Праект Зводнага плану ўстаноўкі мемарыяльных збудаванняў у Рэспубліцы Беларусь на 2009—2012 гады прадугледжвае ўзвядзенне ў Мінску помнікаў Васілю Быкаву і Уладзіміру Караткевічу.

Пра гэта БелаПАН паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Людміла Назарава.

Паводле яе слоў, канцэпцыя плана пачала фарміравацца ў 2008 годзе, калі Мінкульт звярнуўся ў абласныя ўпраўленні культуры, а таксама ў Інстытут гісторыі і Інстытут, мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАНБ з просьбай прадставіць свае прапановы па ўвекавечанні памяці значных для Беларусі гістарычных дзеячаў, а таксама найважнейшых падзей мінулага. Пасля грамадскага абмеркавання праекта плана ў беларускіх СМІ дакумент быў прадстаўлены 1 ліпеня на зацвярджэнне кіраўніку дзяржавы.

Паводле слоў Назаравай, канцэпцыя налічвае збудаванне каля 200 манументальных аб’ектаў рознага маштабу (мемарыяльныя комплексы, помнікі, мемарыяльныя знакі і дошкі), ахоплівае найбліжэйшую перспектыву (да 2012 года) і больш аддаленую (да 2018‑га).

Сярод аб’ектаў, якія мяркуецца ўзвесці ў Мінску, спецыяліст адзначыла помнікі класікам беларускай літаратуры

Вінцэнту Дуніну‑Марцінкевічу і Уладзіміру Караткевічу, народнаму пісьменніку Беларусі Васілю Быкаву, народнаму артысту СССР Уладзіміру Мулявіну, заснавальніку Мінска князю Усяславу Брачыслававічу і яго сыну Глебу Усяслававічу, а таксама мемарыяльную кампазіцыю «Бітва на Нямізе».

Акрамя таго, Назарава паведаміла, што 25 ліпеня ў Брэсце з удзелам прэзідэнта краіны запланавана адкрыццё мемарыяла тысячагоддзю горада. У Віцебску плануецца ўзвядзенне мемарыяльнага знака ў гонар 600‑годдзя перамогі пад Грунвальдам, у Гродне — помнікаў класіку беларускай літаратуры Францішку Багушэвічу і каралю Літвы Міндоўгу, у Магілёве — манумента грамадска‑палітычнаму дзеячу і пісьменніку Цішку Гартнаму (Зміцеру Жылуновічу), а ў Гомельскай вобласці — мемарыяльных знакаў, прысвечаных казацка‑сялянскаму паўстанню сярэдзіны XVII стагоддзя.

Як паведамлялася раней, 23 чэрвеня ў Мінску адбылося пасяджэнне круглага стала, на якім абмяркоўваўся праект гэтага плана. Прадстаўнікі грамадскасці гаварылі аб тым, што збудаванню любога помніка ў краіне павінны папярэднічаць грамадскае абмеркаванне і адкрыты конкурсны адбор.

Удзельнікі круглага стала маюць намер прапанаваць сваю канцэпцыю плана, якая прадугледжвае дэмантаж помнікаў і мемарыяльных знакаў у гонар дзеячаў антыбеларускага і таталітарнага мінулага, дэкамунізацыю гарадскіх і сельскіх тапонімаў, узвядзенне на плошчах сталіцы манументаў героям і сімвалам незалежнай Беларусі і перанясенне помнікаў яе праціўнікам на Лінію Сталіна.

Трэба таксама адзначыць, што 21 лютага прадстаўнікі інтэлігенцыі накіравалі прэм’ер‑міністру Сяргею Сідорскаму ліст з прапановай пабудаваць у Мінску, Брэсце і Гродне мемарыялы ў гонар 600‑годдзя перамогі пад Грунвальдам, аднак адказу не атрымалі; рыхтуецца чарговы ліст на імя Сідорскага і кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Макея.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0