«Бобруйский курьер» вярнулі ў шапікі. Не супраць вярнуць і «Вольнае Глыбокае». Астатнім рэгіянальным газетам адмоўлена. Вярнулі толькі два выданні з найменшым тыражом.

4 чэрвеня адбылося другое пасяджэнне Каардынацыйнай рады па СМІ. У выніку абмеркаванняў было заяўлена, што рада парэкамендуе «Белпошце» і «Саюздруку» ўзнавіць распаўсюд незалежных выданняў, якія цяпер знаходзяцца па-за афіцыйнымі сеткамі.

Насамрэч ва ўсе рэдакцыі рэгіянальных СМІ прыйшлі лісты за подпісам галоўнага рэдактара «Советской Белоруссии» Паўла Якубовіча з прапановай звярнуцца ў мясцовыя аддзяленні «Белпошты» і «Саюздрукі».

Праўда, дабіцца нечага змог толькі «Бобруйский курьер». Ужо ад серады газета зноў прадаецца ў шапіках. У падпісцы ж яна была і дагэтуль.

Галоўны рэдактар «Вольнага Глыбокага» Уладзімір Скрабатун кажа, што «Віцебскі аблсаюздрук» не супраць, каб выданне зноў з’явілася ў кіёсках. Там таксама атрымалі ліст ад імя Паўла Якубовіча. Што праўда, Скрабатун пакуль не падае дакументы, бо заняты перарэгістрацыяй формы ўласнасці газеты.

А вось «Борисовским новостям», «Газеце Слонімскай», «Intex-press» было адмоўлена. Галоўны рэдактар баранавіцкага «Intex-press»

Уладзімір Янукевіч кажа, што ўсе неабходныя паперы яны падалі адразу ж пасля пасяджэння рады. З «Белсаюздруку» адказалі, што «прыём выдання не ўяўляецца магчымым», а «Белпошта» вяртанне ў падпіску палічыла «немэтазгодным».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?