Паэт‑блукальнік Славамір Адамовіч перасёк мяжу, але звестак пра яго няма.

Знакаміты паэт Славамір Адамовіч, які 7 гадоў пражыў у Нарвегіі ў статусе ўцекача, меў быў у суботу перасячы польска‑беларускую мяжу. Але пакуль паэт не аб’явіўся.

Адамовіч перад гэтым неаднаразова прадказваў «скандал», бо вяртаецца без неабходных дакументаў. Тэрмін дзеяння ягонага беларускага пашпарту скончыўся яшчэ ў 2007 годзе, а дабрацца да кансуляту ў Стакгольме ў яго не было сродкаў.

У прэс‑службе Дзяржаўнага памежнага камітэта РБ «Нашай Ніве» адказалі, што грамадзянін Адамовіч Славамір без усялякіх праблемаў перасёк мяжу 18 ліпеня ў Гродне.
Кіраўнік прэс‑службы Аляксандр Цішчанка быў вельмі абураны паводзінамі Адамовіча перад прыездам. Ён сказаў, што быў чытаў ЖЖ Адамовіча і не разумее заявы паэта наконт таго, што яго нібыта могуць не пусціць у Беларусь. «Кожны грамадзін Беларусі можа вярнуцца ў сваю краіну, нават калі тэрмін дзеяння пашпарту скончыўся».
Датэлефанавацца да самога паэта мы пакуль не здолелі. Ягоны нарвежскі тэлефон у панядзелак быў адключаны. Нумар ягонай сястры не адказваў, а мама Юзэфа ў Альхоўцы (Мядзельскі раён) тэлефона не мае.

Спадзяёмся, што ў паэта ўсё добра і ён проста ўзяў паўзу, вярнуўшыся нарэшце дахаты пасля шматгадовых блуканняў. А свая хатка яна ж як родная матка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?