Фота «Кур'ер-інфо» (Слуцк).

Фота «Кур'ер-інфо» (Слуцк).

Адзін чалавек загінуў, чацвёра — атрымалі апёкі ў выніку ўцечкі аміяку на Слуцкім мясакамбінаце.

Як паведаміў БелаПАН прэс‑сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі, інфармацыя аб НЗ на мясакамбінаце паступіла 18 ліпеня ў 13.13.

У выніку разгерметызацыі трубаправода халадзільнай камеры адбылася ўцечка 200 кілаграмаў аміяку, які распаўсюдзіўся па тэрыторыі цэху. Адна супрацоўніца прадпрыемства загінула, яшчэ чацвёра — тры жанчыны і мужчына — атрымалі апёкі. Адна з пацярпелых знаходзіцца ў цяжкім стане.

У ліквідацыі наступстваў НЗ было задзейнічана больш за 50 ратавальнікаў МНС. Яны асаджвалі аміяк з дапамогай «воднай заслоны» і адпампоўвалі аміячную ваду. «Дзякуючы дакладным своечасовым дзеянням ратавальнікаў, аміячнае воблака не распаўсюдзілася за межы камбіната і пагрозы прылеглым жылым дамам не было», — сказаў прэс‑сакратар.

Паводле яго слоў, «папярэдняй прычынай НЗ стала ўцечка ў месцы зварачнага злучэння». «Магчыма, было няякаснае зварачнае шво, але гэта — папярэдняя версія», — падкрэсліў Навіцкі. Расследаваннем прычын здарэння займаецца спецыяльна створаная камісія.

Цяпер ліквідацыя наступстваў НЗ прадаўжаецца. З выкарыстаннем спецыяльных дымасосаў ратавальнікі адпампоўваюць паветра з памяшкання цэху, на месца ўцечкі ўстаноўлены бандаж. Канцэнтрацыя аміяку ў паветры на гэты момант перавышае дапушчальны паказчык у 5 разоў.

На думку супрацоўнікаў прадпрыемства, ахвяраў было б нашмат болей, каб аварыя здарылася ў будні дзень.

АГ; БелаПАН

Падрабязнасці і фотарэпартаж

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0