Грамадскі актывіст Віталь Каратыш скончыў сваю службу ў ракетных войсках. Забраны «ў боты» ў ліку палітрэкрутаў, ён падчас службы балатаваўся ў дэпутаты палаты прадстаўнікоў. Як прайшлі салдацкія будні і што рабіць пасля дэмбеля, Віталь Каратыш рассказвае карэспандэнту «НН».

«Наша Ніва»: Раскажы, калі ласка, з якімі адчуваннямі ты ішоў у войска?

Віталь Каратыш: Было страшна. Сапраўды не ведаў, чаго чакаць ад мясцовых уладаў, што будзе далей. Забіралі мяне ў дзень рэгістрацыі маёй ініцыятыўнай групы. Патэлефанавалі з ваенкамата і папрасілі прыйсці. Я думаў, гэта звычайныя фармальнасці. А мяне экстрана правялі па кабінетах і ўручылі позву. Назаўтра я быў ужо ў «ботах».

«НН»: Калі ехаў у частку, як ты сабе ўяўляў войска?

ВК: Калі ехаў, больш хваляваўся, як будзе працягвацца мая выбарчая кампанія. Вісеў увесь час на тэлефоне, каардынаваў збор подпісаў. Я не губляў надзеі, што змагу вырвацца на выбары. Чым бліжэй пад’яжджаў да часткі, тым больш станавілася страшна. Я думаў, калі мяне забіраюць настолькі гвалтоўна, не выключана, што мяне чакае вельмі суровая служба.

«НН»: Як цябе сустрэлі салдаты?

ВК: Нармальна.

Салдаты збольшага не разумелі, у чым сітуацыя. Усе ведалі, што нейкая надзвычайная гісторыя з гэтым прызыўніком: цікавіліся, некаторыя спачувалі. А вось афіцэры і прапаршчыкі, хто быў у курсе справаў, ставіліся насцярожана. Яны ж ніколі не бачылі раней апазіцыянера. Было цікава: якія погляды ў мяне, чым займаюся, як насамрэч выглядаюць апазіцыянеры, пра якіх кажуць па тэлебачанні.

«НН»: Як у цябе атрымалася сумясціць выбарчую кампанію і службу ў войску?

ВК: Пакуль я служыў першы месяц, мая ініцыятыўная група сабрала подпісы і мне заставалася толькі зарэгістравацца кандыдатам ў дэпутаты. Гэта трэба зрабіць непасрэдна мне у акружной камісіі Лунінца. Але згодна з вайсковым статутам мяне мелі права не адпусціць. Толькі дзякуючы інфармацыйнай хвалі, якую паднялі СМІ, пра «салдата-кандыдата ў дэпутаты», мне далі магчымасць з’ездзіць і зарэгістравацца.

«НН»: Як цябе праводзілі на выбары саслужыўцы і як сустрэлі з пройгрышам?

ВК: Мяне праводзілі, жадалі поспехаў і перамогі. Дзяліліся, што хацелі б змяніць у нашым заканадаўстве. А калі вяртаўся назад, я не ведаў яшчэ вынікаў. Таксама даведаўся і пра факты парушэння выбарчага кодексу. Саслужыўцы цікавіліся, як усё прайшло. Цікавіліся сістэмай як стаць дэпутатам, запытвалі ці буду я далей прарывацца ў галіну ўлады, прапаноўвалі дапамогу ў наступных выбарах — усім было цікава са мной паразмаўляць.

«НН»: Якія самыя цікавыя міфы пра апазіцыю ты чуў ад салдатаў?

ВК: Ад салдатаў такіх міфаў не гучала. Яны збольшага слаба ўяўлялі, што такое апазіцыя. А вось з боку афіцэраў і прапаршчыкаў

чуў крыўдныя стэрыатыпы, якія склаліся пра апазіцыю. Але яны збольшага сапраўды маюць рацыю. Напрыклад, пра тое, што апазіцыя не здольная нават аб’яднацца, а што ўжо казаць пра тое, як яна сябе будзе паводзіць, калі прыйдзе да ўлады.
Мне было сорамна за апазіцыю, якую я прадстаўляў там як асоба. Але спадзяюся, што здолеў пераканаць людзей, што ў апазіцыі хапае разумных і кемлівых асобаў, здатных удзельнічаць у кіраванні дзяржавай.

«НН»: Ці прапаноўваў вайсковым сябрам далучыцца да тваёй палітычнай дзейнасці?

ВК: Агітацыі не праводзіў. Я проста паказваў усім сваю пазіцыю, з якой там усе былі згодныя. Пазіцыя нашай апазіцыі даволі зразумелая, проста выказваюць яе чамусьці на незразумелай людзям мове.

Мне даводзілася быць нібы перакладчыкам з мовы незразумелых палітычных і эканамічных лозунгаў на людскую мову. А калі простымі словамі я расказваў, чаго хоча апазіцыя, большасць была з усім гэтым згодная.

«НН»: Служба скончылася. Што ты збіраешся далей рабіць?

ВК: Збіраюся вучыцца ў магістратуры і рыхтавацца да наступнай выбарчай кампаніі (на мясцовых выбарах). Але перад гэтым усім вельмі хочацца пабачыць маці, паказацца аднавяскоўцам. Яны цікавіліся, як мне служыцца, праз матулю перадавалі ў войска сала, адна бабулька падарыла ў дарогу малітву. Адпачываць буду, канешне, недоўга, пару дзён, бо я яшчэ ў войску пачаў рабіць планы. Хочацца як мага хутчэй пачаць жыццё грамадскае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?