У скверыку Янкі Купалы 15 ліпеня прайшла бітва падушкамі, прысвечаная 599‑годдзю Грунвальдскай бітвы.

Ля помніка песняру сабралася блізу трохсот маладых людзей. Большасць мела з сабой падушкі, спальнікі, мяккія цацкі, надзіманыя шарыкі. Астатнія хадзілі і шукалі, каб хто пазычыў «зброю». Да восьмай вечара ўсе сабраліся і былі ўжо маральна падрыхтаваны да бойкі.

Андрэй Кім як адзін з ініцыятараў гэтага мерапрыемства растлумачыў правілы ды крыху распавёў пра Грунвальдскую бітву, і яе адрозненні ад сённяшняга бою падушкамі. Усе раздзяліліся на дзве часткі: крыжакі і ліцвіны. А таксама пагадзіліся з правіламі гульні:

па галаве не біць, ляжачага не дабіваць, дзяўчат абараняць…

Наперадзе чакала інсцэніроўка бітвы «дзе нашыя не нашым навалялі».

Маладыя ваяры з мяккай збояй у руках занялі свае месцы на полі боя. Ваеначальнікі (знайшліся і такія), пачалі прадумваць тактыку: «Клінам станавіся», «Давайце шыхтавацца», «акружай ворагаў». Але доўга абмяркоўваць ваенныя хітрыкі не прыйшлося.

Была каманда «пачынаць» і з крыкамі «Ура» і «За радзіму» дзве каманды панесліся лупіць адзін аднаго падушкамі.

Смех. Крыкі. Пер’я. Пасля першага раунду стала зразумела, што бойка ўжо пайшла не крыжакі супраць ліцвінаў, а кожны сам за сябе. Ды і як ў такім вэрхале разабрацца, хто свой, а хто чужы. Разышліся па розныя бакі. І перад наступным боем пазначылі сябе стужкамі. Той, хто з белай стужачкай — той ліцвін,той, хто з чорнай — крыжак.

Узяліся за зброю і зноўку «Ура‑а‑а», «За Беларусь», «Бі ворагаў».

Хлопцы, дзяўчаты, мамы з дзецьмі, салідныя мужчыны і гламурныя дзяўчаты — усе змяшаліся па полі боя.

Хлопцы вышуквалі ваяра памацней, і адзін на адзін махаліся «зброяй» паміж сабою. Дзяўчаты часцей збіраліся групамі і нападалі на супернікаў цэлым гуртам. А дзеці ў асноўным паміж сабой «ваявалі». Праўда адзін хлопчык‑ ліцвін гадоў шасці‑сямі, меў вельмі шыкоўную тактыку. Выбіраў сабе дарослага суперніка, які заняты бойкай з іншымі дарослымі. Падбягаў і біў крыжакоў падушкай пад каленкі. І крыжакі валіліся на зямлю як падкошаныя.

Праз некалькі бітваў ваяроў паменела. Стомленыя, радасныя і шчаслівыя пачалі паціху разыходзіцца. Некаторыя ўсё ніяк не маглі супакоіцца і з апошніх сілаў вызывалі супернікаў на бойку «адзін на адзін», ці нават «на конях» (сядалі на плечы сябрам, хто з нізу той і вязе ваяра). Аднак арганізатары пачалі прасіць скончваць бітвы.

Прычына ў тым, што да Андрэя Кіма падыйшоў супрацоўнік КДБ і папярэдзіў:

час скончыўся, разыходзьцеся, а то зараз нашыя байцы прыедуць і пачнецца зусім іншая бойка.

Але пасля таго як ў скверыку засталіся только чалавек 20‑30, прыехала каманда «Першага музычнага». Прыйшлося Грунвальдскую бітву паўтарыць для камеры. Пасля паказнога бою для «першага музычнага» сілаў на працяг не заставалася. Моладзь разыйшлася, а скверык працягнуў сваё спакойнае і размеранае жыццё.

Андрэй Кім, адзін з ініцыятараў «Бітвы падушкамі» каментуе для Нашай Нівы:

«Ёсць міжнародны рух бітвы падушкамі «make feathers not war» (біцеся падушкамі, а не ваюйце). Мы пераклалі адвольна «Пераробім мячы на падушкі». Мы вырашылі зрабіць інсцэніроўку грунвальдскай бітвы. Але пафасна яе адзначаць не цікава. Мы з павагай ставімся да нашай гісторыі, я сам гісторык, хоць яшчэ і недавучыўся. Але трэба заўсёды ставіцца да сваёй гісторыі лёгка. Акрамя таго, што мы любім нашу гісторыю,

мы яшчэ любім парадавацца і атрымаць пазітыў, гэта тое, чаго не хапае нашай краіне вельмі‑вельмі моцна.
Таму мы вырашылі сумясціць пазітыў і гадавіну Грунвальда — і зрабіць бой падушкамі.

Самая галоўная мэта была атрымаць радасць і задавальненне. А другая, нагадаць людзям, што у нас слаўная гісторыя».

Настасся Шамрэй

 Гістарычная лекцыя аб значэнні Грунвальдскай бітвы ў гісторыі Беларусі.

Гістарычная лекцыя аб значэнні Грунвальдскай бітвы ў гісторыі Беларусі.

 Падрыхтоўка і агляд зброі.

Падрыхтоўка і агляд зброі.

 Пагналі нашы гарадскіх.

Пагналі нашы гарадскіх.

 Атрымай, крыжак, падушкай.

Атрымай, крыжак, падушкай.

 Жаночы батальён на маршы.

Жаночы батальён на маршы.

 Батальён у дзеянні.

Батальён у дзеянні.

 Коней знайсці не ўдалося.

Коней знайсці не ўдалося.

 Пейзаж пасля бітвы.

Пейзаж пасля бітвы.

 Андрэй Кім - адзін з арганізатараў акцыі.

Андрэй Кім - адзін з арганізатараў акцыі.

Фота Андрэя Каляды (1-7) і Настассі Шамрэй (8-9)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0