Кіраўнік Расейскага імпэратарскага дома княгіня Марыя Раманава 16‑18 ліпеня наведае Гомельскую вобласьць.

Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Гомельскага аблвыканкаму. Там адзначылі, што княгіня прыяжджае ў Беларусь, каб «сустрэцца з суайчыньнікамі, пакланіцца сьвятыням беларускай зямлі і ўшанаваць памяць абаронцаў Айчыны».

Камэнтуючы гэтае паведамленьне першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка адзначыў:

«Раманавы — заваёўнікі нашай Бацькаўшчыны. Крывавыя. На руках Раманавых кроў ваяроў Касьцюшкі, Кастуся Каліноўскага й Зыгмунта Серакоўскага, паламаныя лёсы Багрыма й Багушэвіча ды мільёнаў, мільёнаў беларускіх сялянаў і шляхты, сьвятароў, мяшчанаў, князёў…

Рэкрутчына й нябачаны раней прыгон. Гвалтоўны разрыў гаспадарчых сувязяў з Эўропай і спыненьне разьвіцьця вольнага рынку. Перасьлед усіх веравызнаньняў, акрамя «дзяржаўнага». Урэшце, забарона ўжываньня самога імя нашай мовы і нашага народу, забарона друку па‑беларуску — вось што такое Расейская імпэрыя для беларусаў, у якіх акупантам не ўдалося ампутаваць памяць».

Паводле спадара Вячоркі, Раманавы лічаць сябе пераемнікамі расейскага манаршага пасаду.

«Таму толькі пасьля публічнага прабачэньня перад народам Беларусі за агрэсіўныя захопніцкія войны, за 145 год каляніяльнага паняволеньня,за этнацыд і перасьлед беларускай мовы ім можа быць дазволена перасекчы мяжу незалежнай Беларусі»

Паводле начальніка ўправы ідэалёгіі гомельскага аблвыканкаму Анатоля Кацілы, гэта «культурны» візыт.

«Вячорка мае права пісаць усё, што яму захочацца.

Я лічу, што любы візыт, калі ён прынясе дабро краіне, павінен адбыцца. Тым больш, што дзеці за сваіх бацькоў не адказваюць.

Культурны візыт і ёсьць культурным, і не перасьледуе ніякіх палітычных мэтаў. Наведае палац Румянцавых, паглядзіць славутасьці, чаму б і не?Даволі ўплывовая асоба ў сваёй сфэры і калі яна раскажа пра Гомель гэта ж толькі плюс. Ня выключана, што прыцягне турыстаў, якім захочацца даведацца больш пра нашу краіну. Што тут дрэннага?» — задаецца пытаньнем Каціла.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0