18.07.2006 / 19:30

Суд адхіліў скаргу адвакатаў А. Казуліна

Адхілена скарга адвакатаў А. Казуліна на дзеяньні супрацоўнікаў Алмазу

18 ліпеня судзьдзя Заводзкага раённага суду Менску Алег Зямцоў не задаволіў чарговую скаргу адвакатаў Аляксандра Казуліна. Абаронцы былога кандыдата на прэзыдэнта дамагаліся адмены пастановы пракуратуры, якая не завяла крымінальную справу на супрацоўнікаў «Алмазу», якія арыштоўвалі й канваявалі Аляксандра Казуліна 25 сакавіка. Паводле адвакатаў, алмазаўцы абражалі Казуліна й нанесьлі яму траўмы рук кайданкамі».

Гэта ўжо другая спроба абаронцаў Аляксандра Казуліна аспрэчыць рашэньні пракуратуры адносна дзеяньняў міліцыянтаў супраць былога кандыдата на прэзыдэнта. Першая скарга, у суд Маскоўскага раёну Менску, таксама была адхіленая. Цяпер адвакаты Казуліна зьбіраюцца зьвярнуцца са скаргамі на пракуратуру ў Менскі гарсуд.

Таксама рыхтуецца скарга на прысуд, які быў вынесены Аляксандру Казуліну 13 ліпеня. Палітыка асудзілі на пяць з паловай гадоў зьняволеньня. Чакаецца, што сёньня з Аляксандрам Казуліным у сьледчым ізалятары сустрэнецца ягоны адвакат Ігар Рынкевіч

Radio Free Europe / Radio Liberty

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру