўсё адно так і лунае ў паветры.

Паводле інфармацыі з аддзелу агітацыі і прапаганды абласнога ДАІ,

за мінулы год у Брэсцкай вобласці загінула 20 веласіпедыстаў, 75 атрымалі траўмы.
Думаецца, каб было так, як у мікрараёне Кавалёва абласнога цэнтра ля веславальнага канала – а там усталяваная асветленая веладарожка даўжынёй 2,5 кіламетра – дык гэтай сумнай статыстыкі наогул не было б. Ёсць, скажам, кіламетраў з дваццаць неблагой месцамі веладарожкі ўздоўж трасы Брэст – Кобрын. Але ж больш не робяць. А каб былі зрухі – больш народу наважылася б перасесці на вела.

Ля Брэста нядаўна пабудаваны завод “Еўрабайк”. Я пацікавіўся, ці прыветны для гаспадароў прадпрыемства беларускі рынак. Апынулася: большасць прадукцыі ідзе на экспарт. Тым не менш, у адміністрацыі завода аптымісты: маюць дамову з мэрыяй Мінска аб пабудове 23 км веладарожак. Спадзяюцца на тое сама і ў Брэсце.

Я вось што думаю. Не пашэнціла нам з хобі прэзідэнцкім. Хай бы ён лепей на веліку ганяў. Бо “коўзанка”, асабліва хакей, – гэта ж яскрава выражаны экстрэмальны від спорта. А веласіпед больш карысны, даступны, народны і, ва ўмовах крызісу, перспектыўны.

Яўген Бяласін, Інга Абрамава

0
eisernWolf / Адказаць
12.07.2009 / 00:16
Дарэчы менавіта прапаганда ровараў прывяла-б да памяншэння затораў на дарогах. Я, прыкладам, наогул ня бачу сэнсу перасоўвацца па цэнтры й уздоўж лініяў мэтро на аўто. Але-ж у нашага народу комплекс: аўто - гэта сымбаль заможнасці, а ровар - сымбаль галечы. Пакажыця мне хаця-б аднаго дырэктара, каторы не пасаромеўся-б на бізнэс-сустрэчу прыехаць на ровары ў пінжаку. Але-ж у нас дагэтуль прынята туману ў вочы пускаць, перш за ўсё самому сабе праз свае-ж псыхалягічнага кшалту хібы. Вось яшчэ на пачатку 90-х - ясна памятаю - былі такія штукі мэталічныя для "лесапедаў" каля крамаў, публічных установаў, а зараз і таго ня стала. Гэта мы ціпа лепей жыць сталі ці што?
0
Цукар / Адказаць
12.07.2009 / 00:42
Дзякуй, выправілі. - web.
0
Юрась Зянковіч / Адказаць
12.07.2009 / 02:20
А ў Злучаных Штатах, прыкладам, аўто старэйшае за 10 гадоў лічаць даспелым для прэса на звалцы металалому – бо яго абслугоўваць нерэнтабельна. Хто вам гэта сказаў? Амэрыканцы ўмеюць лічыць грошы, і асноўная маса аўто на вуліцах -- як раз каля 10 год узросту. Таму што каштуюць яны разоў у 5-8 таньней за новыя, да таго ж іх можна набыць за грошы, а не ў крэдыт, і гэта дасьць вялікую эканомію на страхоўцы (калі машына ў крэдыт, то трэба абавязкова мець "поўнае каска"). А новыя машыны купляюць тыя, хто можа сабе дазволіць -- працэнтаў 30 грамадзтва.
Паказаць усе каментары/ 19 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру