Паводле інфармацыі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, у Беларусі купанне забаронена больш чым у 50 вадаёмах, 30 з якіх размешчаны ў Мінскай вобласці.

У лік непажаданых для купання вадаёмаў уваходзяць Смалявіцкае, Пятровіцкае вадасховішчы, а таксама азёры Міхайлаўскае (Пухавіцкі раён), Слабада, Мсціж, зона адпачынку «Дубкі» (Барысаўскі раён), а таксама зоны адпачынку Барысава.

На рацэ Нёман купанне забаронена ў раёне пляжа «Высокі Бераг» (вёска Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна), у зоне адпачынку на рацэ Нёман (Стоўбцы), зоне адпачынку на рацэ Нёман пляж «Церамок» (вёска Новы Свержань Стаўбцоўскага раёна), а таксама ў зоне адпачынку ў мікрараёне «Акінчыцы» горада Стоўбцы і некаторых іншых.

У Мінску купанне забаронена на вадасховішчах Пціч, Цна, пляжах № 6, 7, 8 вадасховішча Дразды і зонах адпачынку ў раёне пляжаў №2—6, 8,9 Заслаўскага вадасховішча.

У Брэсцкай вобласці не рэкамендуецца купацца ў 12 вадаёмах, у ліку якіх возера Свяцілаўскае Баранавіцкага раёна, рака Шчара (вёска Дарава Ляхавіцкага раёна), зона адпачынку аздараўленчага лагера «Чайка» Ляхавіцкага раёна, рака Ведзьма (Ляхавічы), возера Чорнае Бярозаўскага раёна, зона адпачынку санаторыя «Буг» Жабінкаўскага раёна.

У Віцебскай вобласці санслужба не рэкамендуе купацца ў рацэ Заходняя Дзвіна (за выключэннем зоны адпачынку парка «Мазурына» Віцебска), рацэ Лучэса (Віцебск), рацэ Віцьба (Віцебск), возеры Шаты Полацкага раёна, возеры Суя Полацкага раёна і інш.

У Магілёўскай вобласці забаронена купанне на рацэ Бася Чавускага раёна, у Гомельскай — на рацэ Прыпяць Мазырскага раёна, у Гродзенскай вобласці на сажалцы вёскі Луцкаўляны Гродзенскага раёна.

Гігіенічнымі патрабаваннямі да ўтрымання і эксплуатацыі водных аб’ектаў пры выкарыстанні іх у рэкрэацыйных мэтах устаноўлены нарматыў утрымання ў вадзе бактэрый групы кішачнай палачкі. У вадзе не павінна быць узбуджальнікаў захворванняў, а на паверхні вадаёма — плаваючых плёнак, плям мінеральных масел і іншых прымесей. Вада не павінна мець неўласцівых ёй пахаў, а ўтрыманне хімічных рэчываў — перавышаць гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі.

Асноўнай прычынай забароны на купанне ў вадаёмах з’яўляецца перавышэнне дапушчальнага ўтрымання кішачнай палачкі. У сезон бактэрыялагічныя даследаванні вады ў вадаёмах у месцах масавага адпачынку праводзяцца ў сярэднім раз на тыдзень. Пры атрыманні двух паслядоўных нездавальняючых вынікаў аналізу вады з аднаго пункту адбору тэрытарыяльнымі органамі Дзяржсаннагляду выносіцца пастанова аб забароне.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0