Пасля абрання на пасаду старшыні ЗБС «Бацькаўшчына» Алена Макоўская адказала на пытанні «НН».

«Наша Ніва»: Задаволеныя працай з’езду?

Алена Макоўская: Як арганізатару мне вельмі цяжка выказаць аб’ектыўнае меркаванне. Бо на нас леглі ўсе арганізацыйныя моманты, мы вельмі перажывалі, каб усё прайшло на высокім узроўні. Думаю, пра ўражанні хутчэй трэба пытацца ў дэлегатаў. Мы ж, арганізатары, лічым, што ўсё прайшло нармальна.

«НН»: А як Вам прадстаўнічасць уладаў на мерапрыемстве?

АМ: «Бацькаўшчына» вельмі доўгі час апелявала да ўладаў у плане вырашэння пытанняў беларускай дыяспары. Я лічу лагічным і заканамерным, што мы нарэшце былі пачутыя і да нас прыйшоў міністр культуры, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей. Мы спадзяемся, што наконт тых пытанняў, якія былі агучаныя на з’ездзе, будуць прынятыя канструктыўныя рашэнні.

«НН»: А ў чым у будучыні могуць перасякацца інтарэсы «Бацькаўшчыны» і дзяржаўных установаў?

АМ: «Бацькаўшчына» найперш прадстаўляе інтарэсы сяброў нашай арганізацыі, а іх вельмі шмат, яны раскіданыя па ўсіх кантынентах. Гэта людзі розных палітычных поглядаў, розных канфесій, пакаленняў. Аднак іх аб’ядноўвае любоў да сваёй краіны, і яны могуць даць вельмі шмат Беларусі. Дзяржаўны інтарэс заключаецца ў падтрымцы гэтых людзей, бо гэта наш інтэлектуальны патэнцыял, яны могуць ствараць пазітыўны імідж краіны ў свеце.

«НН»: Леанід Гуляка выказаў шкадаванне, што не прагучала прапановаў аб супрацоўніцтве ў эканамічнай галіне.

АМ: Такое пытанне можа і павінна стаяць. Была секцыя бізнесменаў, дзе былі, як прадстаўнікі дыяспары, так і нацыянальнага бізнесу. Гэта і можа быць першым крокам у супрацоўніцтве. Але хачу сказаць, што першы крок насустрач беларусам замежжа павінна зрабіць беларуская дзяржава. Калі гэты крок будзе істотны, то беларусы з усяго свету абавязкова на яго адгукнуцца.

«НН»: З’езд прайшоў. Цяпер чарга за руціннай працай. Якія галоўныя пытанні стаяць на парадку дня арганізацыі?

АМ: Першасная задача — выконваць прынятую праграму з’езду. Таксама гэта праца адносна прыняцця Закону «Аб беларусах замежжа». Працы вельмі багата, і шмат дзе мы будзем звяртацца да прадстаўнікоў улады, бо без іх станоўчых адказаў немагчымае вырашэнне праблем.

«НН»: Перад з’ездам было досыць шмат размоваў адносна прыходу ў арганізацыю Аляксандра Казуліна, падтрымка «Бацькаўшчынай» парасонавай арганізацыі «Беларускі дом», што стварае экс‑кандыдат на пасаду прэзідэнта.

АМ: Размоваў было шмат, шмат поглядаў. Але давайце глядзець на рэальныя рэчы. З’езд прайшоў канструктыўна, станоўча, прынятыя дакументы. Людзі задаволеныя — і гэта самае галоўнае.

«НН»: Чакалі такую адзінагалосную падтрымку?

АМ: Я не думала пра гэта, але мне было надзвычай прыемна.

***

Алена Макоўская нарадзілася ў 1972 годзе ў Кобрыне. Скончыла Лінгвістычны універсітэт і Акадэмію кіравання пры Савеце міністраў. Адразу па атрыманні вышэйшай адукацыі — у 1994 годзе — прыйшла працаваць у ЗБС «Бацькаўшчына». На трэцім з’ездзе беларусаў свету ў 2001 годзе абрана на пасаду старшыні рады міжнароднага грамадскага аб’яднання ЗБС «Бацькаўшчына». Ад ліпеня 2009 году — старшыня арганізацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?