15 ліпеня, упершыню за апошнія 16 гадоў, у Глыбокім адбылося беларускамоўнае вяселле, аб чым паведаміла супрацоўніца глыбоцкага ЗАГСа прысутным на ўрачыстасці рэгістрацыі гэтага шлюбу.

Пабраліся шлюбам Надзея Бабіч і Андрэй Храпавіцкі. І тут такая цікавостка: абое нарадзіліся ў адзін дзень — 15 ліпеня, да гэта ж дня — хоць і была серада — прымеркавалі заключэнне шлюбу. Абое па адукацыі — выкладчыкі англійскай мовы, абое атрымліваюць другую вышэйшую адукацыю ў ЕГУ (Вільня), усе паходзяць з сем’яў настаўнікаў.

Надзея, акрамя таго была сярод тых, хто ў 2006 годзе, да апошніх хвілінаў, знаходзіўся ў Намётавым Мястэчку на пляцы Каліноўскага, за што атрымала чатыры дні адседкі.

Андрэй Храпавіцкі — паэт. Яго вершы публікаваліся ў шматлікіх выданнях, у тым ліку і ў «Нашай Ніве». Надзея Бабіч зрабіла вялікі ўнёсак ў развіццё краязнаўства на Глыбоччыне. Знаходзячыся на вучобе ў Вільні зрабіла ў архівах шмат копіяў старадаўніх дакументаў. Шмат у чым сенсацыйных. Усё гэта знайшло свой адбітак на старонках «Вольнага Глыбокага».

Пасля ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу маладыя накіраваліся ў задарожскі касцёл Найсвяцейшай Марыі Панны Ласкавай (за 25 км ад Глыбокага), дзе адбылося вянчанне. Надзея (праваслаўная) дала абяцанне выхоўваць будучых дзяцей паводле каталіцкіх традыцыяў.

Дарэчы, у задарожскім касцёле быў хрышчаны Вацлаў Ластоўскі, будучы гісторык і прэм’ер Беларускай Народнай Рэспублікі. Побач з касцёлам — пахаванні Грынеўскіх. Маёнтак Якубенкі (за 4 км ад задарожскага касцёла) належаў Эўзэбію (Яўсею) Грынеўскаму, дзеду Аляксандра Грынеўскага (Грына), аўтара «Пунсовых Ветразяў».

Вясельны стол адбыўся на аграсядзібе Юліі Бука ў вёсцы Валодзькава, што на беразе вялікага Акунёўскага возера.
Чаму тут, а не ў рэстарацыі? Найперш — вельмі танна! Юлія робіць зніжкі беларускамоўным. На яе аграсядзібе часта спыняюцца беларускія мастакі, якія робяць плэнеры па Драздовічавых мясцінах. Дарэчы, ля возера захаваліся падмуркі дома, дзе нарадзіўся выбітны пісьменнік Тадэвуш Далэнга Мастовіч, аўтар экранізаванага твора «Знахар».

Вясельны стол быў спрэс беларускамоўны, як вішаванні і прамовы вядоўцы (бацькі Надзеі), гэтак як і віншаванні ды тосты прысутных маладзёнаў, якія, яшчэ колькі гадзінаў таму, былі расейскамоўнымі. Некаторыя, нават, пераапрануліся ў футболкі з Пагоняй. Музыка : «Песняры», Стары Ольса», «Крама», колькі англамоўны хітоў … З Глыбокага прыехаў беларускамоўны спявак Павел Пеляёнак. Беларускі песенны рэпертуар быў самадастатковым і ні ў кога не выклікаў пярэчанняў з‑за адсутнасці расейскамоўных хітоў.

Дарэчы, і такая акалічнасць: на стале стаяла колькі пляшак гарэлкі — уся «беларускамоўная». Не «Бульбаш»!!! А «Бярозавая», «Вясковая», «Добра шклянка»….

Пакуль Андрусь прымаў пажаданні і віншаванні гасцёў — згубіў пільнасць. У яго незаўважна скралі нявесту (ужо жонку) ды звезлі на Акунёўскае возера, запатрабавалі неймаверна вялікі выкуп. Шмат высілкаў каштавала Андрусю і яго сведку Астапу, мінчуку і студэнту Віленскага Універсітэта, каб вярнуць жонку.

Зрэшты, на гэтым можна і скончыць…

Нарадзілася яшчэ адна свядомая беларуская сям’я.
Не выклікае сумневу — такімі ж будуць і іх дзеці. Шчасця Вам, маладыя! — Сто лят! Сто лят! Сто лят!— як спявалі дзве іхнія бабулі традыцыйную для захаду Беларусі песню.

Уладзімір Скрабатун, фота Юрыя Калбасіча і Уладзіміра Скрабатуна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0