20.07.2009 / 11:22

Басовішча ў рэжыме эканоміі 7

Крызіс не абмінуў сваёй увагай і фэст у Гарадку, але падаецца, што арганізатары здолелі правесці юбілейны канцэрт на належным узроўні.

Крызіс не абмінуў сваёй увагай і фэст у Гарадку, але падаецца, што арганізатары здолелі правесці юбілейны канцэрт на належным узроўні.

Дарога на Басовішча не абышлася без дробных непрыемнасцяў. На памежным пераездзе ў Баброўніках давялося паўдзельнічаць у мерапрыемствах па асабістым доглядзе. Як высветлілася потым, нашы памежнікі ў пошуках наркотыкаў праверылі не адно аўто. Аднаго з удзельнікаў гурту «Sok» завярнулі на мяжы праз пытанні з ваенкаматам.

Гарадок сустрэў натоўпамі маладых і ня вельмі людзей з намётамі і заплечнікамі. Большасць людзей былі апранутыя ў саколкі з сімволікай Басовішча за розныя гады. Сапраўдную канкурэнцыю потым ім складуць навюткія саколкі з лагатыпам Радыё Рацыя, якія разам з сувенірнымі торбамі будуць бясплатна раздаваць на фэсце.

Для мяне дваццатае Басовішча было першым, таму шмат у чым давялося давяраць вопыту сталых басоўшчыкаў. Яны не падманулі — першы дзень быў насычаны алкаголем і да канца праграмы дацягнулі далёка не ўсе. Перасоўванні па неасветленай тэрыторыі ўскладнялася з‑за хаатычна параскіданых целаў «стомленых» півам ды гарэлкай гулякаў.

Першы фестывальны дзень зацягнуўся да раніцы наступнага дня. Начаваць у намётавым мястэчку досыць няпроста: калі побач нехта не хроп, то абавязкова піў гарэлку і гучна абмяркоўваў з сябрамі надзённыя пытанні. І, вядома, без перапынку наладжваліся беларуска‑польскія сувязі: «А ты пераспаў з той полькай? Не? А чаго ж ты сюды прыпёрся?». «А як па‑беларуску будзе «шкарпэткі?».

Другі дзень абяцаў вяртанне ў мінулае — на сцэне мусілі прагучаць песні пачынальнікаў Басовішча. Такую місію на сябе ўзялі «Палац», для якога гэта быў семнаццаты фестываль. «Крама» на час ператварылася ў «Бонду», «Мроя» — у «N.R.M». «Дыназаўры» не схібілі. Варта было бачыць твары змоўклых маладзейшых, чым сам фэст, ягоных удзельнікаў, калі ў зялёным святле за клавішамі з’явіўся Лявон Вольскі. Але ўжо «Краіну крывавых дажджоў» спявалі ўсім натоўпам. Польскія зоркі «Lao Che» ўзнялі хмары пылу перад сцэнай, такія былі танцы. Пэўнай нечаканасцю для сталай публікі былі «Дзецідзяцей» з беларускамоўнай праграмай. Шчыльнае гучанне, моцны вакал, вар’яцкія скокі па сцэне — Ганна Хітрык перадала магутнае прывітанне Вераніцы Кругловай часоў ранейшых «Крыві».

Крызіс ударыў і па Басовішчы. Па словах адной з арганізатарак фэсту Касі Кузьміч, многія спонсары ў апошні момант адмовіліся дапамагаць, таму давялося клапаціцца пра самае пільнае.

Сапраўды, у гэтым годзе, як заўважаюць сталыя наведнікі канцэрту, не было экранаў на сцэне, дый сцэна была адна, паменшала аховы. Чуліся нараканні на якасць гуку і занадта доўгае наладжванне апаратуры паміж выступамі. Варта ўлічыць той момант, што новае кіраўніцтва БАСу мела ўсяго чатыры месяцы на падрыхтоўку

Адной з істотных праблемаў стала візавае пытанне — польскі кансулат у Гродне, які адзіны сёлета выдаваў візы, задаволіў толькі 600 заявак з 1060. Па інфармацыі арганізатараў, разам з польскімі суродзічамі, беларусы на фэсце складаюць амаль што большасць.

Кажучы пра інцыдэнты ў часе фэсту, Кася Кузьміч падкрэсліла, што сюды прыязджаюць самыя розныя людзі — нехта паслухаць музыку, пазнаёміцца з новымі людзьмі, а нехта паскандаліць, ці ўкрасці тэлефон. «Але ў гэтым пытанні да беларусаў пытанняў у аховы няма» — запэўніла яна. На фэсце здарыўся непрыемны выпадак — некалькі мясцовых моцна збілі маладафронтаўца Ігара Шчакарэвіча.

Гэтым разам было меней і нацыянальных сцягоў — менш за дзесятак. Не было і польскіх, і чэшскіх, якія стала прысутнічалі на ранейшых фестывалях.

Затое прыцягвалі ўвагу аўто вакол фестывальнага гарадка — навюткія BMW з мінскімі нумарамі.
Па словах старажылаў фэсту, раней людзі траплялі на фэст больш цягнікамі ды аўтобусамі, цяпер жа аўто з беларускімі нумарамі робіцца ўсё болей.

Вядоўца фэсту Віктар Шалкевіч на гэтыя дні быў запрошаны на два вяселлі і на З’езд беларусаў свету. «Некалі на Басовішчы музыкі гралі за ідэю, яны не былі такія сквапныя, як зараз. Гэта былі сустрэчы беларускамоўных людзей па абодва бакі мяжы» — прыгадаў ён. Віктар выглядаў трохі расчараваным: «Мы хацелі заправіць сёлета на сцэну ўсіх тых, хто быў тут 20 гадоў таму, але не атрымалася». Ён кажа, што наступны фэст будзе кардынальна новым.

Подых крызісу адчулі многія ўдзельнікі юбілейнага Басовішча. Але многіх гэтыя выпрабаванні не засмуцілі. Ігар з Гродна, які не прапускае фэсту ад 2002 году, выглядаў задаволеным: «Ужо сумую і чакаю наступнага году». З ім цяжка не пагадзіцца — неперадавальнай атмасферы фестывалю ў Гарадку, здаецца, не здольны нашкодзіць ніякі крызіс.

Сямён Печанко, Гарадок‑Мінск

0
Ne veru / Адказаць
20.07.2009 / 14:59
Обычные гопники, нажраться и потрахаться. Только что "па-беларуску", ай-ай-ай. Ничего хорошего. А когда то Позьняк говорил: "Пачнице "перабудову" з СЯБЕ". Но пьяным "беларускамоуным" молокососам это не интересно.
0
Scooter / Адказаць
20.07.2009 / 15:09
Дзякуй, выправілі. Рэд.
0
Сяржук / Адказаць
20.07.2009 / 15:30
Дзякуй, выправілі. Рэд.
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру