Пра гэта паведамілі ў Жыткавіцкім райвыканкаме. З Сяргея Аліферовіча і Ігара Макарэвіча знялі судзімасць і яны ўжо працуюць.
Супрацоўніца Жыткавіцкага райвыканкама: «Яны патрапілі пад прэзідэнцкі ўказ. Іх цалкам вызвалілі і знялі судзімасць. Яны ўжо, хлопцы, на працы».
Начальнік аховы грамадскага правапарадку Жыткавіцкага РАУС пацвердзіў, што Аліферовіча і Макарэвіча памілавалі:
«Гэта быў акт памілавання. Там мусіць быць указана, што памілаванне са зняццем крымінальнай адказнасці».
Міліцыя ўжо ніяк не будзе за імі сачыць. Бо яны цалкам вызваленыя.
***
Як вядома, 9 ліпеня Аляксандр Лукашэнка памілаваў 21 асуджанага да пазбаўлення волі, аднак, гэты указ «засакрэцілі» і не апублікавалі на сайце прэзідэнта.
«Ён не будзе выходзіць на сайце. І не даваўся ў прэсу. Чаму, мы не ведаем, нам яго самім не давалі», — паведамілі ў прэс‑службе прэзідэнта.
Нагадаем, двое жыхароў вёскі Пухавічы Сяргей Аліферовіч і Ігар Макарэвіч былі асуджаныя адпаведна на 5 і 3 гады пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму за забойства свайго аднавяскоўца Мікалая Макарэвіча, якога падазравалі ў падпалах.