Завершаны першы круг чэмпіянату Беларусі па футболе. БАТЭ адарваўся ад канкурэнтаў на 12 балаў. Перашкодзіць барысаўцам стаць шасціразовым чэмпіёнам краіны могуць толькі … самі барысаўцы.

13 тур расцягнуўся на тры дні: з пятніцы па нядзелю.

10 ліпеня БАТЭ ў гасцях разграміў «Гомель» – 3:0, іншыя матчы: «Нафтан» – «Дынама» Брэст – 1:0, «Мінск» – «Смаргонь» – 2:0.

У суботу прайшлі дзве гульні: «Тарпеда» Жодзіна – «Нёман» Гродна – 3:0, «Шахцёр» Салігорск – «Граніт» Мікашэвічы – 0:0.

Завершыўся тур у нядзелю. У Мінску МТЗ-РІПА саступіў «Віцебску» – 1:2, а ў Магілёве мінскае «Дынама» выйграла ў «Дняпра» з лікам 1:0.

Такім чынам першы круг скончаны:

Турнірнае становішча: БАТЭ – 34, Нафтан, Дынама Мінск, Тарпеда – 22, «Дняпро» – 20, «Нёман», «Дынама» Брэст – 19, «Гомель», «Шахцёр», «Мінск» – 18, МТЗ-РІПА – 14, «Віцебск» – 13, «Граніт» – 12, «Смаргонь» – 5.

Адрыў БАТЭ ад канкурэнтаў складае 12 балаў, і тэарэтычна пяціразовага чэмпіёна Беларусі дагнаць, канечне, можна.

А вось «Смаргонь» ад вылету ў першую лігу выратуе хіба збанкрутаванне ажно трох канкурэнтаў. Нагадаем, што сёлета вышэйшую лігу мусяць таксама пакінуць тры клубы.

***

Чэмпіянат Беларусі пакуль бярэ тайм-аўт.

У тым ліку і таму, што на гэтым тыдні аматараў футболу зноў чакаюць еўракубкі.

З 2-га кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў бярэ старт БАТЭ. Барысаўскі клуб гуляе з «Македоніяй ГП».

Першы матч – 14 ліпеня (аўторак), ён пройдзе ў гасцях. Матч у адказ – праз тыдзень. Але ўжо 17 ліпеня пройдзе лёсаванне 3-га раўнду і будзе названы мажлівы супернік аднаго з клубаў у наступным раўндзе. Сярод тэарэтычных канкурэнтаў - зноў «Леўскі».

Наваполацкі «Нафтан» на гэтым тыдні стартуе з 2-га кваліфікацыйнага раўнду Лігі Еўропы. Яго супернік – бельгійскі «Гент».

Першы матч пройдзе ў фестывальным Віцебску (наваполацкі стадыён не адпавядае еўракрытэрам) 16 ліпеня. Пачатак у 18:00.

Мінскае «Дынама» 16 ліпеня на галоўнай футбольнай арэне беларускай сталіцы згуляе першы матч з нарвежскім «Тромсё» – самым паўночным прафесійным клубам свету. Пачатак у 19:00.

МТЗ-РІПА ў 2-м кваліфікацыйным раўндзе Лігі Еўропы, нагадаем, будзе гуляць з данецкім «Металургам».

Першы матч 16 ліпеня ў гасцях (пачатак у 19:30). 23 ліпеня – матч у адказ у Мінску.

Банальна, але хварэем за нашых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?