У менскай кавярні «Лёндан» працуе выстава маладога фотадакумэнталіста Андрэя Лянкевіча, якая завецца «Езіды». Езіды – невялікі народ у Арменіі. Андрэй Лянкевіч правёў у горнай краіне каля году, у тым ліку – тры месяцы разам зь езідамі. Фатограф абраў незвычайную форму для сваёй выставы. Работы разьмешчаныя ня толькі на сьценах, але таксама на сталах.

Пра езідаў, мастацтва, дакумэнталістыку з Андрэем Лянкевічам гутарыць Севярын Квяткоўскі.

(Севярын Квяткоўскі: ) «Як вы акрэсьліваеце жанр сваіх здымкаў?»

(Андрэй Лянкевіч: ) «Вельмі цяжка сказаць, што вось гэта ўжо мастацтва, а гэта яшчэ – не. Той здымак, які запамінаецца, які падабецца, які трыме цябе, які ты ўзгадваеш, відаць, ён і ёсьць мастацтва. Бо ты змог гэтым здымкам нешта ў чалавеку зачапіць. Самае галоўнае для мяне, каб чалавек адрэагаваў на тое, што ты робіш. Фотарэпартаж робяць некалькі месяцаў. Часам – гадамі. Часам некалькі дзясяткаў гадоў. Няма здымку безь цябе. Ты сам сябе ўкладаеш у здымак. І пра сябе самаго распавядаеш з гэтымі людзьмі.

Зь езідамі я быў амаль тры месяцы. Я еў зь імі, спаў зь імі. Я рабіў усё, як яны. У нас не было адрозьненьняў. Толькі была адна вялікая мяжа паміж намі – я быў назіральнікам, яны гэта добра разумелі. Але я піў зь імі гарэлку, я ўздымаўся разам зь імі а чацьвертай раніцы, я разам зь імі мок пад дажджом, ішоў у горы, спаў у намёце. Я быў імі. Але ў мяне была іншая структура ў галаве».

У савецкія часы былі фотаэсэ, фотанарысы… Для мяне гэтыя словы цяжкія, я іх не разумею. Я разумею слова «расповед». Я пачынаю чымсьці і заканчваю. Маё «я» ты ніколі ня зможаш выкрасьліць. Кожны з нас бачыць адно, чуе адно і г.д. Ты ня можаш сказаць, што мяне няма ў гэтых здымках. Сёньня ёсьць толькі два разуменьня фотаздымку: гэта фотаапавяданьне, і сынгаль – адзін фотаздымак. Альбо ты кажш усё адным здымкам, альбо ты робіш фотарэпартаж і паказваеш дванаццаць клясычных. Альбо ты адыходзіш ад формы і паказваеш іншае. У кожным здымку чалавек, які разумее, што ён робіць, спрабуе дасягнуць узроўню мастацтва. Калі ты спалучаеш інфарматыўнасьць з формай, і калі ўсё гэта грае, і ў чалавека ёсьць рэакцыя, то, відаць, ёсьць і мастацтва».

(Квяткоўскі: ) «Форма выставы дастаткова нязвыклая, прынамсі, для Менску. Я бачыў фотаработы на сьценах, але я ніколі ня бачыў, каб работы рэпрэзэнтаваліся яшчэ і на сталах».

(Лянкевіч: ) «Форма выставы – форма таго, як ты хочаш паказаць менавіта ў гэтым месцы тое, што ў цябе ёсьць. Сталы былі спэцыяльна зробленыя, бо гэта кавярня. Людзі, калі ядуць, яны глядзяць у талерку, яны глядзяць уніз. Гэта з аднаго боку правакацыя, з другога боку – спроба навязаць дыялёг. Гэта такая дэмакратыя: я адкрыты – вось маё, вы на гэтым можаце есьці, можаце піць. Гэта мая адкрытасьць.

(Квяткоўскі: ) «Існуе «fiction» і «nonfiction»: тое, што завецца «мастацкае кіно» і «дакумэнтальнае кіно». Хоць у сучаснасьці гэтыя паняткі можна зьмешваць…»

(Лянкевіч: ) «Так, зараз усё можна зьмешваць. Але ёсьць , напрыклад, два самыя галоўныя агенцтвы, якія прадаюць фотаздымкі. Яны самыя славутыя, самыя знаныя – «Магнум» і «Ву». Калі ты працуеш на гэтыя агенцтвы, то там па вызначэньні зразумела, што здымак ня можа быць пастановачны. А таксама няма аніякіх сродкаў апрацоўкі фотаздымку. Ну, гэта проста зарабляньне грошай. Але ты сам сябе спрабуеш адшукаць у іншых сытуацыях».

(Квяткоўскі: ) «Але тут тваё «я» зьмяншаецца».

(Лянкевіч: ) «Калі ты працуеш на заведама вызначаны фармат – так».

(Квяткоўскі: ) «Пад тваімі фотаздымкамі няма подпісаў. Гэта сьвядома зроблена, каб чалавек успрымаў фотаздымак сам па сабе, без кантэксту езідаў ці не езідаў?»

(Лянкевіч: ) «На пачатку выставы ёсьць невялікая справаздача, дзе напісана, хто гэта, што гэта , чым яны займаюцца. Я доўга думаў: падпісваць – не падпісваць… Проста некаторыя рэчы трэба адчуваць».

(Квяткоўскі: ) «Адна справа – на ўваходзе вісіць маленькі аркушык, дзе інфармацыя пададзеная маленькімі літарамі, іншая – чалавек заходзіць у кавярню і раптам бачыць перад сабою здымак, які яго «чапляе», і чалавек ня ведае, што перад ім езіды. Ть бок, для цябе мастацкая вартасьць здымку больш важная за дакумэнтальную?

(Лянкевіч: ) «У кожным гэтым здымку – вялікае апавяданьне. Першая правакацыя – каб зьвярнуць увагу. Далей чалавек ідзе сам. Калі ён уступіць у дыялёг, і пачне разважаць і думаць, і пытаць, то ён проста знойдзе гэтую паперку, ці падыдзе да бармэна, і запытае: чые гэта здымкі? Ззаду стаяць паштоўкі з маімі тэлефонамі. Калі чалавек хоча, то ён атрымоўвае. Так, як у мяне было шмат сытуацыяў: ты сядзіш у кавярні, грае музыка, ты пытаеш якая, занатоўваеш, ідзеш, і набываеш. Табе даецца нейкі штуршок, і ты далей дзейнічаеш сам».

(Квяткоўскі: ) «У дадзеным выпадку ёсьць два варыянты. Альбо чалавек зацікавіцца працай фатографа, альбо чалавек зацікавіцца народам езідамі».

(Лянкевіч: ) «Мяркую, больш працай фатографа. Бо заўсёды цікава, чые гэта здымкі. Я чуў такіх пытаньняў дзевяноста адсоткаў: «чые гэта здымкі?» – пытаюць, а ня «хто гэта?»

(Квяткоўскі: ) «Магчыма, гэты прыклад можа праілюстраваць дыскусію пра мастацкасьць і дакумэнтальнасьць».

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0