Антон Літвіненка — украінец, студэнт‑хімік, навучаецца ў Кіеве. Ён самастойна вывучыў беларускую мову і выдатна гаворыць на ёй.

У Мінск прыязджае да сяброў, а таксама дзеля таго, каб узяць удзел у Чарнобыльскім шляху. Паколькі сябры Антона — і мае сябры (а некаторыя нават і дачкі) — у мяне атрымалася пагутарыць з ім. Мне падалося, гэтая гутарка будзе цікавая і чытачам «НН».

Наталка Бабіна: Адкуль у Вас цікавасць да беларускай мовы?

Антон Літвіненка: Сваякоў у Беларусі я не маю, таму ў дзяцінстве з гэтымі пытаннямі не кантактаваў. Глядзеў некалі ў гасцях у Крыме перадачу беларускага тэлебачання на беларускай мове — нешта па гісторыі — было цікава і зразумела. Пасля ўжо ў інэце ў фрэндстужцы майго дзённіка выклалі аб’яву пра акцыю падтрымкі з прапановай паставіць свечку на падваконне. На некаторых форумах украінскіх з’яўляліся беларусы.

Насамрэч пра Беларусь ва Украіне вядома няшмат, толькі апошнім часам пачалі рэгулярна з’яўляцца звесткі пра вашу краіну. Мне было цікава даведацца, я пачаў пытацца па інэт‑знаёмых, атрымаў спасылку на фансайт N.R.M., пасля знаёмствы, падарожжа ў Мінск у 2007 годзе… Ну, так вось яно і пайшло…

НБ: Але навошта Вы вывучылі беларускую мову? Цікавіцца ж Беларуссю можна і па‑ўкраінску?

АЛ:Для мяне было істотна адказаць на пытанне «ці змагу?», бо адказ на яго мадэлюе сітуацыю з «пакрыўджанымі расійцамі», якім, як яны кажуць, вельмі цяжка і не хочацца вучыць што ўкраінскую, што беларускую. Таксама гэты адказ з’яўляецца і адпаведным аргументам. Ну і спартовы інтарэс быў. Блізкасць моў таксама сыграла ролю — вывучыць найбліжэйшую да маёй мову было нескладана. Таксама я лічу, што непасрэдныя сувязі між нашымі народамі былі штучна разарваныя ў савецкі час, ці, прынамсі, спыненае іх прыроднае развіццё. Замкнуць на цэнтр — так прасцей. Для камунікацыі ж патрэбная мова. Не па‑расійску ж камунікаваць!

НБ: На сустрэчы з Юшчанкам Лукашэнка гаварыў пра роднаснасць беларускага і ўкраінскага народаў. Ён мае рацыю у дадзеным выпадку?

АЛ: Я лічу, мае. Іншае пытанне — якія высновы мы робім з гэтай роднаснасці. Увогуле, сябраваць народамі, дзяржавамі — гэта прапагандысцкі штамп. Сувязі мусяць быць на ўзроўні людзей, а дзяржава можа гэтыя сувязі развіваць, ствараць умовы ці, наадварот, падаўляць. Нашы дзяржавы не зрабілі дастаткова для развіцця сувязей на ўзроўні, які дыктуе рэчаіснасць. Гэта тычыцца шэрагу пазіцый — і агучаныя раней узаемныя культурныя праблемы украінцаў у Беларусі і беларусаў ва Украіне, і цырк на так і не ўсталяванай мяжы з калючым дротам і пашпартамі. З улікам таго, што хавацца нам — і беларусам, і ўкраінцам — няма чаго адно ад аднаго, апошняе пытанне — гэта, увогуле, пытанне часу і палітычнае волі.

НБ: Вы выдатна гаворыце. Як Вы гэтага дабіліся, якой была методыка вывучэння мовы?

АЛ: Далёка не выдатна. Праскокваюць русізмы, украінізмы — часам незразумелыя суразмоўцам ў Беларусі. Таксама я часта блытаюся пры пабудове фразаў, часам у склонах. Методыка вывучэння… эх… Падручнік для самаадукацыі ТБМ, шмат кніг (у асноўным Караткевіч), музыка. Спачатку нармальнае разуменне — гэта адносна хутка, звыканне — а пасля трэба было некаму адказаць менавіта па‑беларуску (здаецца, у дзённіку банэр вісеў накшталт «гаварыце са мной па‑беларуску») — і пачаў складаць словы. Ну, а беларускамоўных кантактаў мне не бракуе — столькі людзей прагнуць камунікаваць менавіта па‑беларуску! Але і зараз інэтны слоўнічак у мяне ўвесь час пад рукой. Сапраўдны, а не той, якія мы пакрысе складаем.

НБ: Ого! Вы складаеце слоўнік?

АЛ: Невялікі аматарскі праект, што мусіць змяшчаць словы беларускае мовы, незразумелыя носьбіту ўкраінскай (усходняга варыянту) і расійскай. Плануем у некалькі сотняў словаў укласціся — гэта і аргумент наконт блізкасці моў (200 слоў — і вы вольна чытаеце тэксты). Такія слоўнічкі можна ўключаць у выданні кніжак, напрыклад. Я лічу, што варта чытаць кнігі мовай арыгіналу, калі гэта магчыма.

Яшчэ адзін момант наконт «нармальных» слоўнікаў: афіцыйны «Беларуска‑ўкраінскі слоўнік», які ў нас выпусцілі, не змяшчае шэрагу слоў, якія ўжываюцца вашай моладдзю (розныя кайданкі, ровары і гэтак далей), жаргонныя словы, словы замежнага паходжання і г. д.

НБ: Вашы хімічныя зацікаўленні? Чым збіраецеся займацца ў хіміі?

АЛ: Я — будучы хімік‑неарганік, займаюся каардынацыйнай хіміяй, а дакладней палія¬дзернымі злучэннямі, магнетахіміяй.

НБ: Ой! А што гэта значыць?

АЛ: Мы займаемся звязваннем атамаў металаў складанымі арганічнымі ці неарганічнымі малекуламі з мэтай «зборкі» новых рэчываў, якія, пажадана, мелі б у будове паражніны. Такія рэчывы патэнцыйна могуць паглынаць разнастайныя простыя малекулы і захоўваць іх, а таксама здатныя мець цікавыя магнітныя ды іншыя ўласцівасці. Размова ідзе пра фундаментальную, тэарэтычную навуку на будучыню.

НБ: Як Вы ўяўляеце сваю будучыню? Будзеце жыць ва Украіне ці плануеце з’ехаць?

АЛ: Паездзіць па свеце, пастажавацца, паглядзець, як працуюць людзі — абсалютна патрэбна, і, я спадзяюся, у мяне гэта ўсё будзе. Але я хачу нармальна жыць у сябе дома.

Увогуле, уяўляю будучыню за навуковай працай. Прынамсі, калі мне будзе ставаць на нармальнае жыццё — а гэта рэальна — можна крыху пажыць у іншых гарадах Украіны ці бліжэйшых краін.

НБ: Не шкадуеце аб часе, які патрацілі на вывучэнне беларускай?

АЛ.: Праз вывучэнне беларускай мовы я пачаў лепей разумець існасць некаторых з’яваў ва ўкраінскай мове, цікавіцца адпаведнымі асаблівасцямі ўкраінскай мовы. Вынік — у 20 гадоў давялося выпраўляць вымаўленне, бо ва Украіне мала хто вымаўляе без памылак. Ну і, пэўна, з беларусамі стала лягчэй знаёміцца.

Калі нават пры дзяржаўным стане мовы яна мае праблемы — то я, чалавек, які не жыве ў Беларусі, няздольны нешта зрабіць для гэтых людзей. А для мовы я магу зрабіць толькі адно — стварыць яшчэ адну адзінку, якая ёю карыстаецца. Я зрабіў.

Гутарыла Наталка Бабіна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0