У аўторак барысаўскі БАТЭ ў Скоп’е стартаваў у новым розыгрышы Лігі чэмпіёнаў. Супернікам нашай каманды з’яўляўся клуб, які носіць такое ж імя, як і краіна — «Македонія».
Было зразумела ад пачатку, што БАТЭ фаварыт пары. Усё ж леташні ўдзел у групавым турніры Лігі чэмпіёнаў значыць многае. Плюс да ўсяго футбольны сезон у Беларусі ў поўным разгары, а на Балканах міжсезонне.
Свой клас БАТЭ пацвердзіў галамі ў кожнай палове гульні. У першым тайме гол забіў Сяргей Крывец, а ў другім — Максім Скавыш. Абодва найлепшыя бамбардзіры сёлетняга ўнутранага першынства (маюць па 10 галоў).
Матч так і скончыўся з лікам 2:0. Гульня ў адказ у Барысаве пройдзе праз тыдзень, 21 ліпеня.
Нагадаем таксама, што на гэтым тыдні барацьбу ў Кубку Еўропы працягнуць тры беларускія клубы. У чацвер «Дынама» дома прыме нарвежскі «Тромсе», наваполацкі «Нафтан» у Віцебску — бельгійскі «Гент», а МТЗ‑РІПА ў Данецку сыграе з «Металургам».
0
0
0
0
0
0