13.07.2009 / 14:51

Гаўптвахта. Дзённік салдата 5

Чакаць ад армейскай турмы карэктнага і гуманнага стаўлення і належных умоваў утрымання немагчыма. Піша Іван Шыла.

Фота saligorsk.org

Чакаць ад армейскай турмы карэктнага і гуманнага стаўлення і належных умоваў утрымання немагчыма. Піша Іван Шыла.

Злачынцаў апраўдваць нельга, у тым ліку і вайсковых. Тым больш варта разумець, што армія накладае дадатковыя абмежаванні і адказнасць. Але неабходна адштурхоўвацца ад таго, што пакаранне ставіць на мэце перавыхаванне шляхам пераасэнсавання і усведамлення, а не толькі прымусам і запалохваннем.

Сядзеў я ў адзіночнай камеры, так вырашылі ўжо на месцы, ігнаруючы намеры маіх камандзіраў. Каб меней праблемаў. Якія тут могуць быць праблемы, калі чалавек суткамі знаходзіцца у памяшканні плошчаю 3 кв.м і бачыць людзей тры‑чатыры разы на дзень: калі ходзіш у туалет, падчас «шмону» пры змене нараду і вываду на паўгадзінны шпацыр.

Схадзіць у туалет — 2‑3 хвіліны, можа і меней. Залежыць ад канваіра і яго настрою. За гэты час трэба паспець пагаліцца, пачысціць зубы і справіць патрэбы. «Адзіночкам» прасцей, ты амаль увесь гэты лімітаваны час адзін у памяшканні прыбіральні адзін. Арыштантам з агульных камераў ставіцца тая задача, толькі на дзве ўмывальні пяць‑шэсць чалавек.

Паказваць канкрэтныя пастановы з нормамі, якія рэгулююць распарадак дня, не хочуць.

Адзіная пастанова — выконваць загады. А тут прастора для фантазіі вялікая.

У камеры стул, прыбіты да падлогі, столік, адкідныя нары і «кармушка» — туды падаюць ежу. Кормяць па вайсковых мерках няблага, але якасць прыгатавання ўсё‑ткі горшая ў параўнанні з часткаю.

Зрэшты, не галодны, бо «адзіночкі» да працаў не прыцягваюцца. Толькі раз на суткі прыбіраецца камера. Астатнім салдатам складаней — час для абеду ці вячэры абмяжоўваецца, па тых жа прынцыпах, як і падчас наведвання туалету.

У камеры дазваляецца сядзець і стаяць, роўна і каб былі бачныя твар і рукі. Правярае вартаўнік, які на працягу сутак кожныя паўтары хвіліны заглядае ў камеру.

Забаронена ўсё, апроч чытання вайсковых статутаў. Ды і тых не чатыры кніжкі, а некалькі старонак.

Асвятленне штучнае. Вызначыць колькі часу немагчыма. Стала ўключаны дзве лямпачкі, у тым ліку ноччу. Гадзіннікі мець не дазваляецца.

Асноўная цяжкасць — абмежаванне не толькі фізічнай свабоды, але і поўная адсутнасць магчымасцяў для задавальнення пэўных духоўных патрэбаў: чытаць, пісаць і атрымоўваць лісты, кантактаваць з блізкімі, для вернікаў вывучаць Святое Пісанне. Нават паліць забаронена.

Найбольш частыя выразы пра «губу» — «яна зараз ня тая» ды і «што за салдат, які не сядзеў». Толькі ці ўсе з іх сядзелі. Няма там падставаў для гонару. Спужаныя твары, жывёльныя інстынкты і статак ёсць, я сам і быў яго часткаю.

Гаворачы пра сувымернасць пакарання, трэба зазначыць, што камандзіры маюць бязмежную прастору для вынясення прысудаў. Дакладная працэдура нідзе не пазначаная.

Большасць сядзіць за бойкі, самаволкі і п’янкі. Але часта арышты выносяць адвольна. Напрыклад, за паслаблены рамень у нашай брыгадзе хлопец атрымаў 10 сутак.
Парушэнне формы вопраткі было толькі фармальнай прычынай і наогул не з’яўляецца грубым праступкам. Сапраўдная прычына — няўменне падтрымліваць дысцыпліну іншымі метадамі, вось і абіраюць шлях сталых арыштаў.

Яшчэ адзін яскравы паказчык якасці рэалізацыі прынцыпу адзінаначальства — залежнасць тэрміну арышту ад адлегласці да Мінску. Адпаведна, чым далей, тым больш даюць, каб час і бензін не марнаваць.

Жорсткасць дае вынікі. Гаўптвахта страшнае месца і ёсць эфектыўным стрымліваючым фактам. Але і адрубанне пальцаў за дробны крадзеж таксама мела б плён.
А не можам, бо хочам звацца цывілізаваным грамадствам, гуманным і справядлівым.
Утрырую, але і «губа» ёсць такім адрубаннем пальцаў,
якое не дазваляе напоўніцу сцвярджаць пра дамінаванне гуманнасці і справядлівасці.

Іван Шыла, Межыца (Лепельскі раён)

0
Валеры Мазынскі / Адказаць
13.07.2009 / 16:07
Маеш рацыю Іване. Я магу тое самае сказаць, толькі было тое аж у 1966-67-68гадох.Нічога не зьмянілася...акром таго, што пра гэта цяпер можна вось так-вось распавесьці.Думаю, што і на гэта патрэбная адвага, бо "злуеш камандзёраў".Вось і выходзіць, што я быў тады РАБ, а ты цяпер ужо НЕ!!!
0
Zniesni lubiciel / Адказаць
13.07.2009 / 19:12
Ёсьцека ж файнае слова "жаўнер", што ўжываецца ў нас ад "сівой старасьвеччыны". А то -- "салдат"...
0
Хведар / Адказаць
14.07.2009 / 02:51
Беларусы сякуць, расейцы рубяць.
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру