Падземны пераход на прыпынку «Другое кальцо» быў цалкам пад вадой.

Падземны пераход на прыпынку «Другое кальцо» быў цалкам пад вадой.

Ліўневай каналізацыяй Мінска зоймецца Адміністрацыя прэзідэнта. «Прынята рашэнне аб комплексным абследаванні ўсёй ліўневай сістэмы горада Мінска»,
— паведаміў у эфіры Першага канала 24 ліпеня памочнік прэзідэнта — галоўны інспектар па Мінску Анатоль Калінін.

Паводле яго слоў, запрошаны незалежныя эксперты. «Правядзем маніторынг і зробім захады для таго, каб мінімізаваць праблемы з падтапленнем у горадзе Мінску», — заявіў Калінін.

У выніку моцнай залевы днём 24 ліпеня ў Мінску (раён абсерваторыі) выпала 56 мм ападкаў, што складае амаль 62% месячнай нормы, а ў раёне аэрапорта «Мінск‑1» — 77 мм (85%), паведамілі БелаПАН у Рэспубліканскім гідраметэацэнтры. Зафіксаваны таксама град дыяметрам 1 см.

Паводле інфармацыі прэс‑сакратара МНС Віталя Навіцкага, у сталіцы было падтоплена больш за 50 участкаў вулічна‑дарожнай сеткі, што прывяло да спынення руху транспарту. Некаторы час не працавалі станцыі метро «Парк Чэлюскінцаў» і «Усход».

Выратавальнікі адпампоўвалі ваду з будынкаў першай і трэцяй гарадскіх клінічных бальніц, касцёла Святых Сымона і Алены на плошчы Незалежнасці, універсама «Рублёўскі» на Нямізе.
Было затоплена мноства размешчаных у цокальных паверхах у гэтым раёне кафэ, майстэрняў і кватэр. Поўнасцю апынуўся пад вадой падземны пераход на 2‑м кальцы. Колькасць пацярпелых ад вады аўтамабіляў налічваецца сотнямі.

У ліквідацыі наступстваў стыхіі ўдзельнічала 42 адзінкі тэхнікі і каля 200 супрацоўнікаў МНС, якое было пераведзена на ўзмоцнены варыянт нясення службы. Напярэдадні ў цэнтр горада была перадыслацыравана вадалазная выратавальная служба. З зон затаплення выратавана і эвакуавана больш за 300 чалавек.

Дзмітры Уласаў, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0