Faith, In search for, БМА‑груп, 2009.

Ян Жанчак пайшоў па шляху Ялфімава — пайграў у «Песнярах» ды ўзяўся за сольны хард‑рок‑праект. Дэбютнік «Faith» можна назваць старамодным у станоўчым сэнсе. Па гучанні ён нагадвае апошнія альбомы Deep Purple (на гітары яўны паслядоўнік Стыва Морса). Недзе побач прабягаюць Мэрк’юры, Мулявін і Уотэрс. Відаць, за аснову альбому ўзяты саўндтрэк да эксперыментальнага спектаклю Ларысы Сімаковіч — таго, дзе Святлана Зелянкоўская выконвала ролю Максіма Багдановіча (ці гэтая музыка была проста скарыстаная ў «Дні Багдановіча»).

Жанчак — вакаліст і меладыст не абы‑які. Яго музыка трапляе ў самае сэрца, асабліва «Skyes in your Eyes» і цэнтральная тэма «Дня Багдановіча» — «Каханне», выкананая разам з Сімаковіч.

А вось «Пі да дна» на Арсенневу гучыць надта ўжо штучна. Шкада, што вакальныя магчымасці кіраўнічкі «Госціцы» болей не скарысталі, яна эпізадычна з’яўляецца яшчэ ў двух трэках.

«In search for» яўна любяць вялікія музычныя формы — пяты і дзесяты трэкі па дзесяць хвілінаў кожны. Маштабнасць падачы вымагае дасканаласці гучання, але з гэтым якраз праблема. Усе шурпатасці выдатны голас Жанчака не здольны прыкрыць. І яшчэ адно — дыск не пакідае цэласнага ўражання. Адчуванне, што музыкі, пры ўсёй любові да такога кшталту музыкі, пакуль не знайшлі сябе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?