Самы вядомы польскі філосаф, адзін са светлых розумаў Цэнтральнай Еўропы Лешак Калакоўскі адышоў з гэтага свету 17 ліпеня на 82-м годзе жыцця ў клініцы Оксфарду.

Калакоўскі быў спецыялістам па марксізме. У юнацтве ён быў марксістам сам. Пад 1968 год філосаф перайшоў на рэзка крытычныя да камунізму пазіцыі і ўрэшце эміграваў з Польшчы ў Брытанію, пасля таго як яго звольнілі з пасады прафесара Варшаўскага ўніверсітэту за падтрымку антыкамуністычнай апазіцыі.

Калакоўскі прыйшоў да думкі, што таталітарызм Сталіна быў лагічным завяршэннем інтэлектуальных пабудоваў Карла Маркса.

На эміграцыі ён стае прафесарам Оксфардскага ўніверсітэту. Мараліст, гісторык філасофіі, займаўся ён найбольш дылемамі еўрапейскае культуры.

Светлая памяць яму ад імя беларусаў, якіх ён ведаў і якім з усёй сваёй дабрынёй спачуваў. У вянок — вось гэты пераклад.

* * *

Пра Ісуса можна прачытаць усё, што захочаш.

Напрыклад, што ён ніколі не існаваў;

Або, што ён, безумоўна, існаваў, але не быў укрыжаваны; хтосьці іншы павіс на крыжы на яго месцы;

Або, што ён, безумоўна, быў укрыжаваны, але не памёр, а ачомаўся ў труне, скуль выйшаў, каб памерцi праз некалькi дзён;

Або, што разам са сваёй жонкай, Марыяй Магдаленай, ён эмiграваў у Марсэль i меў там дзяцей, якiя запачаткавалi дынастыю Мэравiнгаў;

Або, што ён быў чарадзеем, якi рознымi штучкамi агаломшваў легкаверную публiку;

Або, што ён быў прыхаднем з iншай галактыкi;

Або, што ён быў звычайным габрэйскiм нацыяналiстам, антырымскiм канспiратарам;

Або, што ён быў бесцялеснай істотай;

Або, што ён быў гомасэксуалiстам, а Ян Апостал яго каханкам;

Або, што ён быў адначасна мужчынам i жанчынай;

Або, што ён належаў да рэвалюцыйнай групоўкi Новых Левых;

Або, што галоўная справа, пра якую вядзецца гаворка ў Евангеллях, гэта як рабiць грошы (я чуў гэта на ўласныя вушы ад аднаго з амерыканскiх тэлевiзiйных прапаведнiкаў).

Калi, аднак, адкласцi ўбок вярзеннi i фантазii, гiстарычная, а таксама тэалагiчная лiтаратура на тэму Ісуса, вельмi шматстайная, не толькi не адмiрае, але робiць уражанне надзвычай жывучай. Ксёндз Дарэ ўжо некалькi гадоў публiкуе ў Францыi серыю кнiгаў пра Ісуса, кожная з якiх асэнсоўвае нейкi iншы бок яго дзеяў i яго спадчыны, i тыя з iх, якiя я ведаю, вельмi каштоўныя i павучальныя. Я чытаў шмат кнiг пра Ісуса — нязначную частку iснуючай лiтаратуры, безумоўна — пачынаючы, згодна з законам прыроды, з Рэнана, з якiм я пазнаёмiўся як чатырнаццацi– або пятнаццацiгадовы мудрэц. Аўтар працы, якую я хачу парэкамендаваць — Jacques Duquesne, а называецца яна «Ісус» (Flammarion, 1994). Аўтар не з’яўляецца насамрэч прафесiйным бiблiстам, але ён начытаны ў навейшай лiтаратуры, прысвечанай Новаму Запавету, i пiша не для навукоўцаў, а для звычайных людзей, толькi крышку азнаёмленых з тэмай, як i ваш пакорны слуга (якi таксама, безумоўна, бiблiстам не з’яўляецца i не можа асэнсоўваць падзеi як знаўца–гiсторык). Аўтар таксама веруючы каталiк, але гэта, тым не менш, не азначае, што кожны з евангелiчных аповедаў ён трактуе як дакладны i беспамылковы запiс фактаў i слоў (такiх, мабыць, ужо няма сярод гiсторыкаў), але, як кожны гiсторык, разважае над тым, што ў гэтым запiсе iмавернае або не.

Нельга не звярнуць увагi — не аўтар першы гэта падкрэслiвае — што чым болей вядома аб часах Ісуса, тым болей, а не меней, iмаверным становiцца Евангелле. Вось прыклады. Славуты фрагмент Язэпа Флавiя пра Ісуса лiчыўся зазвычай пазнейшай устаўкай хрысцiянскага перапiсчыка, таму што габрэй не мог пiсаць гэткiмi словамi аб Ісусу (пiсаў «Хрыстос», гаварыў аб уваскрошаннi). Аднак аказваецца, што адзiн iзраiльскi гiсторык адкрыў у сiрыйскiх дакументах тэкст Язэпа, якi не iдэнтычны з iнкрымiнаваным, але гаворыць аб Ісусу — добрым мудрацу, аб яго ўкрыжаваннi Пiлатам i аб тым, што вучнi апавядалi аб яго ўваскрошаннi. Або: неверагодным здаваўся зварот, якi ўжыў Ісус, гаворачы пра Фарысеяў (Лука, 18,11), бо габрэi такiх выразаў не ўжывалi; аказалася, што гэты зварот чатырнаццаць разоў паўтараецца ў Кумранскiх рукапiсах. Або: аповед аб емiне ў Левiя, якога Ісус спаткаў у мытнай каморы, падаваўся неверагодным, бо з яго вынiкала, што была мяжа памiж Капернаумам i Бетсаiдай; аказалася, што мяжа сапраўды iснавала, але была скасавана праз некалькi гадоў.

Гэткiх прыкладаў, што пацвярджаюць iмавернасць евангелiчных аповедаў на подзе новых даследаванняў, можна яшчэ болей знайсцi ў гэтай i iншых гiстарычных кнiгах. Аднак адсюль не вынiкае, што ўсё лічыцца iмаверным. Разбежкi памiж Евангеллямi былi вядомыя заўсёды, пачынаючы з генеалогii ў Мацвея i Лукi. Зрэшты, верыць, што Евангеллi беспамылковыя ў кожнай драбнiцы, — азначае верыць, што боская апека баранiла не толькi аўтараў ад памылак, але i перапiсчыкаў, што ёсць надта смелым дапушчэннем у наш век. Можна таксама ўгледзець, без супярэчнасцi, боскую iнспiрацыю ў гэтых тэкстах i не ўважаючы, што кожнае слова было наўпрост прадыктавана Богам.

Сiнаптычныя Евангеллi былi напiсаныя, на думку гiсторыкаў, у часы, калi павiнны былi яшчэ жыць сведкi апiсаных падзеяў, а найранейшыя з захаваных рукапiсаў паходзяць з 4–га стагоддзя (пэўныя фрагменты нават з 2–га), i таму яны з’яўляюцца значна ранейшымi за iншыя антычныя дакументы, iмавернасць якiх не падлягае сумневу, i мала iснуе дакументаў з тых часоў, гэтак жа добра пацверджаных (апакрыфiчныя евангеллi лiчацца недастаткова каштоўнай крынiцай, бо яны былi напiсаныя пазней i змяшчаюць устаўкi, якiя паходзяць з усходнiх рэлiгiй, дарма што часам яны падаюць звесткi, якiх кананiчныя тэксты не знаюць i якiя могуць быць аўтэнтычнымi).

Але памiж гiстарычнымi драбнiцамi i тэалагiчнымi iнтэрпрэтацыямi (якiя датычаць Тройцы i Ўвасаблення) ляжыць справа цудаў. Пры рацыяналiсцкiм падыходзе, што «цудаў няма», усе падзеi, звязаныя з цудамi, якiя мы ведаем у Евангеллi, у сiлу дэдукцыi аўтаматычна прызнаюцца несапраўднымi. Але той, хто верыць у Бога хрысцiян (у адрозненне, напрыклад, ад Бога Ньютана), хто неяк пераймаўся хадой людскiх справаў, не мае падставы не верыць у цудоўныя здарэннi, якiя па вызначэннi адбываюцца пад уздзеяннем боскай iнтэрвенцыi i не ёсць папросту нязвычнымi або невытлумачальнымi з’явамi, якiх шмат. Жыццё Ісуса, як мы ведаем з Евангелля, прадвызначылi два цуды — запачацце Дзевы Марыi ад Духу Святога i ўваскрошанне. У сувязi з гэтым аўтар прызнае, што «гiсторыя не можа сказаць, цi жывы Ісус, цi, наадварот, назаўсёды памёр 7 красавiка 30 году. Можна аднак сказаць, што нешта ў гэтыя днi адбылося, падзея, якая скаланула тых людзей i скаланула свет». У iнтэрвiю, зробленым адначасна з выданнем кнiгi, ён адкрыта кажа, што верыць ува ўваскрошанне. Розныя слынныя драбнiцы, як разрыў плашчанiцы, усё ж з’яўляюцца, на яго думку, не гiстарычнымi падзеямi, а сiмвалiчнымi апiсаннямi. Імаверным ёсць адкрыццё пустой труны, дарма што iснуюць разбежкi памiж дэталямi з’яўлення ўваскрошанага вучням. Гэтаксама факт, што пустую труну адчынiлi кабеты, якiя традыцыйна не лiчылiся iмавернымi сведкамi i якiм спачатку вучнi не верылi, пацвярджае, што падзея не была прыдумана. Тое, што «нешта тымi днямi здарылася», нешта вялiкае i надзвычайнае, — гэта меркаванне многiх, хто скрупулёзна вывучаў тэксты, i да таго ж не толькi хрысцiян. Я чытаў кнiгу аб уваскрошаннi, аўтарам якой быў габрэйскi гiсторык Pinchas Lapide (Auferstehung. Ein judisches Glaubenserlebnis, 1980). Ён прызнае факт уваскрошання i лiчыць яго габрэйскай падзеяй, разам з тым ён не прызнае Ісуса Месiяй, а толькi тым, хто тараваў шлях Месii.

Jacques Duquesne не верыць, тым не менш, у запачацце ад Духу Святога, аб чым не чуў аўтар найраней напiсаных хрысцiянскiх тэкстаў, святы Павел; ён уважае гэты аповед за «teologumen», за важную праўду, пераказаную ў мiстычнай форме: што Ісус з’явiўся на свеце ў вынiку iнтэрвенцыi Бога, што ён ёсць дарам Бога i адкрыў новую эпоху ў гiсторыi; а сюжэт з яго нараджэннем фактычна без удзелу мужчыны тут нi пры чым.

Аўтар не верыць таксама ў Паўлаву iнтэрпрэтацыю мiсii Хрыста, што яна палягала ў Выкупленнi першароднага грэху дзякуючы цярпенню Сына Божага. Ісус нiколi не згадваў першароднага грэху (ён таксама не сцвярджаў, што роўны Богу, да якога ён малiўся, i цуды свае прыпiсваў Богу, ён не ведаў, калi наступiць судны дзень), i таму немагчыма дапусцiць, каб Бог зрабiў нешта такое, як ахвяраванне ўласнага сына, каб той утаймаваў Яго гнеў на бязбожных людзей; пазiцыю Ісуса ў гэтай справе выражае хутчэй прыпавесць аб блудным сыну, якога радасна прымае бацька, замест таго каб караць за даўнiя правiны.

Аўтар робiць нацiск на раннi разрыў Ісуса з Ерусалiмскiм храмам; рытуал апускання ў ваду, уведзены Янам Хрысцiцелем, ужо быў такiм разрывам, таму што яго хрост, у адрозненне ад рытуальнага абмывання габрэяў, быў аднаразовым актам ачышчэння пасля вызнання грахоў. Прымаючы хрост з рук Яна, Ісус фактычна адышоў ад храму, што i пацвярджаў у далейшым жыццi, асаблiва ў Ерусалiме.

Я натую толькi вытрымкi з гэтай надзвычай цiкавай кнiгi, дзе ўсе важныя падзеi з жыцця Ісуса iдуць у храналагiчным парадку i iмавернасцi кожнай прысвечаны асобны разгляд, пры шматлiкiх тлумачэннях, звязаных з культурным фонам. Аўтар, паўтaраю, веруючы каталiк; як гэта запэўнiванне гучыць у вушах арбiтраў навуковых даследаванняў («даследаванне», як вядома, па–лацiнску inquisito), меркаваць не мне. Гэта дасканала напiсаны i вельмi варты таго, каб яго прачыталi, аповед аб чалавеку, роўных якому свет не бачыў i якi скiраваў чалавечую гiсторыю на новыя шляхi.

* * *

Kultura 1-2/1995. З польскай мовы пераклаў Валерка Булгакаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?