Мэтавую падрыхтоўку ў ВНУ Беларусі ў такім выглядзе, у якім яна існуе, належала б адмяніць.

Такое меркаванне выказаў рэктар Беларускага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта Павел Беспальчук 16 ліпеня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, нягледзячы на тое, што палажэнне аб мэтавай падрыхтоўцы штогод удасканальваецца, яно да гэтай пары не прадугледжвае шэраг «жыццёвых нюансаў».

Напрыклад, сёння падставай для вызвалення ад мэтавага накіравання можа быць «практычна толькі інваліднасць бацькоў ці самога выпускніка».

Аднак нярэдкія выпадкі, калі прычына з’яўляецца не менш важкай: напрыклад, два студэнты з мэтавымі накіраваннямі ўзялі шлюб.

Акрамя таго, адзначыў Беспальчук, абітурыенты з мэтавым накіраваннем нярэдка адрозніваюцца ад сваіх сакурснікаў ніжэйшым узроўнем ведаў.

Часта яны не маюць неабходнай для навучання базы і ў далейшым іх адлічваюць па непаспяховасці.

Як вынік — «даволі вялікая колькасць месцаў прападае».

Рэктар таксама лічыць, што тыя, хто паступілі па мэтавым накіраванні, не павінны навучацца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, іх навучанне мэтазгодна аплачваць з бюджэтаў зацікаўленых абласцей.

Альтэрнатывай мэтавай падрыхтоўцы Беспальчук назваў сістэму, прынятую ва ўпраўленні па ахове здароўя Мінскай вобласці і ўпершыню апрабаваную ў Салігорску. Т

ам сабралі спіс тых, хто правучыўся год на платным аддзяленні ў медыцынскім універсітэце, і прапанавалі аплаціць астатнія гады навучання ў абмен на заключэнне дамовы аб працаўладкаванні.

Як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення кадравай палітыкі установаў адукацыі і знешніх сувязяў Міністэрства аховы здароўя Васіль Філанюк, сёлета на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі ў медыцынскія ВНУ Беларусі плануецца прыняць 530 чалавек, што складае пятую частку ад усіх першакурснікаў, якія будуць навучацца за кошт сродкаў бюджэту. У адпаведнасці з нядаўнім указам прэзідэнта тэрмін адпрацоўкі для іх павялічаны да 5 гадоў.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0