Закон, які дазваляў спаліць чалавека на вогнішчы за вядзьмарства, быў скасаваны на беларускіх землях толькі ў канцы XVIII ст. Піша Віталь Быль.

Напярэдадні Вялікадня 1643 году над прадмесцямі Полацку вецер гнаў пасмы цёмна‑шэрага дыму. Пабожныя мяшчане, гледзячы на іх, жагналіся: сёння на полі за горадам палілі цела чараўніка Васіля Брыкуна. Суд над ім цягнуўся амаль месяц і ўзрушыў люд паспаліты. Дасціпны адвакат спрытна разбіваў доказы абвінаваўцаў і сведкаў, кат не мог дабіцца ні слова ад падсуднага. Але шкодніцкае чарадзейства было выкрытае. Вырак суровы: катаванні і вогнішча. Людзі перадавалі адзін аднаму: чарадзей той на сябе рукі наклаў у турме, сам сабе горла перарэзаў, пайшоў да свайго гаспадара — д’ябла…

Расправы з чараўнікамі ў Вялікім Княстве Літоўскім не былі такой пашыранай з’явай, як у Заходняй Еўропе. Але паляванне на вядзьмарак не абышло і нашых земляў. У судовых кнігах, у летапісах і мемуарах, у народнай памяці занатаваныя сведчанні той неспакойнай эпохі.

ВКЛ апынулася на мяжы праваслаўнага і каталіцкага светаў.

Праваслаўе, што ў сваім народным варыянце ўвабрала багата паганскіх элементаў, вызначала духоўны свет тутэйшага люду, у той час як каталіцтва ўсё больш уплывала на пісьмовую і арыстакратычную культуру.

Разам з каталіцтвам прыходзяць лаціна, рымскае, гарадское і каталіцкае кананічнае права, а таксама дэманалагічныя ўяўленні. У 1436 г. у ВКЛ пачаў дзейнічаць трыбунал Святой інквізыцыі. Праўда, шырока інквізіцыя тут не разгарнулася. Нават у Кароне Польскай суд быў у руках не так айцоў‑інквізітараў, як мясцовых царкоўных феадалаў. Але, калі верыць Міколу Гусоўскаму, тыя дзейнічалі з сапраўдным інквізітарскім энтузіязмам. У «Песні пра зубра» ён піша, што ведзьмакоў

    …катуюць люта,
    Перш чым спаліць ці ўтапіць, як і тых вінаватых,
    Хто з імі знаўся і ведаў аб чарах вядзьмацкіх,
    Ды не данёс у царкву на нячысцікаў грэшных.
    Хопіць таго, каб прайшлі, пракаціліся дзейкі:
    Там той вядзьмачыць
    ці знаецца з д’ябальскай сілай —
    Зараз жа суд і расправа…

Іншая сітуацыя была на ўсходзе Беларусі, куды не дайшлі яшчэ інквізіцыйныя нормы і дзе былі моцныя мясцовыя прававыя традыцыі. Пра гэта сведчыць віцебская справа 1534 г., калі выкрытая вядзьмарка была пакараная толькі выгнаннем з гораду.

Перадавы еўрапейскі досвед

Сапраўднае ж паляванне на вядзьмарак пачынаецца толькі тады, калі дзяржава бярэ гэтую справу ў свае рукі.

У ІІІ Статуце ВКЛ шкоднае чараўніцтва стаіць у адным шэрагу з разбоем, згвалтаваннем, падпалам ды іншымі цяжкімі злачынствамі і караецца «горлам» — смерцю.

Але падрабязнасцяў падобных справаў заканатворцы ВКЛ не дапрацавалі. І тут на дапамогу разгубленым барацьбітам са злом прыходзіў перадавы еўрапейскі досвед. Суддзі і следчыя шукалі адказы на пытанні ў артыкулах магдэбургскага і цэсарскага (рымскага) права, неацэнную дапамогу прыносіў несмяротны опус нямецкіх інквізітараў‑практыкаў Шпрэнгера і Інстыторыса «Молат ведзьмаў», які быў перакладзены ў 1614 г. на даступную польскую мову.

За пяро ўзяліся і аўтары з Рэчы Паспалітай. «Правіннасць права чартоўскага супраць роду чалавечага», «Чараўніца абвінавачаная, альбо Кароткая навука і перасцярога з боку чараўніц», «Перасцярогі духоўныя суддзям, інвестыгатарам і інстыгатарам» — няпоўны пералік працаў, што выходзілі з друкарскіх варштатаў.

З пачатку XVІІ ст. паспаліты люд таксама пачынае падазрона азірацца навокал. Нехта ноччу абліў вадой сцяну хаты, у бочцы з вадой з’явіўся пук валасоў — і мешчанін бяжыць са скаргай на чары ў найбліжэйшы суд. Нават прусакі, як сведчаць судовыя запісы, маглі падацца якому палахліваму літвіну магічнай зброяй зламыснікаў. А калі сям’ю ды гаспадарку апанавалі няўдачы — дык гэта несумненна справа рук ведзьмака.

Чараваць можна, рабіць шкоду — не

Адначасова людзі шырока карысталіся паслугамі чараўнікоў. Найбольш папулярнай была варажба. Сяляне, мяшчане, нават шляхта аб чым толькі не варажылі: аб ураджаі, прыплодзе жывёлы, аб уласным здароўі, часе смерці. Ну і, канечне, ва ўсе часы дзяўчаты і кабеты ўсіх станаў запытвалі таемныя сілы аб замужжы, каханні, дзецях і г.д.

Кожны дарослы, не абавязкова варажбіт, ведаў замовы на розныя выпадкі жыцця і звязаныя з імі рытуалы. Усё гэта не разглядалася як злачынства, але магло выклікаць падазрэнне. А калі, крый Божа, падазрэнні дойдуць да суду, то паны‑суддзі у самай бяскрыўднай замове знойдуць д’ябальшчыну.

Распуста і вядзьмарства

«Распусце вядзьмарства, аднак, часцей аддаюцца жанчыны», — зазначае Мікола Гусоўскі, абазнаны ў ведаўскіх тэорыях лацінскага свету. Так, і ў Вялікім Княстве жанчыны лічыліся больш здольнымі да пэўных відаў магіі. Тагачасныя знаўцы адрознівалі вядзьмарак і чараўніц: чараўніца можа шкодзіць, а можа дапамагаць людзям, ведзьма ж знаходзіцца ў шчыльных стасунках з нячыстай сілай.

Часта з чарадзействам звязвалі прадстаўніц «найстаражытнейшай прафесіі» — блудніцаў. У пэўнай меры гэта звязана з сярэднявечнымі ўяўленнямі пра іх сэксуальныя зносіны з д’яблам. Царква вучыла паству, што блудніца — інструмент і памагатая Сатаны. Таму не дзіўна, што на іх даносілі родзічы кліентаў: а як жа яшчэ патлумачыць, чаму ненаглядны сыночак ці верны муж раптам кінуўся ў абдымкі распусты. Канечне, вінаватыя чары!

Вядзьмак — гэта сямейнае

Але самымі моцнымі чарадзеямі ў ВКЛ лічыліся мужчыны. З магіяй атаясамлівалі прадстаўнікоў пэўных несельскагаспадарчых прафесій, звязаных з касмічнымі стыхіямі: агнём, вадой, зямлёй (глінай) і паветрам: пчаляроў, кавалёў, млынароў, нават цесляроў. Таксама чараўнікамі лічылі музыкаў, найперш дудароў.

З народнай традыцыі і судовых справаў вядома, што чараўнікі адрозніваліся па сваёй моцы, былі «старэйшыя» і «малодшыя». Існавалі нават цэлыя чараўніцкія кланы, дзе таемныя веды перадаваліся з пакалення ў пакаленне найбольш здольным нашчадкам ці давераным вучням. Так, калі ў Браславе ў 1615 г. судзілі чараўніка Тумеля Дарадундэнаса, суседзі даводзілі суддзям, што яго сям’я і сваякі здаўна займаюцца чарадзействамі, а з яго продкаў аж трыццаць душ за гэта трапіла на вогнішча. Урэшце ўслед за продкамі выправіўся і сам Тумель: быў спалены, як тады казалі, «на стосе».

Сам працэс

Калі ведзьмака хапалі «за руку» на месцы злачынства, то судзілі без доўгіх цырымоній, усёй грамадой ды па старажытных звычаях — так званым копным судом. Абвінавачаны мог адмаўляцца: маўляў, чараў ніякіх не ведаю, а карова ў суседа сама здохла, мо з’ела штосьці не тое. Тады працэс ускладняўся, даводзілася выклікаць спецыяліста па перакананні — тутэйшага ката‑«містра». А калі ўжо і ён не даваў рады або справа была занадта складаная, адсылалі ў павятовы гродскі суд — хай начальства разбіраецца.

Судовы працэс пачынаўся са скаргі, якую падаваў пацярпелы. У першай палове XVII ст. скаргі ахвяраў чараўніцтва найчасцей проста занатоўвалі ў судовыя кнігі і пакідалі без належнага разгляду — відаць, паны пісары толькі пасміхаліся ў вусы з забабонаў простага люду. Але іх наступнікі да падобных з’яваў ставіліся куды больш адказна.

Абвінавачанаму суд задаваў пытанні (т.зв. interrogatoria), прычым адказы на іх вымагаў нават сілай. Допыт быў вусны (libera executio) і цялесны (corporalis executio).

Следчых цікавілі наступныя пытанні: як навучыўся чараваць, ад каго і як даўно? Калі і як чараваў? Якіх чараўнікоў ведаеш? Дзе твая Лысая гара для шабашаў? Пасля допыту адбываліся катаванні, якія па законе можна было паўтараць тры разы. Часам «нізкапаклонства перад Захадам» — механічнае капіяванне інквізіцыйных прыёмаў — прыводзіла да таго, што катаванні ўчыняліся без усялякай патрэбы, нават калі віна была даказаная і ўсе неабходныя звесткі атрыманыя. Напрыклад, так было ў згаданай гучнай полацкай справе Васіля Брыкуна.

Пасля допыту адбывалася апытанне сведкаў: ці не згадаюць яны якіх падазроных паводзін, словаў, пагроз. «Пахвалкі»‑праклёны самі па сабе выступалі як наўмысна шкодныя дзеянні, бо слова ў вуснах чараўніка мела вялікую сілу. Да следства падключалі і ўскосных сведкаў, якія самі не мелі ад чараўніка шкоды, але чулі аб розных здарэннях. І сведкі сведчылі… Сведчылі пра Максіма Знака з‑пад Гародні, што, адняўшы розум, прымусіў ахвяр ламаць печы і грызці камяні. Сведчылі пра палачаніна Брыкуна, у якога лёталі дровы, а нахабнік, што палез да ягонай жонкі, раптоўна быў вымушаны абдымацца з гарачым комінам…

Невінаваты патоне

Часам для высвятлення віны выкарыстоўвалі такую папулярную ў Еўропе «экспертызу», як выпрабаванне вадой.

Лічылася, што чыстая вада не прыме чараўніка.

Так, падчас згаданай браслаўскай справы 1615 года трох падазраваных, звязаўшы, кідалі ў ваду, але ў тых ну ніяк не выходзіла патануць. Тады быў праведзены «следчы эксперымент»: укінуты ў ваду крыштальна сумленны чалавек адразу пайшоў на дно, ажно ледзьве яго ўратавалі. Такім чынам узрушанаму народу стала абсалютна відавочная віна падсудных.

Як у любым расследаванні, вырашальную ролю мелі рэчавыя доказы. Падчас абшуквання следчыя шукалі нешта незвычайнае, што, на іх думку, магло быць звязана з чарамі. Шукалі — і знаходзілі: мяшэчак з канапляным зернем, скрутак з пяском і перцам ды іншыя «жахлівыя» прадметы.

Прысудам было, як правіла, спаленне на вогнішчы. Агню ў народнай свядомасці прыпісвалася ачышчальнае дзеянне. Пры гэтым пакаранне магло суправаджацца пэўнымі рытуальнымі дзеяннямі, напрыклад, часам чараўніка палілі прывязаным да драбінаў: па драбінах абцяжараная грахамі душа можа хутчэй трапіць на той свет.

Спаліць мог нават аканом

Пераследам чараўнікоў часам займаліся і вотчынныя суды, дзе судаводства ажыццяўляў сам пан‑уладальнік ці службовыя асобы яго дваровай адміністрацыі. Антычараўніцкая дзейнасць такога суду залежала ад поглядаў і энтузіязму «паляўнічага».

Напрыклад, у чэрвені 1758 г. аканом аднаго з маёнткаў графа Тышкевіча паведамляе гаспадару, што спаліў шэсць чараўніц і поўны рашучасці працягваць гэтую справу. Прычым іх ён выявіў правераным народным спосабам: калі на святой вадзе з сямі цэркваў варыць кісель, то ведзьмы не ўтрымаюцца і прыйдуць яго прасіць. Там жа згадваецца яшчэ адзін службовец, які спаліў двух чараўнікоў — мужчыну і жанчыну.

Цёмныя сяляне і цёмныя магнаты

Не варта лічыць, што ў чары верылі толькі цёмныя сяляне. Арыстакратыя, палітыкі і палкаводцы звярталіся для вырашэння сваіх задач па дапамогу таемных сіл. Пры каралеўскім двары і дварах важных магнатаў знаходзілі сабе месца алхімікі і астролагі. Злыя языкі шапталіся, што раман Жыгімонта Аўгуста з Барбарай Радзівіл — плён любоўнага зелля. (Як не ўспомніць, што, па легендзе, да чарнакніжнікаў звярнуўся і несуцешны кароль, каб выклікаць з таго свету прывід каханай.) Так ці не, але гэтыя падзеі паклалі пачатак казачнай магутнасці «некаранаваных каралёў» Радзівілаў. Таксама ашаламляльныя поспехі Багдана Хмяльніцкага яго праціўнікі прыпісвалі ўмяшанню д’ябальскіх сіл, выкліканых вядзьмаркай Салохай.

Магіяй паспрабаваў скарыстацца маскоўскі ваявода Хаванскі, які здабываў у 1660 г. замак Ляхавiчы. Гэта была адна з найлепшых крэпасцяў Рэчы Паспалітай. Маскоўцам так была трэба гэтая перамога, што ваявода звярнуўся па дапамогу да мясцовага ведзьмака. І той паабяцаў зачараваць гарматы фартэцыі. Але ці то вядзьмак выявіўся патрыётам і здзейсніў акт сабатажу, ці то чарадзей ён быў нікуды не варты, але абаронцы шчасліва адбілі ўсе атакі. А падаспелыя палкі Чарнецкага і Сапегі неўзабаве ўшчэнт разграмілі няўдачлівага ваяводу.

XVIII стагоддзе прынесла Еўропе дамінаванне веры ў розум, рацыяналізму мыслення, навуковага погляду на свет. З сярэдзіны стагоддзя гэтыя ідэі сталі набіраць сілу і ў Рэчы Паспалітай. Вялікі розгалас атрымаў працэс, які адбыўся у 1775 г. у вёсцы Дарухова на сілезскай мяжы, калі было спалена чатырнаццаць жанчын. Пад уплывам гэтых падзей на сойме 1776 году кароль Станіслаў Аўгуст прапанаваў скасаваць катаванні, а кашталян бецкі Войцех Клюшэўскі — смяротнае пакаранне за чараўніцтва. Сойм гэта адзінадушна ўхваліў. Такім чынам быў пакладзены канец больш чым дзвюхсотгадоваму санкцыянаванаму дзяржавай «паляванню на вядзьмарак».

Віталь Быль

***

Віталь Быль нар. у 1989 г.. Студэнт гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Жыве ў Мінску.