Фота Юліі Дарашкевіч :)

Фота Юліі Дарашкевіч :)

20 ліпеня 1969 года амерыканскія астранаўты высадзіліся на спадарожніку Зямлі. Піша Віталь Тарас.

Адбітае святло

«Разважаючы пра Каталіцкую Царкву, мы можам параўнаць яе з поўняй, і не толькі ў сілу сувязі паміж поўняй і жанчынай (як маці), але таксама таму, што поўня, то бок Месяц не мае ўласнага святла. Ён атрымлівае святло ад Сонца, без якога ўладарыла б поўная цемра. Месяц ззяе, але святло не належыць яму. Месяцавыя зонды і астранаўты ўбачылі, што Месяц ёсць не што іншае, як камяністая пустэча, падобная да пустыні. Яны бачылі скалы і пяскі, карціну, выразна адрозную ад таго вобразу, які склаўся ў нас са старажытных часоў. Месяц — не што іншае, як скалы і пяскі, але ён адбівае святло.

Хіба гэта не дакладны вобраз Касцёла? Кожны, хто вывучае яго і паглыбляецца ў яго, таксама, як і на Месяцы, нічога не адкрые, акрамя пустыні, пяскоў і скалаў — чалавечых слабасцяў, якія нагадваюць пыл, камяні, запусценне. Аднак неаспрэчны той факт, што, нават калі ён ёсць нішто іншае як пяскі і камяні, таксама, з ласкі Пана, ён ёсць Святло».

Ці не праўда — гэты паэтычны фрагмент эсэ Ёзафа Ратцынгера крыху мяняе наша ўяўленне пра папу Бенедыкта XVI, якога многія лічаць суровым рыгарыстам і педантам? Гэтае эсэ пад назвай «Чаму я каталік?» было напісана ў 1971 годзе, за сем гадоў да таго, як яго аўтар стаў Кардыналам.

Звярніце ўвагу — Папа ў ім згадвае амерыканскіх астранаўтаў. Уражанне ад іх палётаў на Месяц у той час было яшчэ зусім свежае. 16 ліпеня 1969 года пачаўся легендарны палёт «Апалона‑11». Астранаўты Ніл Армстранг і Эдвін (Баз) Олдрын‑малодшы спусціліся на спадарожнік Зямлі ў спецыяльным модулі. Яны першымі ступілі на паверхню Месяца і ўсталявалі там сцяг ЗША. Яшчэ адзін астранаўт Джэймс Колінз заставаўся на калямесяцавай арбіце на борце касмічнага карабля.

«А читательская масса где‑то рядом…»

Высадку астранаўтаў на Месяцы, мне, як і мільёнам іншых людзей, пашчасціла бачыць па тэлевізары ў жывым эфіры. У той момант я быў далёка ад дому — разам з бацькам і крэўным дзядзькам мы адпачывалі ў Доме творчасці пісьменнікаў у Кактэбелі, папулярным ужо тады курорце на ўзбярэжжы Крыма. Не сказаць, каб «вялікі крок чалавецтва» выклікаў асаблівы ажыятаж сярод тых, хто адпачываў на моры. (Як спяваў Аляксандр Галіч у сваёй песні, «…а читательская масса где‑то рядом жарит мясо») Але некалькі савецкіх пісьменнікаў усё ж захацелі пабачыць унікальную падзею і ледзь не са скандалам дамагліся ад адміністратара, каб той адчыніў фае, дзе стаяў тэлевізар.

Расплывістыя плямы на чорна‑белым экране падчас трансляцыі мяне, падлетка, тады не надта ўразілі.

А ўсяго праз пару тыдняў у Мінску памёрла ад раку мая бабуля Вольга. Гэта была першая смерць блізкага чалавека ў маім жыцці. Магчыма, з таго часу жыццё і смерць назаўсёды звязаліся для мяне з Месяцам і палётам чалавека на яго.

Гэтага не можа быць…

Увядзіце ў пашуковік у інтэрнэце слова «Луна», і перад вамі разгорнецца цэлы веер спасылак на тое, што палёты амерыканцаў на Месяц ёсць містыфікацыяй, прапагандай. Высадка астранаўтаў «Апалона»‑11, нібыта, была знята ў Галівудзе, каб прадэманстраваць уяўную перамогу ЗША над СССР у касмічнай гонцы. Верагодна, выбух кіслароднага балона на борце «Апалона»‑13, экііпаж якога, не дасягнуўшы Месяца, з цяжкасцю вярнуўся на Зямлю, таксама быў часткай геніяльнага шматсерыйнага сцэнарыя?

Былы савецкі касманаўт Канстанцін Феактыстаў узгадваў у адным з інтэрвью, што ў СССР уважліва сачылі за тэлерадыётрансляцыямі з Месяца, слухалі ў эфіры перамовы ўдзельнікаў касмічнай экспедыцыі. Калі гэта містыфікацыя, дык трэба было спачатку даставіць на Месяц радыёабсталяванне. Ці не занадта дарагая атрымлівалася інсцэніроўка? Асабліва, калі ўлічыць, што ў рамках праграмы «Апалон», старт якой даў у 1961 годзе прэзідэнт Кенедзі, адбыліся 11 касмічных палётаў. Першым на арбіту вакол Месяца выйшаў экіпаж «Апалона‑8» яшчэ ў 1968 годзе. Усяго амерыканскія астранаўты 6 разоў высажваліся на яго паверхні, апошні раз гэта было ў снежні 1972 году, падчас экспедыцыі «Апалона»‑17 . Экспедыцыі даставілі ў лабараторыі НАСА дзясяткі каілаграмаў грунту з Месяца.

Але прыхільнікаў «тэорыі змовы», якіх хапае і ў ЗША, і ў сучаснай Расіі, усё гэта не хвалюе. Свае высновы яны грунтуюць на тым, што пры канцы 1960‑х яшчэ не было такіх тэхналогіяў, якія дазволілі б здзейсніць палёт на Месяц. То бок, гэтага не магло быць, таму што быць не магло.

Спрачацца з прыхільнікамі падобных тэорыяў немагчыма, як немагчыма ў чымсці пераканаць тых, напрыклад, хто верыць, што распад СССР стаў вынікам жыдамасонскай змовы. Галоўнае тут не ў нейкіх аргументах і фактах, а менавіта ў татальным бязвер’і, у негатыўным успрыняцці жыцця ў цэлым, адмаўленні моцы чалавечага духу.

Селеніты і зямляне

Пазыўным экіпажа «Апалона‑11» было слова «Калумбія». Так называўся фантастычны снарад у папулярным рамане Жуля Верна «З гарматы на Месяц».

Героі рамана іншага знакамітага фантаста Герберта Уэлса «Першыя людзі на Месяцы» дабраліся да мэты з дапамогай «кайварыту» — рэчыва, якое нейтралізавала сілу гравітацыі.

Англійскі пісьменнік пісаў, натуральна, не пра Месяц і не пра яго жыхароў — селенітаў, а пра нас, зямлян. Вось, напрыклад, апісанне селеніцкай «інтэлігенцыі»: «адміністратары валодаюць тут вялікай ініцыятывай і гнуткасцю розуму, навукоўцы захоўваюць у сваёй памяці масу звестак па вузкагаліновых пытаннях, эксперты прывучаныя разблытваць самыя складаныя аналогіі. І ўсе яны, уяўляючы сабой карлікавых істот з пачварна гіпертрафаваным мозгам, выразна адрозніваюцца ад селенітаў‑рамеснікаў альбо ваяроў». А над усімі селенітамі стаіць галоўны «Лунарый» з найвялізным мозгам, які больш нагадвае вадкі кісель.

Хіба гэта не карыкатура на зямную цывілізацыю?

Пры канцы чэрвеня НАСА запусціла да Месяца яшчэ два спадарожнікі, якія змогуць сфатаграфаваць найменшыя дэталі яго паверхні. Задача спадарожнікаў — праверыць, ці ёсць на паверхні натуральнага спадарожніка Зямлі лёд.

Магчыма, як патэнцыйная крыніца вады, ён спатрэбіцца для будучай станцыі на Месяцы.

Месяц — гэта скалы і пяскі. Людзі імкнуцца да яго, вядома, не толькі для таго, каб збіраць камяні. Хаця, як мы памятаем з Бібліі, на гэта таксама варта знайсці час.

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0