Вярхоўны суд Беларусі не задаволіў скаргу аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) у сувязі з нерэгістрацыяй партыі Міністэрствам юстыцыі.

Такое рашэнне прыняў 22 ліпеня суддзя Вярхоўнага суда Валерый Самалюк. Суд палічыў, што парадак стварэння партыі быў парушаны.

У прыватнасці, яе заснавальнікамі дапушчаны парушэнні пры правядзенні з’езда 28 лютага. Суд пагадзіўся з інфармацыяй Мінюста аб тым, што фактычная колькасць дэлегатаў з’езда не адпавядала колькасці, указанай ў пададзеных у Мінюст спісах.

Акрамя таго, суд прыняў да ўвагі тое, што ў спісах заснавальнікаў партыі фігураваў грамадзянін Расіі, што забаронена беларускім заканадаўствам. Суд таксама ўлічыў, што сродкі, пералічаныя арганізатарамі БХД у якасці дзяржаўнай пошліны, паступілі не на той рахунак, на які меліся быць пералічанымі. Пры гэтым суд не прыняў да ўвагі паказанні сведак з боку аргкамітэта БХД і палічыў, што «яны не адносяцца да справы».

Каментуючы БелаПАН рашэнне Вярхоўнага суда, сустаршыня аргкамітэта Аляксей Шэін назваў яго палітычным і заявіў, што актывісты БХД прадоўжаць дзейнасць незалежна ад судовага вердыкт.

Адказны сакратар аргкамітэта Дзяніс Садоўскі паведаміў, што заснавальнікі арганізацыі не маюць намеру адмаўляцца ад спробаў зарэгістраваць яе, і найбліжэйшым часам пройдзе новы ўстаноўчы з’езд.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0