15.07.2009 / 11:16

Міжнародная Федэрацыя Правоў Чалавека асуджае зняволенне Арцёма Дубскага 1

Міжнародная Федэрацыя Правоў Чалавека (FIDH) распаўсюдзіла заяву, у якой выступае з асуджэннем вынесенага прысуду фігуранту «справы 14‑ці» Арцёму Дубскаму.

«FIDH надзвычай заклапочаная нядаўнім асуджэннем актывіста «Маладога Фронта» Арцёма Дубскага да аднаго года турэмнага зняволення.

7 ліпеня 2009 года раённы суд Асіповічаў прызнаў сп. Дубскага вінаватым у парушэнні умоваў адбыцця пакарання паводле артыкула 415 Крымінальнага Кодэкса.

10 студзеня 2008 года сп. Дубскі прымаў удзел у мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў у Менску. Ён быў арыштаваны і абвінавачаны па артыкуле 342 Крымінальнага Кодэкса («арганізацыя або ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак») разам з іншымі ўдзельнікамі, справа якіх стала сумна вядомай пад назвай «справа чатырнаццаці». Адзінаццаць з іх, уключаючы сп. Дубскага, былі асуджаныя да абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы.

Сп. Дубскі з’ехаў ва Украіну і 13 лютага 2009 года быў арыштаваны ў цягніку ў Гомелі падчас вяртання ў Беларусь з Украіны. Ён быў абвінавачаны ў парушэнні рэжыму вынесенага пакарання.

Міжнародная Федэрацыя Правоў Чалавека (FIDH) асуджае крымінальны пераслед за карыстанне правам на мірныя сходы і заклікае беларускія ўлады выконваць Рэзалюцыю Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы і «неадкладна і безумоўна зняць абмежаванні, накладзеныя на 11 чалавек, асуджаных да тэрмінаў абмежавання волі за ўдзел у мірнай дэманстрацыі ў студзені 2008» (Рэзалюцыя 1671 (2009) Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы.

FIDH таксама паўтарае свае заклікі да беларускіх уладаў неадкладна пакласці канец усім формам пераследу актывістаў моладзевых арганізацый.

0
lazy-bones / Адказаць
15.07.2009 / 15:43
Больш поўна пра справу Дубскага напісана на: Пернік, пуга, казіно... http://resurs.by/general/soc/170-dubski-kazino.html Адтуль: "Моладзевы актывіст з'ехаў ва Ўкраіну, дзе папытаў аб статуце палітуцякача, матывуючы гэта тым, што супрацоўнікі міліцыі вынеслі яму два нібы надуманых папярэджанні аб парушэнні правілаў адбыванні пакарання. Тым не менш Дубскі ужо 13 лютага 2009 года быў затрыманы ў РБ, калі ехаў у Менск, каб прыняць удзел у акцыі ў гонар дня Св. Валентына. Апазіцыянера даставілі ў ізалятар у Асіпавічах (па месцы жыхарства), а потым перавялі ў ізалятар у Бабруйску. 15 красавіка Дубскага вызвалілі пад падпіску аб невыяздзе. ... Нагадаем, што ў чэрвені Суд Цэнтральнага р-на г. Менска замяніў абмежаванне волі на выпраўленчыя працы іншым фігурантам Алесю Стральцову ды Алесю Чарнышову, а лідэр моладзевай арґанізацыі АГП Міхась Пашкевіч наогул быў амніставаны (прытым, што 10 сакавіка правадыр "Маладых дэмакратаў" быў папярэджаны за парушэнне рэжыму адбывання пакарання...) Ці то робіцца спроба размяжаваці апазіцыйныя шэрагі па прынцыпе "сістэмная - несістэмная", ці то варта меркаваці пэўныя высілкі закулісных структур, ахвотных пагоршыць адносіны афіцыйнага Мінску з аднаго боку, і заходнімі дэмакратыямі - з другога."
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру