Чарговы раз цікавасць прэсы прыцягнуў вядомы шведскі торрэнт‑трэкэр The Pirate Bay («Пірацкая бухта»).
Нагадаем, вядомы рэсурс праславіўся велізарнымі аб’ёмамі вольных для спампоўвання файлаў, у тым ліку і абароненымі аўтарскімі правамі. Гучны судовы працэс у лютым‑красавіку 2009 г. супраць каманды заснавальнікаў скончыўся фактычнай перамогай апошніх. У Швецыі была нават створана Партыя Піратаў, каторая здолела правесці нават двух сваіх прадстаўнікоў у Еўрапарламент і налічвае бліз паўмільёна прыхільнікаў.
17 ліпеня было абвешчана, што рэсурс будзе прададзены кампаніі Global Gaming Factory за $7,8 млн. Прадстаўнікі GGF адразу ж абвясцілі аб жаданні максімальна легалізаваць The Pirate Bay: перавесці на новую платформу, зрабіць партал легальным і сумленна адлічваць аўтарскія праваўладальнікам. Легальнасць дзейнасці партала ёсць галоўнай умовай для будучых уласнікаў.
Канчатковыя моманты здзелкі меліся быць завершаныя ў жніўні.
Аднак сёння стала вядома аб верагоднай адмене усіх дамоўленнасцяў.
Пакуль канчаткова невядома чым гэта выклікана, але дзве асноўныя версіі цалкам заканамерныя: кампанія Global Gaming Factory наўрад ці захоча рызыкаваць сваёй рэпутацыяй дый ня факт, што ёй удалося б прыцягнуць інвестараў у такі «сумнеўны» пражэкт. І наадварот, каманда распрацоўшчыкаў партала магла сарваць дамоўленнасці, бо неаднаразова падкрэслівалі, што продаж парталу аніяк не зменіць ягонай працы.